23.10.2023 Тэгі: палітвязні, катаванні, гісторыі вязняў "Справа Чорнай кнігі Беларусі" — адна з самых нашумелых і сумнавядомых крымінальных справаў пасля падзей 2020 года. За перадачу ў чат-бот аднайменнага тэлеграм-канала асабістых дадзеных людзей, якія, па меркаванні ініцыятывы, спрычыніліся да фальсіфікацыі выбараў, гвалту супраць мірных пратэстоўцаў і рэпрэсій у Беларусі, былі затрыманыя дзясяткі людзей. Датычных вылічылі праз тое, што амаль ад самага пачатку ў ініцыятыве быў укаранёны супрацоўнік ГУБАЗіКу. Паводле праваабаронцаў "Вясны" за такія "злівы" да вялікіх тэрмінаў былі асуджаныя мінімум 32 чалавекі. За яго адміністраванне яшчэ пяць чалавек былі асуджаныя завочна. Да шасці гадоў калоніі асудзілі, а пазней памілавалі рэдактарку праекта Соф'ю Сапегу. Затрыманні працягваюцца і па гэты час — фігуранты ў следчых ізалятарах чакаюць судоў. Адметнасцю затрыманняў па гэтай справе з'яўляецца тое, што часам яны суправаджаюцца збіццём і катаваннямі. "Вясна" распавядае пра пераслед па "справе ЧКБ" і пра асуджаных за "злівы" палітвязняў. 

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

"Справа ЧКБ" — што гэта?

Праект "Чорная кніга Беларусі" ўзнік у верасні 2020 году як адказ на масавы гвалт з боку супрацоўнікаў сілавых структур. У аднайменным тэлеграм-канале публікаваліся асабістыя дадзеныя людзей, якія, па меркаванні ініцыятывы, спрычыніліся да фальсіфікацыі выбараў, гвалту супраць мірных пратэстоўцаў і рэпрэсій у Беларусі. Там змяшчаліся асабістыя дадзеныя сілавікоў, чыноўнікаў, суддзяў, настаўнікаў, праўладных актывістаў і іншых, якія ўсе жадаючыя маглі даслаць праз чат-бот. У траўні 2021 года стала вядома, што амаль ад моманту стварэння праекту туды быў укаранёны супрацоўнік ГУБАЗіКу Артур Гайко, які адпрацаваў у "ЧКБ" дзесяць месяцаў. Праз яго за гэты час былі затрыманыя многія людзі, якія перадавалі інфармацыю праз чат-бот. Пра гэтую гісторыю падрабязна распавядала "Медыязона".

Затрыманні па "справе ЧКБ" працягваюцца па гэты час. Мінімум 32 чалавекі асуджаныя да вялікіх тэрмінаў. У сярэднім ім прызначана па шэсць гадоў калоніі. Сярод іх — супрацоўнікі банку, былыя пракуроры, міліцыянты і следчыя, чыноўкі, адвакатка, былы падпалкоўнік юстыцыі, судмедэкспет, музыка і мастак. Некаторыя з арыштаваных пры затрыманні супрацоўнікамі ГУБАЗіКа прайшлі збіццё і катаванні. 

Паводле якіх артыкулаў судзяць фігурантаў ЧКБ?

Дзеянні затрыманых па "зліву дадзеных" у чат-бот "ЧКБ" кваліфікуюць па арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй), арт. арт. 426 Крымінальнага кодэкса — (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэкса. Што характэрна, арт. 203-1 КК быў унесены ў кодэкс толькі пасля падзей жніўня 2020 года (змены набылі моц 19 чэрвеня 2021 года). Да зменаў затрыманых па "справе ЧКБ" судзілі, у тым ліку паводле арт. 179 КК (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці).

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" адзначае, што замена артыкула ў Крымінальным кодэксе з 179 на 203-1 абумоўлена падзеямі жніўня 2020 года і іх наступствамі, калі прававыя сродкі і механізмы выключылі магчымасць прыцягнення ў межах прававога поля да адказнасці асоб, якія маюць дачыненне да масавых парушэнняў правоў чалавека.

