17.10.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, ціск, рэпрэсіі, затрыманні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13-17 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязня Рамана Марусава збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым
Раман — кантрактнік з 103-й віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады, нарадзіўся ў Касцюковічах. Палітвязень быў затрыманы 23 сакавіка 2021 года. Яго асудзілі да шасці гадоў калоніі па арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) за перадачу інфармацыі BYPOL.
Праваабаронцам вядома, што яго збілі пры затрыманні. Сляды збіцця, кроў бачны і на «пакаяльным відэа». Адбываць тэрмін Рамана адправілі ў віцебскую калонію № 3.
Па інфармацыі праваабаронцаў, 17 кастрычніка ў судзе Віцебскага раёна адбудзецца суд па замене Раману рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Міхаіла Зубені, палітвязня могуць перавесці на турэмны рэжым.
Да родных мастака Аляксея Кузьміча прыходзіла міліцыя
"Да маіх родных прыходзілі з міліцыі, расказвалі пра акцыю, бралі тлумачэнне. Дарэчы, я там не жыву, не прапісаны. Сям'я да маіх спраў не мае ніякага дачынення і маё мастацтва не падтрымлівае.
P.s. Яшчэ прэтэнзія міліцыі ў тым, што даю інтэрв'ю "экстрэмісцкім" СМІ", — напісаў мастак 16 кастрычніка на сваёй старонцы ў Facebook.
Нагадаем, мастак прыязджаў у Беларусь у пачатку жніўня. Ён памяняў свой пашпарт і пасведчанне кіроўцы, а таксама правёў новую акцыю ў цэнтры Мінска — Аляксей паказаў голы зад, стоячы пасярод праспекта Пераможцаў. Пасля гэтага ён з'ехаў у ЕС.
Сілавікі затрымалі кантралёрку якасці "Магілёўхімвалакно"
На "пакаяльным відэа" жанчына "прызнаецца" ў тым, што пакінула абразлівы каментар у Telegram-канале "Карнікі Беларусі". Паведамляецца, што цяпер праводзяцца следчыя дзеянні ў рамках узбуджанай крымінальнай справы па арт. 369 КК Рэспублікі Беларусь.
Мяркуючы па відэа ў праўладным тэлеграм-канале, сярод іншага, жанчыну абвінавацілі і ў тым, што яна "гугліла" выраз "Усатый таракан". Адзначым, што на скрыншоце з малюнкамі па гэтым запыце сілавікі заблюрылі твар Лукашэнкі.
Над блогеркай Ганнай Бонд 16 кастрычніка павінен быў адбыцца суд па адміністрацыйнай справе
Справу Ганны павінны былі разглядаць у судзе Цэнтральнага раёна Мінска, аднак у раскладзе пасяджэнняў яе прозвішча не было. Як патлумачылі супрацоўнікі суда, куды журналістка "Зеркало" патэлефанавала як фізічная асоба, яе пратакол паступіў днём у панядзелак, 16 кастрычніка.
Вядома, што вядучую абвінавачвалі па артыкуле 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі).
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Ганна ўжо знаходзіцца на волі — аднак вынік суда пакуль невядомы.
Нагадаем, 14 кастрычніка стала вядома аб затрыманні вядомай блогеркі Ганны Бонд. Але спачатку прычына затрымання была невядомая.
Пракурорка запрасіла смяротнае пакаранне для Аляксандра Таратуты, якога абвінавачваюць у забойстве 3-гадовага дзіцяці
Абвінавачанай Анастасіі Таратуце пракурорка запрасіла прызначыць 25 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі строгага рэжыму.
Дзяржаўная абвінаваўца адзначыла, што абодва абвінавачаныя ўяўляюць выключную небяспеку для грамадства, а абставіны крымінальнай справы аб забойстве і катаванні маленькага Сямёна выклікаюць шок.
