06.09.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, рэпрэсіі, затрыманні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" пятага-шастога верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Светлагароскі тэлеканал "Ранак" прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем"

Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 5 верасня.

Нагадаем, 11 чэрвеня ў Светлагорску былі затрыманыя восем супрацоўнікаў тэлеканалу "Ранак". Сапраўднай прычынай для затрымання мог стаць сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінула тры чалавекі. На ўсіх затрыманых склалі пратаколы паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Мужчынам прысудзілі па сем сутак адміністрацыйнага арышту, жанчынам — штрафы ў памеры 25 базавых велічыняў.

За татуіроўку "Москаляку на гiляку" затрымалі супрацоўніка мінскага гіпермаркету

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы 6 верасня.

Жыхарку Наваполацка аштрафавалі за фотаздымак белага сабачкі ў камбінезоне чырвонага колера і подпіс "Жыве Беларусь! Насілію нет!"

Стаў вядомы працяг гісторыі ціску на сям’ю Грудніцкіх, піша "Віцебская Вясна". Наваполацкага лекара-стаматолага Аляксандра Грудніцкага двойчы асудзілі на 15 сутак, ягоную жонку Аллу Грудніцкую двойчы аштрафавалі. Прычым апошні штраф, які прысудзіла суддзя Наваполацкага гарсуду Зінаіда Балаболава, складае ажно 3700 рублёў – 100 базавых велічынь. Апрача гэтага, у жанчыны забралі два тэлефоны – у заклад, каб змусіць яе сплаціць абодва штрафы, агульная сума якіх – 4810 рублёў.

22 жніўня Аллу прызналі вінаватай у «несанкцыянаваным пікетаванні». Паводле міліцэйскага пратакола, «пікетаванне» заключалася ў тым, што жанчына размясціла ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» фотаздымак белага сабачкі ў камбінезоне чырвонага колера. Пад фотаздымкам быў подпіс «Жыве Беларусь!!!!! Насілію нет!!!».

Сваей віны жанчына не прызнала ні на адным, ні на другім судовым працэсе.

ГУБАЗіК затрымаў трэнера ФК "Дынама Мінск"

Артур Мустыгін
Артур Мустыгін

На "пакаяльным відэа", апублікаваным 5 верасня, затрыманы Артур Мустыгін кажа, што працуе з камандай U-18. Ён "прызнаецца" ў тым, што ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту, а таксама дасылаў інфармацыю ў чат-бот ініцыятывы "Голас".

Крыніца: Светлагароскі тэлеканал "Ранак" прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем". Хроніка пераследу 5-6 верасня Дапоўнена