14.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У судзе Першамайскага раёна Мінска 12 верасня другі раз за тры месяцы па цяжкім артыкуле асудзілі палітзняволенага мінчука Мікалая Васілевіча. Напачатку чэрвеня яго ўжо асудзілі да шасці гадоў калоніі за "фінансаванне экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-2 КК) і "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-1 КК). Цяпер яго абвінавацілі ў "фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці". Агулам за данаты яму прызначылі дзевяць з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Мікалай Васілевіч
Мікалай Васілевіч

Мікалая Васілевіча затрымалі 17 кастрычніка 2022 года і змясцілі пад варту. Мужчына працаваў у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Напачатку студзеня 2023 года КДБ унёс ягонае прозвішча ў "спіс тэрарыстаў". 6 чэрвеня Мікалая асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе да шасці гадоў калоніі і вялікаму штрафу за "фінансаванне экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-2 КК) і "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-1 КК). У чым канкрэтна яго абвінавацілі — невядома. Прысуд вынесла Алена Шылько.

Неўзабаве стала вядома, што 12 ліпеня ў судзе Першамайскага раёна Мінска пачаўся другі суд над палітвязнем за "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці" паводле ч. 2 арт. 290-1 КК. 

На другім працэсе па справе палітвязня быў вялікі перапынак. За гэты час у Вярхоўным судзе разглядзелі апеляцыйную скаргу Мікалая. 1 верасня прысуд уступіў у сілу, таму пры вынясенні другога прысуда Васілевіч лічыўся ўжо раней судзімым.

12 верасня Святлана Чараповіч абвесціла прысуд Мікалаю — агулам дзевяць гадоў і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 600 базавых велічыняў (22 200 беларускіх рублёў).

Падтрымайце Мікалая пасылкамі, лістамі і тэлеграмамі: СІЗА-1. 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Мікалай Уладзіміравіч Васілевіч

Крыніца: Мінчука за тры месяцы двойчы асудзілі за данаты. Агулам яму прызначылі 9,5 гадоў калоніі