"У кантэксце таго, як артыкул 203-1 КК выкарыстоўваецца ў правапрымяняльнай практыцы для рэпрэсій тут важна звярнуць увагу на два аспекты. Па-першае, у дачыненні да аднаго і таго ж кола крыміналізуемых дзеянняў павялічана відэлец пакаранняў у бок максімальна карнага ўздзеяння: дадалі і абмежаванне волі, і пазбаўленне. Па-другое, пашырылася паняцце злачынства за кошт дадання ў яго такой прыкметы, як публікаванне дадзеных асобы або яго блізкіх у сувязі з яго службовай дзейнасцю. Па дадзенай частцы артыкула 203-1 КК фігуранта справы могуць адразу ўзяць пад варту. Сэнс рэпрэсіўнага ўздзеяння дадзенага артыкула заключаецца ў крыміналізацыі распаўсюджвання грамадска-значнай інфармацыі аб асобах, якія маюць дачыненне да парушэнняў правоў чалавека і неэфектыўнага іх расследаванні".

Першыя затрыманыя па "справе ЧКБ" 

parhamovich_a.jpg
Арцём Пархамовіч

Першым чалавекам, якога затрымалі за супрацоўніцтва з ЧКБ па зліве губазаўца Артура Гайко, з'яўляецца экс-супрацоўнік "Белтэлекама" Арцём Пархамовіч— 22 кастрычніка 2020 года. Пра гэта ў інтэрв'ю "Медыязоне" распавяла адна з адміністратарак канала Вольга Высоцкая. Паводле яе, адзін з інфарматараў ЧКБ работнік "Белтэлекама" Арцём Пархамовіч сцвярджаў, што падчас начной змены можа незаўважна "рабіць да 20 прабіваў" сілавікоў. Пархамовіч сабраў звесткі ўсіх поўных цёзак сілавікоў, згаданых у ЧКБ, а Высоцкая перакінула іх Артуру, каб ён высветліў, хто з гэтых людзей працуе ў ГУБАЗіКу. Высоцкая распавяла, што на наступны дзень Пархамовіч напісаў ёй, што раніцай яму тэлефанаваў калега з "Белтэлекама" і пытаўся пра начныя прабівы, а цяпер да яго грукаецца міліцыя. Пасля гэтага ён перастаў выходзіць на сувязь.

26 кастрычніка 2021 года МУС выклала відэа з Пархамовічам: ён расказваў аб супрацоўніцтве з ЧКБ, на носе і бровах у яго былі прыкметныя раны. У той жа дзень быў затрыманы яго калега Аляксей Бычкоўскі, хоць яны не былі знаёмыя паміж сабой. Пазней жонка Бычкоўскага распавяла "Нашай Ніве", што мужа вельмі збілі пасля затрымання:

"Мужа збілі, калацілі да паўсмерці пры затрыманні. Бо я гаварыла з тымі, хто бачыў яго пасля затрымання, муж быў у жудасным стане, па іх словах.

Я не хачу нават гаварыць, што з ім рабілі — гэта проста прынізліва для яго. Але, мне сказалі, яго білі электрашокерам, ён губляў прытомнасць…

Дзе яго білі, я не ведаю. Але я гаварыла з калегамі мужа, яны расказалі, што сілавікі пасадзілі яго ў бус — і машына яшчэ даволі доўга стаяла проста ля будынка "Белтэлекама" на Матусевіча. Пасля толькі яго даставілі ў Следчы камітэт. А сам муж напісаў у адным з лістоў пра дарогу ў СК: "Я думаў, што проста не даеду".

У Мінскім гарадскім судзе 8 лютага 2022 года Арцёма і Аляксея асудзілі па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнага. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Арцём і Аляксей цяпер адбываюць тэрміны ў шклоўскай і бабруйскай і калоніях адпаведна.

Збіццё і катаванні

Адметным "справы Чорнай кнігі Беларусі" з'яўляецца тое, што многія фігуранты пры затрыманні праходзяць праз збіццё і катаванні. Узгадаем некаторыя вядомыя праваабаронцам выпадкі.

Супрацоўніка банка "БелВЭБ" затрымалі напачатку ліпеня 2022 года за "зліў" асабістых звестак сілавікоў у чат-бот "Чорнай кнігі Беларусі". Напачатку лютага 2023 года яго асудзілі да шасці гадоў калоніі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютэрнай інфармацыяй), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватнага жыцця і персанальных дадзеных).

