28.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя Іван Норка. Фота з сацыяльных сетак. Суд Баранавіцкага раёна і Баранавіч вынес прысуд мясцоваму пенсіянеру Івану Норку, абвінаваціўшы яго ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку паводле ч.2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса.

Судовы працэс адбыўся яшчэ 22 жніўня і праходзіў у выязным пасяджэнні у будынку аднаго з масцовых ЖЭСаў. Суддзя – Мікалай Кміта.

65-гадовага Івана Норку затрымалі і змясцілі пад варту  10 ліпеня, праз трое сутак перавялі пад хатні арышт, паведамляе “Берасцейская вясна”.

Па матэрыялах абвінавачання, Норка ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” адзначыў упадабайкай некую публікацыю. Аднак экспертыза выявіла ў ёй нібыта непраўдзівыя дадзеныя аб тым, што Аляксандр Лукашэнка датычны да злачынстваў трох відаў (“акт тэрарызму”, “забойства”, “перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў”).

Суддзя Мікалай Кміта прысудзіў пенсіянеру з інваліднасцю паўтара года “хатняй хіміі" –  (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).

Крыніца: Баранавіцкага пенсіянера асудзілі да "хатняй хіміі" за паклёп на Лукашэнку