16.10.2023 Тэгі: правы чалавека, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў, справа Вясны У нямецкім Лейпцыгу з 9 па 13 кастрычніка адбылася міжнародная канферэнцыя па дэмакратыі і правах чалавека REVOLUTIONALE. Яна ладзіцца з 2017 года раз на два гады з удзелам актывістаў і праваабаронцаў з усяго свету. Сёлета ўдзел у REVOLUTIONALE узялі больш за 80 удзельнікаў і ўдзельніц з 20 краінаў свету, у тым ліку праваабаронцы "Вясны". Канстанцін Старадубец распавёў пра ўдзел у канферэнцыі беларускай дэлегацыі і падзяліўся ўражаннямі.
Назва міжнароднай канферэнцыі адсылае да Мірнай рэвалюцыі ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы. Мірныя акцыі пратэсту, кульмінацыяй якіх стала шматтысячная дэманстрацыя ў Лейпцыгу ў кастрычніку 1989 года, у выніку прывялі да негвалтоўных дэмакратычных пераменаў ва Усходняй Германіі.
Сярод тэмаў канферэнцыі 2023 года былі заяўлены некалькі наздвычай актуальных выклікаў для беларускіх праваабаронцаў — "Лавіраванне паміж дэмакратыяй і аўтарытарызмам" і "Актывізм у выгнанні". Асноўны фармат Канферэнцыі — круглы стол, скразной мэтай якога з'яўлялася стварэнне новых сетак па-за межамі рэгіянальнага кантэксту, у тым ліку праз актыўны нэтворкінг.
Праваабаронца "Вясны" Канстанцін Старадубец адзначыў, што канцэпцыя REVOLUTIONALE вельмі блізкая ўсім беларусам, паколькі менавіта мірныя акцыі пратэсту аб'ядналі краіну ў 2020 годзе:
"Дэманстрацыі, на жаль, не прывялі да дэмакратычных зменаў, але ідэя негвалтоўнага супраціву і сёння застаецца фундаментальнай каштоўнасцю для беларускіх праваабаронцаў. Гэтыя відавочныя паралелі — тое, што прымушае нас не губляць надзею, у тым ліку дзякуючы вялізнай салідарнасці, праявы якой мы бачым і чуем штодня ў камунікацыі з нашымі замежнымі калегамі. Прыклад беларускіх пратэстаў выклікае захапленне ў людзей з розных краінаў, асабліва ў жыхароў Усходняй Германіі, якія ведаюць, што значыць дзесяцігоддзямі жыць пры дыктатуры".
На мерапрыемстве таксама была прадстаўленая кампанія #FreeViasna. Удзельнікі і ўдзельніцы REVOLUTIONALE маглі падпісаць паштоўкі зняволеным вясноўцам, а таксама даведаліся пра пераслед праваабаронцаў у Беларусі, справу "Вясны" і працу кампаніі, накіраваную на вызваленне палітзняволеных сябраў і валанцёраў Праваабарончага цэнтра.
Канстанцін падзяліўся ўражаннямі ад канферэнцыі:
"Сярод наймацнейшых уражанняў ад REVOLUTIONALE — кранальны расповед Шона Байндэра пра дапамогу мігрантам з Блізкага Усходу, якія ў пошуках лепшай долі вымушаныя выпраўляцца ў смяротна небяспечнае падарожжа морам. За сваю працу на востраве Лесбас Шон быў арыштаваны ўладамі Грэцыі і правёў больш за тры месяцы ў зняволенні. Ён цяпер на волі ў бяспецы, аднак па-ранейшаму з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы. У той жа час дзясяткі і сотні мігрантаў гінуць на шляху з Турцыі ў Грэцыю, а тыя, каму пашчасціла даплыць да берага, трапляюць у турму на дзесяцігоддзі.
Не менш уразілі жахлівыя падрабязнасці пераследу уйгураў у Кітаі і жанчын у Афганістане. Ім адмаўляюць у самых базавых правах: праве вучыцца, падтрымліваць зносіны з роднымі за мяжой і іншых.
І усё ж такі галоўнае ўражанне — выключна пазітыўнае. У свеце процьма моцных духам людзей, якія змагаюцца з тыранамі, абараняючы правы іншых. Але пры гэтым яны, на жаль, плацяць вялізную цану за сваю працу — губляюць свабоду, а часам і жыццё".