06.10.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, ціск, рэпрэсіі, дыфамацыя Другога кастрычніка 2023 году ў судзе Бабруйска і Бабруйскага раёну вынеслі прысуд 62-гадовай Але Зуевай. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Таксама яна мусіць выплаціць штраф у памеры 50 базавых велічыняў (1850 рублёў) і дзве тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды двум пацярпелым. У Алы анкалагічнае захворванне крыві.
"Я, напэўна, проста памру тут"
Вырак агучыў суддзя Павел Карцінін.
Яе абвінавацілі ў тым, што цягам двух гадоў — з кастрычніка 2020 году да верасня 2022 году — жанчына пакідала каментары ў Тэлеграме. Яны нібыта ўтрымлівалі абразы Лукашэнкі і супрацоўнікаў міліцыі і "ненарматыўную лексіку і выказвалі негатыўную ацэнку ў бок прадстаўнікоў улады".
Зуева прызнала віну. Паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса, яе асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі, паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса — да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі"), а таксама штрафу ў памеры 50 базавых велічыняў (1850 рублёў). Канчатковае пакаранне прызначанае шляхам частковага складання асноўных пакаранняў, а таксама далучэння дадатковага пакарання.
Крыніца: Пенсіянерку з анкалогіяй асудзілі да калоніі за каментары