12.09.2023 Тэгі: палітвязні, аналітыка, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

Палітвязнямі за гэты час былі прызнаныя 25 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1517 чалавек. Таксама за гэты час стала вядома, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю шэсць палітвязняў, у тым ліку Мацвей Гранкевіч, Сцяпан Талкачоў, Ілля Палхоўскі і Аляксандр Юніцкі .

За мінулыя тыдні стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах пяці палітвязняволеным: 

Палітвязень Сяргей Моніч не выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну — супраць яго ўзбуджана новая справа

Сяргей — жыхар Заслаўля, мае двух непоўнагадовых дзяцей. Яго затрымалі 21 снежня 2020 года. У красавіку 2021 года судом Мінскага раёна быў асуджаны за нанясенне надпісаў "АМАП — забойцы", "3%" па ч. 1 арт. 339 КК (Хуліганства),за нанясенне надпісу "Кубракоў — фашыст"па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), а таксама за захоўванне і перавозку наркатычнага сродку — марыхуаны масай 0,1 г без мэты збыту пач. 1 арт. 328 КК да 3 гадоў калоніі.

Палітвязень мусіў выйсці на волю яшчэ 21 жніўня. Сваякі вязня не ведаюць нічога пра новую справу, а ў калоніі адказалі, што вязень змешчаны ў ШІЗА да 19 верасня.

Вядома, што адміністрацыя магілёўскай калоніі № 15 увесь час ціснула на Сяргея і часта змяшчала ў штрафны ізалятар.

Стала вядома, дзе адбывае тэрмін вайсковы аналітык Ягор Лебядок 

Ягор Лебядок

Нагадаем, суддзя Алена Міснік прызначыла палітвязню 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Згодна з матэрыяламі справы, Лебядок "у мэтах забеспячэння дзейнасці публічнага дэструктыўнага канала, інфармацыйную прадукцыя якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі".

Ягор адбывае свой тэрмін у івацэвіцкай калоніі.

Баранавіцкага актывіста з інваліднасцю трэцяй групы Ігара Шумілава перавялі ў шклоўскую калонію 

Нагадаем, 30 траўня Ігару прызначылі 4,5 года зняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса за чатыры малюнкі ў Аднакласніках. Суддзя Мікалай Кміта разглядзеў ягоную справу за адну гадзіну.

Ігар мае інваліднасць трэцяй групы — 10 гадоў таму ён трапіў у ДТЗ і згубіў нагу, а таксама праз гэта мае сур'ёзную праблему з правай рукой. У мужчыны ёсць 11-гадовы сын.

Цяпер стала вядома, што нядаўна Ігара перавялі ў папраўчую калонію № 17.

Палітзняволеную Анастасію Петрачэнку, асуджаную за данат палку Каліноўскага, перавялі ў гомельскую калонію 

Анастасія пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пераехала з Беларусі ў Польшчу. Знаходзячыся ў суседняй краіне яна паспрабавала зрабіць ахвяраванне са свайго беларускага банкаўскага рахунка праз інтэрнэт-банкінг палку імя Каліноўскага памерам 16,71 даляраў ЗША, аднак транзакцыя не прайшла.

Пазней палітзняволеная вырашыла вярнуцца ў Беларусь, дзе была затрыманая. Суд прызначыў дзяўчыне тры гады калоніі.

Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", дзяўчына пачала адбываць тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4.

Ад палітвязня Уладзіміра Гундара няма звестак ужо 38 дзён

Уладзімір Гундар. Фота: Радыё Свабода

Гродзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязню без зменаў — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго праз хуткі этап.

Па прыбыцці ў калонію яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Паводле "Берасцейскай Вясны", апошні раз ён патэлефанаваў родным 3 жніўня з калоніі, а з таго часу ні званкоў, ні лістоў не было.

Сваякі мяркуюць, што Гундара маглі змясціць у ШІЗА.

Старшыню БКДП Аляксандра Ярашука пераводзяць на турэмны рэжым у Магілёў

Аляксандр Ярашук. Фота БелаПАН.

Нагадаем, Аляксандр быў асуджаны да 4 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Сяргей Антусевіч — да 2 гадоў, а Ірына Бут-Гусаім — да 1 года і 6 месяцаў.

Актывістаў абвінавачвалі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342), а Ярашука таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч.3 арт. 361).

Пра ціск на палітвязня "Свабодзе" паведаміў актывіст незалежнага прафсаюзнага руху Максім Пазнякоў:

"Ведаем, што яму дастаецца, на яго ад пачатку моцна ціснулі і цяпер не адчапіліся. За што кідаюць у „крытку“, пакуль нам не вядома. Але зразумела, што падставу знойдуць, калі ёсць загад. Перавод у крытую турму для яго, чалавека ўжо пэнсійнага ўзросту, азначае новыя выпрабаванні. Разумеем, што ў маральным і ў фізычным сэнсе крытая турма — гэта значна цяжэй, чым калонія. Але даходзяць звесткі, што ён трымаецца мужна".

Палітвязня Дзмітрыя Сушчыка нядаўна асудзіліза "непадпарадкаванне" адміністрацыі турмы

Дзмітрый Сушчык

Жыхара Навагрудку 17 лютага 2022 затрымалі расійскія памежнікі, калі той спрабаваў выехаць з Беларусі. Ужо праз месяц Дзмітрыя асудзілі па ч. 1 арт. 368 КК "Абраза Лукашэнкі" і арт. 370 КК "Здзек з дзяржаўных сімвалаў" на паўтара года калоніі.

Тэрмін палітвязень адбываў у аршанскай калоніі № 8, дзе адразу па прыбыцці на яго пачалі ціснуць: змяшчалі ў ШІЗА, а потым перавялі ў ПКТ. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Гродна.

Нядаўна стала вядома, што ў Оршы 1 верасня адбыўся суд паводле ч. 1 арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы). Справу Дзмітрыя разглядала суддзя Наталля Козел. Вынік праваабаронцам пакуль невядомы.

Палітзняволены Андрэй Пачобут узнагароджаны медалём 75-годдзя місіі Яна Карскага

Андрэй Пачобут

У нядзелю ў Любліне ўзнагароду за Андрэя атрымаў яго брат Станіслаў, піша @byplradio.

"Я не адчуваю сябе вартым атрымаць гэты медаль, у галаве ўвесь час круцяцца дзіўныя думкі, што Анджэй забраў бы яго лепш. Я не зраблю гэта так добра, як ён, — расчулена сказаў Станіслаў Пачобут. — Надзея заўсёды памірае апошняй, мы верым, што ўрэшце муры абрынуцца і ўсе выйдуць".

Медаль да 75-годдзя місіі Яна Карскага — гэта адзнака для людзей, што прадстаўляюць каштоўнасці, якімі кіраваўся ў сваім жыцці і дзейнасці легендарны Ян Карскі – талерантнасць, павага і пачуццё супольнасці з іншымі людзьмі. Агулам было адчаканена 30 медалёў (і выпуску больш не будзе), Пачобут узнагароджаны медалём № 26.

Палітзняволенага Рыгора Кастусёва шмат часу трымаюць у ШІЗА 

Фота

Пра гэта ў Facebook паведаміў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык.

"Пасля доўгага перапынку Рыгор Кастусёў звязаўся з роднымі. Стала вядома, што ён праводзіць шмат часу ў штрафным ізалятары...", — напісаў ён.

Нагадаем, Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

Крыніца: Агляд навінаў палітвязняў з 5 па 12 верасня