07.10.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, свабода мірных сходаў У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 14 верасня за ўдзел у дзвюх акцыях пратэсту ў 2020 годзе асудзілі Антона і Насту Нікіціных. Суддзя Андрэй Млечка прызнаў іх вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначыў па тры гады "хатняй хіміі". Антона і Анастасію вылічылі па фота з Маршаў на іх старонках у Instagram. У пастанове суда адзначаецца, што яны павінны былі ведаць аб незаконнасці ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, так гэта тлумачылася ў апублікаваным выступе генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, а таксама ў дзяржаўных СМІ.

Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org
Ілюстрацыйнае фота

Антону і Анастасіі Нікіціным ставілася ў віну тое, што на дзвюх акцыях пратэсту ў 2020 годзе яны "блакавалі і заступалі шлях транспартным сродкам, у выніку чаго іх дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту, якое выявілася ў прыпынку транспарту на тэрыторыі горада Мінска, што перашкаджала нармальнай працы КТУП "Мінск", прычыніўшы паказанаму прадпрыемству матэрыяльную шкоду на суму 22500 рублёў 66 капеек і 47716 рублёў 7 капеек".

На судзе Нікіціны віну прызналі цалкам. Яны распавялі, што "двойчы ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія праходзілі ў Мінску, падчас якіх, у тым ліку выходзілі на праезную частку". 

У пастанове суда адзначана, што "звесткамі, з якіх вынікае, што з мэтай давядзення да ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў тлумачэнняў аб незаконнасці іх правядзення, прадугледжанай заканадаўствам адказнасці, неабходнасці спынення супрацьпраўных групавых дзеянняў, у тым ліку, быў апублікаваны выступ Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь". Акрамя гэтага, пазначана, што "раней таксама праз сродкі масавай інфармацыі ажыццяўляліся папярэджанні аб забароне ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах". Мяркуючы, што ўсе грамадзянін і грамадзянка Беларусі павінны ведаць змест кожнага выступу генеральнага пракурора.

Нікіціных ідэнтыфікавалі па фота ў Instagram, што і стала прычынай для ўзбуджэння крымінальнай справы і іх затрыманняў. Да суда Антона ўтрымлівалі пад вартай, а Анастасія была на волі пад закладам.  

У выніку суддзя Млечка прызначыў ім па тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Пасля абвяшчэння прысуду Антона вызвалілі з-пад варты.

Крыніца: Жыхароў Мінска асудзілі за ўдзел у Маршах па іх фота ў Instagram