25.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Суд Маскоўскага раёна Брэста 17 жніўня разгледзеў крымінальную справу супраць Дзмітрыя Семака Дзмітрыя. Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады). Судовы працэс вяла Таццяна Лаўранюк.
Падрабязнасці крымінальнай справы даведалася “Берасцейская вясна” з апублікаванага прысуду мужчыну.
Яго затрымалі 6 ліпеня 2023 і да суда змясцілі пад варту.
Па матэрыялах абвінавачання 23 чэрвеня 2022 года ў 10:49 ён напісаў тэлеграм-каментар пра міністра па прозвішчы І. У гэтым каментары экспертыза знайшла “негатыўную ацэнку” міністра, выяўленую “ў ненарматыўнай форме маўленчага выказвання”.
"Берасцейская Вясна" праверыла спіс дзейных міністраў у Беларусі. З прозвішчам, якое пачыналася б з літары І, ёсць толькі міністр адукацыі Андрэй Іванец. Як мяркуецца, менавіта пра яго быў непахвальны каментар Семака.
А прысудам мужчыну стала тры месяцы арышту і канфіскацыя тэлефона “як сродку здзяйснення злачынства”.
Крыніца: За абразу міністра адукацыі берасцейца пакаралі арыштам