08.09.2023 Тэгі: ціск, рэпрэсіі, затрыманні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 7-8 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
За "экстрэмісцкія" татуіроўкі затрыманы фанат ФК "Дынама Брэст"
Сёмага верасня праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што мужчына меў татуіроўкі «1312» і «АСАВ». На «пакаяльным відэа» яго прымусілі паабяцаць пазбавіцца ад іх.
Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову Мінюста перарэгістраваць БСДП (Грамада)
Асноўны акцэнт у скарзе быў зроблены на тым, што «закон "Аб палітычных партыях" у новай рэдакцыі супярэчыць Канстытуцыі».
Партыя прасіла ВС запатрабаваць у Мінюста «ўсе дакументы па распрацоўцы закона», апытаць людзей, якія ў якасці экспертаў бралі ўдзел у распрацоўцы прынцыпаў прававога рэгулявання партый, звярнуцца ў Канстытуцыйны суд для праверкі змен у закон.
Суддзя Ігар Калеснік адхіліў хадайніцтвы партыі і падкрэсліў, што ў суда няма сумневаў у канстытуцыйнасці закона аб палітычных партыях.
11 верасня ў ВС пройдзе дасудовае пасяджэнне на падставе іску Мінюста аб ліквідацыі БСДП, піша "Позірк".
Сілавікі затрымалі праграміста пасля таго, як ён "адказаў у грубай форме і паклаў трубку" на званок міліцыянтаў
Пра затрыманне стала вядома сёмага верасня.
На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што працуе праграмістам у адной з кампаній. Яму патэлефнавалі міліцыянты, аднак мужчына іх не даслухаў, «адказаў у грубай форме і паклаў трубку».
Пасля гэтага да яго прыехалі сілавікі і нібыта выявілі, што мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Яму інкрымінаваны арт. 342 КК.
Паводле інфармацыі "Нашай Нівы", затрыманы — Дзмітрый Часнакоў.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
Сёмага верасня ў яго трапілі:
Telegram-каналы і чаты «VIRUS Belarus Live», «Акции Вильнюса 2023»;Telegram-канал «FRANЦ» і ягоны лагатып;Youtube-каналы «Кастусь 2.0», «Кастусь – ООС», «Кастусь», а таксама іх лагатыпы;Інфармацыйная прадукцыя, размешчаная ў чаце інтэрнэт-месенджара «Viber» з назвай «Бухалка МТА», у чаце інтэрнэт-месенджара «Viber» з назвай «дзеці Міжрэчча», у чаце інтэрнэт-месенджара «Telegram» з назвай «НАШ ЧАТ».
З'явілася інфармацыя аб затрыманнях на ААТ "Лідахлебапрадукт" і ААТ "Лакафарба"
Пра гэта сёмага верасня паведаміў тэлеграм-канал "Задержания, суды в Лиде".
Паводле іх, затрыманні адбыліся за «падпіскі» і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. На ААТ «Лакафарба» ўчора былі затрыманы 6 чалавек — сёння іх выпусцілі, выпісаўшы кожнаму штрафы па 10 б.в.
ГУБАЗіК затрымаў студэнта БДПУ — ён нібыта адміністраваў чат, дзе "публікавалася жорсткасць у дачыненні да расійскіх вайскоўцаў"
На «пакаяльным відэа» ад сёмага верасня затрыманы кажа, што вучыцца на першым курсе БДПУ і нібыта «адміністраваў нацыяналістычны чат беларусаў і украінцаў», дзе публікавалася жорсткасць у дачыненні да расійскіх вайскоўцаў.
Таксама хлопец «прызнаецца» ў распаўсюдзе «нацысцкіх і экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Паводле інфармацыі «Вясны», затрыманы — Герман Лебедзеў.
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 18 прозвішчаў
8 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у спісе 3268 чалавек.
Сярод іншых, у спіс дадалі журналіста Яўгена Меркіса, адваката Аляксандра Данілевіча, асуджанага за «агентурную дзейнасць» грамадзяніна Украіны Сяргея Бойку.
Крыніца: Новыя факты палітычнага пераследу беларусаў 7-8 верасня