20.10.2023 Тэгі: суды, катаванні, пенітэнцыярная сістэма У чэрвені 2023 года Ушацкі суд прызначыў супрацоўніку наваполацкай калоніі № 1 капітану Ігару Пятрову шэсць гадоў калоніі са штрафам. Яго адправілі адбываць тэрмін у "Віцьбу". Пятрова асудзілі паводле ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса — учыненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, нададзеных ёй па службе, спалучанае з гвалтам, катаваннямі пацярпелага або прымяненнем зброі або спецыяльных сродкаў, піша "Наша Ніва". Яго абвінавацілі ў перавышэнні паўнамоцтваў — ён збіў вязня. Распавядаем, што вядома пра гэты рэдкі выпадак пакарання супрацоўніка калоніі за гвалт над зняволеным. 

Ігар Пятроў,
Ігар Пятроў, "Наша Ніва"

Пра тое, што супраць супрацоўніка калоніі № 1 узбудзілі крымінальную справу, былы вязень распавёў праваабаронцам "Вясны" напачатку года:

"Быў выпадак, калі начальнік аддзялення атрадаў 1-3 Пятроў ударыў асуджанага так, што ў яго адкрыўся ўнутраны крывацёк. Гэты асуджаны выйшаў на волю і напісаў заяву. На начальніка аддзялення завялі крымінальную справу. Пасля гэтага ў калоніі трохі супакоіліся".

Пры гэтым, былы палітзняволены гэтай калоніі Вадзім Хіжнякоў, распавядаў, што да пакарання вінаватых справа звычайна не даходзіць:

"Звычайна супольнымі высілкамі Пальчыка, СК, пракуратуры і віцебскага УДВП такія выпадкі замінаюцца: зняволенага проста запалохваюць, і ён ад усяго адмаўляецца. Але я ведаю, што былі заявы ад тых, хто вызваліўся. Тады праводзяць праверку, вінаватага адпраўляюць у адпачынак на час разгляду, але потым усё замінаюць".

Але гэтая справа дайшла да суда. Напрыканцы 2022-га года Ігара Пятрова арыштавалі паводле ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса, а ў чэрвені яму прызначылі шэсць гадоў калоніі і 11000 беларускіх рублёў штрафу.

"Начальнік калоніі асабіста ставіў на расцяжку асуджаных", — былы зняволены наваполацкай ПК-1

Былы зняволены папраўчай калоніі № 1 распавёў "Вясне" пра адрозненне ўмоў для палітвязняў і асуджаных паводле іншых артыкулаў, ціск з боку адміністрацыі і чаму на Новы Год штрафныя ізалятары былі запоўненыя палітвязнямі.

Былы вязень ПК-1 распавёў "Нашай Ніве" падрабязнасці:

"Я здзівіўся, калі даведаўся, што Пятрова арыштавалі. Тое, у чым яго абвінавацілі, адбываецца ў калоніі пастаянна. Чалавека ставяць на расцяжку і б'юць па нагах, каб іх расцягнуць у розныя бакі. Пятроў зрабіў тое самае, і ў зняволенага здарыўся разрыў сухажылля, так казалі. Адбылося тое ў сталоўцы з пажылым мужчынам. Пасля вязня забралі ў турэмную лякарню. Зняволены неўзабаве выйшаў па сканчэнні тэрміну, сваякі напісалі заяву, і Пятрова адхілілі ад працы, а пасля арыштавалі. Прывозілі ў калонію ўжо ў кайданках на следчыя дзеянні.

Незадоўга да гэтага ў ПК-1 быў "разбор палётаў", маўляў, хто ёсць хто, і супрацоўнікаў нават вадзілі на паліграф. Там такая атмасфера, што не толькі зэкі даносяць, але і супрацоўнікі пастаянна стукаюць.

Пасля таго, як арыштавалі Пятрова, звольнілі і яшчэ людзей. Кажуць, што некаторых за палітыку, хто неяк выказваўся ці ставіў подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў".

Былы вязень апісвае стаўленне Пятрова да палітвязняў:

"З адметнага — Пятроў адносна лаяльна ставіўся да палітвязняў. Ён ім не рабіў подласцяў. Пры мне нават даваў аднаму з палітычных добрую характарыстыку. Хадзілі чуткі, што ён нават спрабаваў некаторых з іх адстаяць, калі іх збіраліся «закрываць» у ШІЗА".

Любіў выклікаць людзей на гутаркі. Ён распытваў, чаму мяне пасадзілі. У асабістых размовах не выказваў сваіх палітычных поглядаў, хоць на публіку заўжды маляваўся «патрыётам» і хваліў Лукашэнку. Выклікаў ён на такія гутаркі і палітычных, у тым ліку, казалі, Віктару Бабарыку — топ-вязня калоніі".

"Ключыца не так зраслася і костка ўпіраецца ў горла". Новыя сведчанні здзекаў са зняволеных у ПК-1

Былыя палітвязні, у тым ліку і Вадзім Хіжнякоў, распавялі "Вясне" пра тое, як у калоніі здзекуюцца са зняволеных паводле загаду Андрэя Пальчыка і як адміністрацыя хавае наступствы жорсткага абыходжання і катаванняў.

Праваабаронцы працягваюць збор і дакументаванне фактаў катаванняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце: Telegram: @ViasnaDOC | Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..

Распавесці гісторыю журналістам "Вясны" (можна ананімна) у Telegram @Spring96info.

Крыніца: Супрацоўніка наваполацкай калоніі асудзілі за збіццё вязня