03.10.2023 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Супраць удзельнікаў прамой трансляцыі марафона салідарнасці з палітвязнямі "Нам не ўсё адно" завялі крымінальную справу
Па матэрыялах аператыўнікаў ГУБАЗіК узбуджана крымінальная справа ў дачыненні да ўдзельнікаў прамой трансляцыі пад назвай "Анлайн-марафон салідарнасці з палітзняволенымі "Нам не ўсё адно". Падазраванымі з’яўляюцца каля 60 чалавек.
"12-гадзінны эфір з развагамі злачынцаў і іншых дэструктыўных асоб, якія знаходзяцца ў вышуку, трансляваўся на youtube-каналах радыкалаў, якія пакінулі Беларусь. Мерапрыемства, завуаляванае пад збор сродкаў для асуджаных нібыта па палітычных матывах беларусаў, арганізатары правялі з мэтай прыцягнення грошай для асабістага матэрыяльнага падсілкоўвання. Па іх заяве, яны атрымалі больш за 500 тысяч еўра", – заяўляе МУС.
Следчымі распачата крымінальная справа паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (санкцыя артыкула прадугледжвае да 8 гадоў пазбаўлення волі).
Раней суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі відэакантэнт пад назвай "Нам не ўсё адно".