Адзін з былых сукамернікаў Васіля распавёў праваабаронцам "Вясны", што яго асудзілі за перадачу асабістых звестак аднаго сілавіка — экс-начальніка ГУБАЗіКа Мікалая Карпянкова, а таксама пра тое, што яго збівалі:

"Ён быў моцна збіты, нават у параўнанні з тымі, каго затрымліваў ГУБАЗіК. У яго былі зламаныя рэбры. Губазікаўцы пагалілі галаву Васіля машынкай. Прычым не зрабілі гэта акуратна, а часткамі, таму валасы на галаве дзесьці былі, а дзесьці — не. Яны здзекваліся з яго. Такая асаблівая ўвага да яго была не проста так. Як расказваў сам Васіль, ён не зліваў людзей у "Чорную кнігу Беларусі", а ён перадаў дадзеныя аднаго канкрэтнага чалавека — экс-начальніка ГУБАЗіКа Мікалая Карпянкова.

У той дзень, калі Карпянкоў разбіў дубінкай шкло ў той кавярні на Нямізе, ён нейкім чынам тады таксама пашкодзіў машыну Васілю. Тады ён напісаў на Карпянкова заяву ў ДАІ, але там яму ці адмовілі, ці сказалі забраць заяву. Тады Васіль вырашыў, што калі заяву не прымуць, то ён выкладзе яго асабістыя дадзеныя ў сеціве. Я так разумею, што так яно і адбылося. Васіль знаходзіўся ў Беларусі, мяркуючы, што ён зрабіў гэта ананімна, але цяпер мы ведаем, што адбылося ў "Чорнай кнізе Беларусі".

Гэтую інфармацыю падцвердзілі праваабаронцам і іншыя былыя сукамернікі Васіля. Тэрмін палітвязня накіравалі адбываць у "Віцьбу".

Былога следчага Мікіту Старажэнку асудзілі ў снежні 2022 года да сямі гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. З 2017 года Мікіта працаваў следчым у райаддзеле сталічнага Следчага камітэту. Са словаў былога сукамерніка палітвязня, менавіта Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весці справу супраць 16-гадовага збітага сілавікамі хлопца (верагодна, гаворка ідзе пра Цімура Міцкевіча) — тады Мікіта ў знак нязгоды звольніўся са следчых органаў. Цяпер яго абвінавацілі ў "зліве" кантактаў сілавікоў паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і паводле ч. 1 арт. 179 КК (незаконны збор і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці). На "пакаяльным" відэа, якое апублікаваў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, Мікіта Старажэнка выглядае вельмі напалоханым, а на твары былі бачныя пашкоджанні. Яго сапраўды збівалі пасля затрымання — гэта "Вясне" пацвердзіў ягоны сукамернік.

Скрыншот з відэа, якое выклаў ГУБАЗіК
Скрыншот з відэа, якое выклаў тэлеграм-канал, набліжаны да сілавікоў

"Калі Мікіта прыйшоў у камеру, то быў вельмі напалоханы, таму што яго пужалі тым, што адправяць у камеру да "пеўняў" і дзе яго будуць збіваць. Пужалі, што праз тое, што працаваў следчым, адправяць яго да "мацёрых". Мы калі ўбачылі, што ён збіты, зразумелі, што ён ніякі не падстаўны. Мы разумелі, што адчувае чалавек у такія хвіліны, таму асцярожна сябе з ім паводзілі. Яго напужалі 12-гадовым тэрмінам.

Ён быў увесь сінім: ад канца пазваночніка і амаль да пятак. У яго былі нават не сінія, а цёмна-фіялетавыя ногі. На твары і на галаве былі ранкі, сляды ад кайданкоў. Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву, надзявалі вядро для смецця на галаву і білі па вядры, каб слядоў збіцця не заставалася. Але ўсё адно ў яго было рассячэнне на носе, каля вуха была вялікая ранка. Відаць, па носе яму патрапіла нармальна, таму што ён яшчэ і чырвоны быў. Таксама ў яго былі апухлыя вусны, сіняк на падбародку.

Працаваў ГУБАЗ. Яны наогул любяць больш за ўсё збіваць айцішнікаў і тых, хто "злівае" інфармацыю".