За распаўсюд "экстрэмізму" на 15 сутак арыштавалі працоўнага завода "Палімір"
Стала вядома, што 7 верасня суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава за распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў" у сацыяльных сетках пакарала арыштам на 15 сутак апаратчыка цэха 103 завода "Палімір" Андрэя Шкірэнку.
Падчас судовага разбору Андрэй пацвердзіў, што ў сацыяльнай сетцы "Інстаграм" ён меў падпіску на старонкі "Рабочы Рух" і "Баста!", а ў Facebook на суполку "Фонд салідарнасці BYSOL/Belarus solidarity foundation".
Пра тое, што гэтыя суполкі прызнаныя "экстрэмісцкімі", яму не было вядома. Таму мужчына віну ў "распаўсюдзе экстрэмізму" не прызнаў, ад дачы тлумачэнняў адмовіўся, піша "Віцебская Вясна".
Белыя Халаты: затрыманы загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Аляксандр Ганчароў
Папярэдне, затрыманне адбылося 11 кастрычніка, а 13 кастрычніка мусіў быць суд. Яго вынік пакуль невядомы, піша тэлеграм-канал "Белые халаты".
Аляксандр Валер'евіч мае стаж працы больш за 25 гадоў, быў уганараваны званнем "Чалавек года Віцебшчыны", а ў 2020-ым годзе атрымаў падзяку ад Лукашэнкі за ўнёсак у барацьбе з COVID-19.
UPD. Паводле непацверджанай інфармацыі, доктару-рэаніматолагу прызначылі 15 сутак арышту.
Старонка спявачкі Маргарыты Ляўчук і email праекту "Волковыск.ВY" — вялікае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
13 кастрычнкіа ў яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «ПОЛЬШЧА. ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ», «Слуцкая мясорубка-чат»;
- Instagram-старонкі «dyjaspara», «ПАСПАЛІТАЕ РУШЭНЬНЕ», «Olya Malashkina», «r_a_z_m_o_v_a», «klopat_by», «belarusen.frankfurt», «margarita.levchuk.official»;
- Youtube-каналы «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ», «Стоп таракан», «БЕЛСАТ LIFE»;
- Відэазапіс «Обращение Полка Калиновского к белорусам»;
- Старонка ў «Аднакласніках» «Координационный совет»;
- Старонкі ва «Укантакце» «Осиповичи исполком», «stachkomgrodnopromstroj.l», «Алеся Манкевiч», «Ольга Карач»;
- Старонкі праекту «Наша мова» ў сацсетках;
- Сайт, старонкі праекту ў сацсетках і email «Волковыск.ВY»;
- TikTok-старонкі «Ksenia Mija», «Я. Салянкоў», «baj.bу» «Настоящее время. Беларусь», «mkbelarus», «Мая Краiна Беларусь», «novy.kanal», «1863_х», «жизнь-малина», «baj.bу».
У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — "Беларусь за МКАДом"
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 13 кастрычніка.
У рашэнне ведамства таксама пазначаны чалавек, якія нібыта маюць дачыненні да ініцыятывы — 33-гадовы грамадзянін Украіны Аляксандр Катовіч.
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 27 прозвішчаў — цяпер у ім 3399 чалавек
13 кастрычніка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі псіхолага Андрэя Рускіх, асуджаных за нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны Дзяніса Варозава, Вячаслава Панцюшэнку, Вольгу Церах, Кацярыну Зарэцкую, Уладзіміра Лавара, супрацоўніцу IT-кампаніі "Гейм Стрым" Ксенію Алькенаву.
З'явілася інфармацыя пра затрыманні ў Слоніме
Паводле інфармацыі "Суды, задержания. Гродно и область", 12 кастрычніка супрацоўнікамі АМАПа ў Слоніме былі затрыманыя Руслан і Цімур Лагуцікі. Прычына затрымання высвятляецца.
UPD. Руслан — блогер-дальнабойшчык. Ён мае ўласны YouTube-канал Engine BLR, на які падпісаныя амаль 30 тысяч чалавек.
Крыніца: Новыя факты палітычнага пераследу беларусаў 13-17 кастрычніка