19.09.2023 Тэгі: палітвязні, аналітыка, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1506 чалавек. На мінулым тыдні стала вядома, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю Аляксандр Гладкіх, Кацярына Батура, Сяргей Моніч, Сяргей Самуль, Павел Ларын, Рыгор Парамонаў, Яўген Пак, Ігар Ухалюк.

За мінулыя тыдні стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах пяці палітвязняволеным: 

Палітзняволенага Андрэя Сачэўку этапавалі ў магілёўскую турму 

Нагадаем, 19 верасня 2022 года Андрэя Сачэўку асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Раней MAYDAY TEAM паведамлялі, што ў пачатку жніўня Андрэя накіравалі на два месяцы ў ПКТ. Да гэтага Андрэя пратрымалі 23 сутак у ШІЗА. Яшчэ тады яму паведамілі, што яго накіруюць у памяшканне камернага тыпу за "няправільныя погляды".

24 жніўня ў Бабруйску адбыўся суд па замене палітвязню рэжыма ўтрымання. Суддзя Антон Дудаль пастанавіў перавесці палітвязня на турэмны рэжым.

Цяпер стала вядома, што днямі Андрэя перавялі ў магілёўскую турму № 4.

Палітзняволенага журналіста Аляксандра Манцэвіча пачнуць судзіць 27 верасня 

65-гадовы Аляксандр — галоўны рэдактар "Рэгіянальнай газеты", вядучага незалежнага СМІ Маладзечна і рэгіёна. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.

Аляксандр быў затрыманы 15 сакавіка пасля ператрусу ў ягоным доме. Манцэвіча абвінавачваюць паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Аляксандр, з'яўляючыся дырэктарам рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнет-рэсурсах заведама ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады.

Суд над ім распачнецца ў Маладзечне 27 верасня. Справу будзе разглядаць суддзя Аляксей Іршын.

Палітвязня Уладзіміра Гундара змясцілі ў ШІЗА

Уладзімір Гундар. Фота: Радыё Свабода

Гродзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязню без зменаў — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго праз хуткі этап.

Па прыбыцці ў калонію яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Паводле "Берасцейскай Вясны", апошні раз ён патэлефанаваў родным 3 жніўня з калоніі, а з таго часу ні званкоў, ні лістоў не было.

Цяпер паведамляецца, што ён знаходзіцца ў штрафным ізалятары. Верагодня, туды яго змясцілі яшчэ 3 жніўня.

Аўтара Youtube-канала "MozgON" Уладзіміра Цыгановіча перавялі ў ваўкавыскую калонію 

Уладзімір Цыгановіч

Уладзімір — блогер, аўтар youtube-канала MozgON. На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадскія, а потым і палітычныя навіны, стаў весці трансляцыі з розных акцыяў — не толькі з пікетаў Ціханоўскага.

У судзе Ленінскага раёна Магілёва 10 красавіка блогера асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суддзя Таццяна Касцюк прызначыла палітвязню яшчэ адзін год калоніі ў дадатак да 15 гадоў зняволення па "справе Ціханоўскага".

Стала вядома, што палітвязень пачаў адбываць тэрмін у ваўкавыскай калоніі № 11.

"Мех пабітых яблык ад невядомага "добразычліўца". Муж Паліны Шарэнды-Панасюк даведаўся, чаму да яе не даходзяць перадачы

"Паліну наведаў адвакат, якому яна расказала пра апошнюю з волі перадачу. Гэта было 1 верасня. Перадачы пачынаюць прымаць у 8.30, а ўжо ў 9.00 ёй у камеру прынеслі мех яблык. Пазначана прозвішча, якога яна не ведае. Яблыкі пабітыя, нібы сабраныя каля дарогі.

Мех стары, з дзяругі, у такім звычайна захоўваюць бульбу. І вага — дакладна 30 кілаграм. Якраз столькі, колькі даецца на месяц для перадач ад сваякоў. Ад тых яблык Паліна адмовілася, іх выкінулі ў сметніцу. Але фармальна ў верасні на перадачы яна ўжо не можа разлічваць, бо ліміт вычарпаны", расказаў Свабодзе Андрэй Шарэнда.

Муж палітзняволенай мяркуе, што гэты падарунак ад невядомага "добразычліўца" — адмысловая аперацыя, каб пазбавіць ягоную жонку прадуктовых перадач, неабходных ёй пасля працяглай галадоўкі.

Палітзняволенага Рыгора Кастусёва зноў адправілі ў ШІЗА

Фота

Пра гэта ў Facebook паведаміў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык.

"Рэжым забівае Рыгора Кастусёва. Ужо ў чацвёрты раз адправілі на 10 сутак у ШІЗА...", — напісаў ён.

Нагадаем, Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

Агляд навінаў палітвязняў з 5 па 12 верасня

"Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

Крыніца: Агляд навінаў палітвязняў з 12 па 19 верасня