21.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, экстрэмізм Мінскі гарадскі суд асудзіў да пяці гадоў калоніі за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса 45-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Паўла Харытонава. Такі прысуд вынесла Жана Брысіна яшчэ 23 студзеня 2023 года, але пра вынік суда праваабаронцам стала вядома толькі цяпер.
Як распавёў "Вясне" былы сукамернік Паўла, яго асудзілі за адзін данат у памеры 20 даляраў у нейкую ініцыятыву, якую ў далейшым прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Ахвяраванне на дапамогу, меркавана, пацярпелым ад рэпрэсій, было зроблена яшчэ ў 2021 годзе, калі ініцыятава не была яшчэ прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем". Па справе адбылося ўсяго восем пасяджэнняў, яе разглядалі два месяцы — з лістапада па студзень.
"Усе сукамернікі, у тым ліку палітзняволены адвакат Аляксандр Данілевіч, казаў Паўлу, што яго абвінавачванні разваляцца і ён пойдзе дадому. Таму што тая арганізацыя, у якую ён зрабіў данат, не была прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем" на момант пераліку", — узгадвае вязень СІЗА.
Пад вартай Павел утрымліваўся ў СІЗА на Валадарскага.
"Сам ён вельмі інтэлегентны. У СІЗА займаўся спортам і добра маляваў. Ён быў у камеры самы моцны ў гульні па шахматах — у яго вельмі развіта інтэлектуальнае мысленне. Наогул ён добры і забяспечаны чалавек, як і астатнія палітзняволеныя. Усім дапамагаў — класны хлопец! На суд ён пайшоў у вельмі добрым касцюме і скураных лакіраваных бацінках. Мы яго адпраўлялі і казалі, што пасля суда ён пойдзе дахаты, таму ён грунтоўна сабраўся. Але пасля пасяджэння ён вярнуўся — мы ўсе вельмі здзівіліся. Апынулася, што пракурор наўпрост на судзе папрасіў перакваліфікаваць яго артыкул. Павел, канешне, вельмі моцна растроіўся, таму што ў яго дома дзеці... Павел дазнаваўся ў СІЗА, колькі за данаты даюць. Аднаму, хто скінуў 30 даляраў, прызначылі шэсць гадоў калоніі. Павел тады смяяўся і казаў, што добра, што 50 даляраў не заданаціў, бо былі такія думкі".
28 красавіка Вярхоўны суд пакінуў прысуд Паўла ў пяць гадоў калоніі ў сіле. Палітвязня этапавалі ў калонію. Яго актуальнае месцазнаходжанне высвятляецца.
Крыніца: Мінчуку прызначылі пяць гадоў калоніі за данат у 20 даляраў