25.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, экстрэмізм У Мінскім гарадскім судзе 27 верасня распачнецца суд над аўтарам Telegram-канала "Серебряный век. Футбол Беларуси" і экс-супрацоўнікам "Народнай газеты" Дзмітрыем Сельвеструком. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзенасці). Акалічнасці справы праваабаронцам невядомыя — з пачатку траўня пра блогера не было ніякіх звестак. Працэс будзе весці Святлана Чарапанава. Дзмітрыю пагражае да шасці гадоў калоніі.
Пра затрыманне Дзмітрыя стала вядома напачатку траўня 2022 года. Паведамлялася, што яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Якую меру стрымання абралі блогеру — праваабаронцам невядома.
"Беларуская асацыяцыя журналістаў" пісала, што Дзмітрыю Сельвеструку 33 гады, ён выпускнік факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Доўгі час працаваў у дзяржаўнай "Народнай газеце", спецыялізаваўся на сацыяльных тэмах ды ІТ-індустрыі. Паступова пераарыентаваўся на спартыўныя навіны, пачаў супрацоўнічаць са спецыялізаваным рэсурсам Football.by. Роўна тры гады таму запусціў уласны праект «Серебряный век. Футбол Беларуси», які дзякуючы інсайдэрскім крыніцам стаў даволі папулярным у асяродку як заўзятараў, так і спецыялістаў.
Тэлеграм-канал затрыманага "Серебряный век. Футбол Беларуси" налічвае амаль 2000 падпісчыкаў. Там Сельвеструк публікаваў аналітыку пра айчынны футбол. Апошні раз канал абнаўляўся пятага траўня.
Крыніца: Вядомага спартыўнага блогера будуць судзіць за "садзейнічанне экстрэміскай дзейнасці"