05.10.2023 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 5 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Былы журналіст Андрэй Толчын не выйшаў з ІЧУ праз 3 сутак з моманту затрымання
Як паведамляе "Гомельская вясна", яго перавялі ў СІЗА № 3.
Толчына неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць з 2017 года. Пасля пратэстаў 2020 года журналіст вырашыў сысці з прафесіі.
Апошнія пасты на старонцы Андрэя ў Facebook – гэта перапосты з дапамогай жывёлам, фота з сябрамі і знаёмымі. Таксама ў Андрэя нядаўна памерла сястра, якая гадавала яго ў маленстве.
Падтрымайце журналіста: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Андрэй Толчын
Іллю Двойрына, асуджанага за абліты фарбай аўтамабіль на крымскіх нумарах і літарай «Z», зноў арыштавалі
Жыхара Наваполацка, якога нядаўна асудзілі за абліты фарбай аўтамабіль з крымскімі нумарамі і літарай «Z», зноў затрымалі 4 кастрычніка наўпрост на працы.
У той жа дзень супраць мужчыны склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння. Суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак.
Нагадаем, 28 верасня суд горада Наваполацка прызнаў Двойрына вінаватым паводле арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) і прызначыў яму 1 год пазбаўлення волі ўмоўна. Справу разглядаў суддзя Віталь Лапко.
Працяг рэпрэсій на ААТ "Лідахлебапрадукт"
3 кастрычніка сілавікі ў масках забралі з працы начальніка пажарна-вартавой аховы прадпрыемства — Юрыя Авіжыча, піша "Задержания, суды в Лиде".
На працоўным месцы ў Оршы 3 кастрычніка сілавікі затрымалі ахоўнік крамы "Білд"
На яго склалі адразу некалькі пратаколаў адміністрацыйных правапарушэнняў за падпіскі на "экстрэмісцкія" каналы.
Паведамляецца што імя затрыманага Сяргей, ён былы супрацоўнік міліцыі. У тэлефоне мужчыны знайшлі 5 падпісак і за кожную з іх склалі асобны пратакол. Пакуль вядома, што Сяргей арыштаваны на 10 сутак.
Крыніца: Новыя факты палітычнага пераследу беларусаў 5 кастрычніка