05.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, экстрэмізм, вайна ва Украіне У Гомельскім абласным судзе 4 верасня да шасці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў (18 500 рублёў) асудзілі 34-гадовага загадчыка адной з гарадскіх аптэк Дзмітрыя Макеева. За данаты "Белсату", фонду салідарнасці BYSOL, а таксама палку Каліноўскага яго абвінавацілі ў "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці" і "фінансаванні ўдзелу грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні". За перадачу службовых дакументаў і фота расейскай вайсковай тэхнікі ў тэлеграм-каналы, прызнанымі экстрэмісцкімі фармаваннямі, яго абвінавацілі ў "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Прысуд вынес Яўген Шаршнёў.
Суд над Дзмітрыем Макеевым распачаўся яшчэ 16 жніўня. Яго абвінавацілі ў тым, што ён перавёў 68 еўраў на рахункі "Белсат", 68 еўраў і 78 даляраў – на рахункі фонду салідарнасці BYSOL, 33 еўра заданаціў палку імя Кастуся Каліноўскага. Згодна версіі абвінавачання, гамельчук больш за год пералічваў грошы медыярэсурсу – матэрыялы якога прызнаныя экстрэмісцкімі, – у суме выйшла не менш за 53 еўра і 115 даляраў. Паведамляецца, што таксама мужчына захаваў відэа з камер вонкавага відэаназірання аптэкі з перамяшчэннем расейскай вайсковай тэхнікі і адправіў у тэлеграм-каналы.
Дзеянні гамельчука кваліфікавалі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 2 арт. 361-3 – "фінансаванне ўдзелу грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяння";
- ч. 1 і 2 арт. 361-2 – "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці";
- ч. 1 і 2 арт. 361-4 – "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
"Фігурант рабіў фотакопіі ведамасных дакументаў, якія паступалі ў адрас аптэкі, і адпраўляў іх у тэлеграм-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі. На судовым пасяджэнні стала вядома, што сярод дакументаў былі інфармацыя аб зверцы картак воінскага ўліку ваеннаабавязаных, аб тым, што з беларускага рынку знікнуць некаторыя медыкаменты ўкраінскай вытворчасці, зварот Беларускага саюза жанчын у сувязі з сітуацыяй на мяжы, рашэнне Міністэрства аховы здароўя", – паведамляе падрабязнасці праўладная газета "Гомельская праўда".
Паводле папярэдняй інфармацыі, Дзмітрыя затрымалі ў лютым 2023 года.
Падтрымайце вязня: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Дзмітрый Аляксандравіч Макееў
Крыніца: У Гомелі загадчыка аптэкі асудзілі да 6 гадоў калоніі за данаты і фота расейскай вайсковай тэхнікі