Палітзняволенага айцішніка і стрыт-арт мастака, вядомага як Дзіма Dream, Дзмітрыя Падрэза ў сакавіку 2022 года асудзілі ў закрытым рэжыме да сямі гадоў зняволення. За перадачу дадзеных сілавікоў тэлеграм-каналу "Чорная кніга Беларусі" яго абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Дзмітрыя затрымалі 15 ліпеня мінулага году — тады сілавікі на вяроўках праз вакно ўварваліся ў кватэру айцішніка. Праваабаронцам “Вясны” ад яго былога сукамерніка стала вядома пра збіццё і здзекі з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКа над палітвязнем падчас затрымання. 

"Забеглі ў ванную, захапілі і паклалі ў пакоі. На рукі – кайданкі. Супрацоўнік ГУБАЗіКа Высоцкі дастаў з паліцы злепак гіпсавай рукі, нацягнуў прэзерватыў і кажа: “Давайце ўставім ў задні праход". Але паклаў гіпсавую руку каля галавы. А перад гэтым сахравец ударыў нагой па сцёгнах, а іншы – пальчаткай па твары. Спыталі пароль – Дзмітрый даў.

Пры ператрусе губазавец Высоцкі ўзяў карціну мастака Захара Кудзіна і парэзаў яе тройчы са словамі: "Так будет красивее”. Потым парэзаў фотакарціны. Потым Высоцкі ўзяў стары ноўтбук, разламаў яго на дзве часткі, стукнуў адной часткай па камоду са словамі: “Теперь точно не работает”.

У хатняй бібліятэцы знайшлі руска-польскі размоўнік. Губазавец Асташка ўдарыў размоўнікам па твары са словамі: "Ты что, блять, не патриот?"

Калі праглядзелі ноўтбук, Высоцкі крычаў: “Убью нах*й, если что-то удалишь".

Потым губазаўцы Высоцкі і Волкаў балончыкам у калідоры на сцяне напісалі “УКБ”. Парвалі канапу, калі круцілі яе. Кватэру не далі закрыць.

Павезлі ў ГУБАЗіК, калі пад’ехалі, Высоцкі сказаў: "Добро пожаловать в гестапо", – распавёў былы сукамернік Дзмітрыя.

"Зразумеў, што затрыманне тычыцца "Чорнай кнігі Беларусі", калі ў камеры пагаварыў з яшчэ адным затрыманым"

Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева. Фота:
Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева. Фота: "Белсат"

З ім у ІЧУ на Акрэсціна 16 ліпеня 2021 года ў адной камеры таксама ўтрымліваўся праграміст з Мінска Сяргей Крупеніч, якога таксама затрымлівалі з жонкай Настай Крупеніч-Кандрацьевай па "справе ЧКБ". Іх затрымалі 15 ліпеня 2021 года. Насту выклікалі ў Ленінскае РУУС, куды яна прыйшла з тэлефонам, там паглядзелі яе перапіскі і звазілі на агляд кватэры сям'і. Праз гадзіну ў ГУБАЗіК прыйшоў Сяргей, дзе яго ўжо чакала Наста. Пасля іх затрымання на адным з праўладных тэлеграм-каналаў з'явілася "пакаяльнае відэа" з Настай. Прапагандыст Азаронак сцвярджаў, што яна даслала ў экстрэмісцкі канал асабістыя дадзеныя дзяцей супрацоўнікаў міліцыі. У выніку іх разам асудзілі па дзевяці пратаколах за перасылку адзін аднаму "экстрэмісцкіх матэрыялаў" у асабістай перапісцы. Усяго ў мужа і жонкі налічвалася 126 і 127 сутак арышту па дзевяці пастановаў суда паводле арт. 19.11 КаАП. Сяргей і Анастасія з'яўляюцца аднымі з рэкардсменаў, каго больш за ўсё ўтрымлівалі на "сутках" на Акрэсціна.

"Затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Ну як затрымлівалі: патэлефанавалі і запрасілі на гутарку. На самой сустрэчы сказалі, што "мая жонка паедзе на пяць гадоў па арт.130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і нібыта ўзламалі тэлефон. Потым скрын перапісак яны перадалі ў РУУС.

Я зразумеў, што затрыманне тычыцца "Чорнай кнігі Беларусі", калі ў камеры ІЧУ на Акрэсціна пагаварыў з яшчэ адным затрыманым [Дзмітрыем Падрэзам] — у яго была падобная гісторыя. Яго затрымалі за тое, што ён пазначыў на фота з Марша супрацоўнікаў ГУБАЗіКа і скінуў гэта ў "ЧКБ". Па выніку яму далі сем гадоў калоніі.

