05.09.2023 Тэгі: суды, палітвязні, аналітыка, умовы ўтрымання, рэпрэсіі Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.
Палітвязнямі за гэты час былі прызнаныя 27 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1502 чалавек. Таксама за гэты час стала вядома, што адбылі тэрміны і выйшлі Андрэй Клютчэня, Сяргей Клютчэня, Павел Пеннікаў, Аляксей Алікін, Максім Мікуліч.
За мінулыя тыдні стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах тром палітвязняволеным:
- Аляксей Афанасьеў — адзін год калоніі;
- Ларыса Шчыракова — тры з паловай гадоў калоніі;
- Віктар Ламека — тры гады калоніі.
Палітвязня Алега Рубца зноў змясцілі ў ШІЗА
У чэрвені 2022 года па рашэнні наваполацкай суддзі Вольгі Баліка палітзняволенага пінчука перавялі на тры гады з калоніі ў жодзінскую турму № 8. Агулам у штрафным ізалятары за апошні год яго ўтрымлівалі амаль 200 сутак.
Цяпер сваякі палітвязня напісалі ў сацсетках, што Алега зноў змясцілі ў ШІЗА:
"Два месяца!... 60 суток... 1440 часов... В одиночке, "каменном мешке"!
Олег опятьв ШИЗО. Без переписки, звонков, книг.
24/7 сам со своими мыслями, мечтами, надеждами, разочарованиями, но не сломлен духом!!!"
Нагадаем, Рубца затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у пратэстах у Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманні быў моцна збіты. 30 красавіка Алегу прысудзілі 5,5 гадоў калоніі.
Палітзняволенага анархіста Дзмітрыя Рэзановіча 35 сутак утрымлівалі ў ШІЗА
Таксама Дзмітрыя пазбавілі спатканняў і перадач і пагражаюць перавесці на турэмны рэжым, паведамляе тг-канал «Права на паўстанне».
Нагадаем, Дзмітрый быў затрыманы напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.
Стала вядома дата разгляду апеляцыйнай скаргі праваабаронцы Насты Лойкі
Па інфармацыі "Радыё Свабода", з канца 2022 году праваабаронцу трымаюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага. Вядома, што там ёй была патрэбна дапамога стаматолага. Праблема з зубамі дагэтуль не вырашаная.
"Яна накіроўвала скаргі на тое, што дапамогі няма. Суд пагадзіўся, што яе прэтэнзіі абгрунтаваныя, але напярэдадні візыту стаматолага ёй сказалі, што нібыта абсталяванне сапсавалася. Таму праблема засталася", — расказала сяброўка Насты Эніра Браніцкая, якая падтрымлівае з ёй сувязь праз сваякоў.
Паводле звестак ад сукамерніц, ужо больш за два месяцы Насту трымаюць у вельмі цесным памяшканні.
"У камэры не хапае святла, а значыць, ёсць дадатковыя праблемы са зрокам. Увогуле не хапае месца, каб нармальна рухацца. Даводзіцца трываць".
Вядома, што ўжо два месяцы Насту Лойку не выводзяць на прагулкі ў дворыкі, дзе звычайна гуляюць вязні "Валадаркі".
"Раней у адным з тых дворыкаў жанчыны пакінулі для яе надпіс: "Наста, трымайся". Магчыма, пасьля гэтага яе перасталі выводзіць у тыя дворыкі, і цяпер яна гуляе ў асобным маленькім дворыку непадалёк ад яе камэры".
Да яе не даходзяць лісты ад сяброў і ад калег-праваабаронцаў, але Наста шмат чытае і нават пачала вучыць у вязніцы францускую мову.
Вярхоўны суд 3 кастрычніка разгледзіць апеляцыйную скаргу Насты.
Палітзняволены Андрэй Пачобут не атрымлівае лекаў для сэрца і не можа тэлефанаваць дадому
Пра гэта распавёў намеснік старшыні Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.
"Што тычыцца Анджэя, на жаль, сітуацыя вельмі цяжкая. Наступныя шэсць месяцаў правядзе ў камеры для пакарання, беспадстаўна кінуты туды. Так што сітуацыя пагаршаецца. Да яго не пускаюць адваката, не даходзяць лісты, не даюць яму лекі, якія яму патрэбны кожны дзень
Найвялікшая праблема на сёння – гэта адсутнасць інфармацыі, бо да Анджэя не можа трапіць адвакат, не даходзяць лісты, яго пазбавілі магчымасці тэлефанавання дадому. І гэта стварае найвялікшую праблему, бо мы не ведаем, дзе ён цяпер, у якім ён стане і што ўвогуле там з ім дзеецца.
З той інфармацыі, што да нас даходзіць, ён на шэсць месяцаў асуджаны знаходзіцца ў камеры пакарання ў калоніі і не атрымлівае лекі для сэрца, якія патрабуе кожны дзень. Гэта таксама прымушае вельмі непакоіцца".
Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд журналісту Яўгену Меркісу
Суддзя Вярхоўнага суду Уладзімір Чаравач пакінуў апеляцыю палітвязня без задавальнення, піша "Гомельская Вясна".
Нагадаем, 30 траўня Гомельскі абласны суд прысудзіў Яўгену 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).
Паводле прапагандыстаў, Яўген адпраўляў тэлеграм-каналам звесткі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі. Таксама яны паведамляюць, што Меркіс працаваў для тэлеканала Белсат, які ўлады прызналі экстрэмісцкім.
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк спыніла галадоўку
Яе патрабаванні аб больш чалавечых умовах побытовага ўтрымання былі выкананыя. З Рэчыцкага ІЧУ Паліна пераведзена ў СІЗА-3 Гомеля, дзе будзе знаходзіцца да суда. Цяпер ёй зноў можна будзе дасылаць лісты, бандэролі і грашовыя пераводы.
Нагадаем, Паліна павінна была выйсці на волю мінулым летам, але яе асудзілі да яшчэ 1 года калоніі. У красавіку супраць жанчыны завялі ўжо новую справу — зноў за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі".
Фігурантку "справы Рабочага Руху" Ганну Аблаб перавялі ў гомельскую калонію
Ганна — супрацоўніца беларускай чыгункі. Палітзняволенае мае траіх дзяцей, двое з якіх — непаўнагадовыя. Яе затрымалі 22 верасня 2021 года па справе «Рабочага руху». У Гомельскім абласным судзе 17 лютага вынеслі прысуд дзесяці палітзняволеным фігурантам: Ганну асудзілі да 11 гадоў калоніі.
Іх усіх абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Усе палітвязні не прызналі сваёй віны па справе. 11 жніўня МУС унёс палітзняволеную ў "спіс экстрэмістаў".
Днямі Ганну перавялі ў гомельскую жаночую калонію № 4.
Агляд навінаў пра палітвязняў з 8 па 28 жніўня
"Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.
Крыніца: Агляд навінаў пра палітвязняў з 29 жніўня па 4 верасня