15.09.2023 Тэгі: ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14-15 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Дзяржынску затрымалі галоўную бухгалтарку

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што жанчынай «зацікавіліся» пасля даносу. На «пакаяльным відэа» затрыманая «прызнаецца» ў рэпосце з «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала, а таксама ва ўдзеле ў пікетах Ціханоўскай падчас выбарчай кампаніі 2020 года.

Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі "актывіста Новай Баравой"

Як пішуць праўладныя тэлеграм-каналы, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне затрыманы перапісваўся «са сваёй знаёмай Вольгай Хіжанковай» — яго прымусілі сказаць, што ён «пісаў ёй некарэктныя паведамленні аб тым, што над Беларуссю ляцяць самалёты з ракетамі».

Таксама паведамляецца, што хлопца ўжо затрымлівалі 9 жніўня 2020 года — пасля гэтага ён даваў каментар «Белсату», дзе нібыта «перабольшыў свае словы журналістам».

Крыніца: Затрыманне бухгалтаркі ў Дзяржынску і актывіста ў Новай Баравой: хроніка пераследу 14-15 верасня