Пасля вызвалення я напісаў у чат-бот, што ёсць сліў і трэба з гэтым разабрацца. Але яны пачалі задаваць пытанні, якія мяне б дэананавалі. Я зразумеў, што бессэнсоўна ім адказваць, таму напісаў у чат-бот "Карнікаў" і ByPOL. Апошнія напісалі, што прынялі да ведама, але выніку ніякага не было", — распавёў "Вясне" Сяргей.

Сяргею і Анастасіі ўдалося пазбегнуць крымінальнай справы па "справе ЧКБ". Пасля нечаканага для іх заўчаснага вызвалення з "сутак" яны пакінулі Беларусь.

Першы суд за кіраўніцтва тэлеграм-каналам ЧКБ 

sapeha_sofia.jpeg
Соф'я Сапега на судзе

Гаворка ідзе пра грамадзянку Расіі Сафію Сапегу, якую затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам. Яны вярталіся з адпачынку ў Грэцыі самалёт авіякампаніі Ryanair. Самалёт прымусілі зрабіць пасадку ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск", у выніку чаго былі затрыманыя Сафія і Раман. Сапегу затрымалі за рэдактарства тэлеграм-канала "Чорная кніга Беларусі". Адразу Сафію ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а потым перавялі на хатні арышт да суда.

6 траўня 2022 года ў Гродзенскім абласным судзе Сафію асудзілі да шасці гадоў калоніі паводле двух артыкулаў КК — ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці ў складзе групы асоб) і ч. 1 арт. 179 (незаконны збор інфармацыі пра прыватнае жыццё). Па версіі следства, Сапега "сумесна з іншымі асобамі, у тым ліку замежнымі грамадзянамі", адміністравала телеграм-каналы, дзейнасць якіх была накіраваная на дыскрэдытацыю дзейнай улады Беларусі і яе праваахоўнага блока, распальванне сацыяльнай варожасці, а таксама арганізацыю злачынстваў у дачыненні да асобных катэгорый грамадзян. Усяго ў тэлеграм-канал размясцілі персанальныя дадзеныя не менш 238 чалавек, сярод якіх былі сілавікі, пракурорскія работнікі, суддзі і дзяржслужачыя. Як пісала Генпракуратура, пасля публікацыі ў адрас пацярпелых пачалі паступаць пагрозы. Пацярпелымі па справе Сафіі прызнаныя 223 чалавекі. Напачатку чэрвеня Сафію накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калонію. Там яна напісала прашэнне аб памілаванні, але напачатку студзеня 2023 года стала вядома, што Сафіі было адмоўлена. Паралельна яе адвакат вёў працэс аб пераводзе Сафіі ў расейскую калонію.7 чэрвеня 2023 года Сафія была вызвалена па памілаванні. Яна прабыла ў зняволенні 2 гады і 14 дзён. Цяпер Сафія знаходзіцца за межамі Беларусі.

Пяць чалавек завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі за адміністраванне "Чорная кніга Беларусі"

У Мінскім гарадскім судзе 18 студзеня 2023 года агучылі прысуд па першым завочным судзе ў рамках "спецыяльнай вытворчасці" па справе "Чорнай кнігі Беларусі". Так да 12 гадоў калоніі завочна асудзілі сузаснавальніка парталаў Tribuna.com і Sports.ru Дзмітрыя Навошу, а таксама Яніну Сазановіч, Даніілу Багдановіча, Валерыю Занямонскую і Вольгу Высоцкую. Пяць чалавек абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных дадзеных). Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.

Пракуроры, чыноўнікі, былыя міліцыянты... Каго асудзілі за "злівы" ЧКБ? 

Калаж spring96.org
Калаж spring96.org

Па падліках праваабаронцаў "Вясны" мінімум 32 чалавекі асудзілі за перадачу дадзеных у чат-бот "Чорнай кнігі Беларусі". Фігурантаў і фігурантак справы, у дачыненні да якіх прысуд набывае моц, уносяць успіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". Часта суды па "справе ЧКБ" адбываюцца ў закрытым рэжыме.

Адвакатку Анастасію Лазарэнку затрымалі 2 чэрвеня 2022 года. У Мінгарсудзе 11 траўня 2023 года асудзілі палітзняволеную да шасці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса за "зліў" дадзеных сілавікоў і суддзяў у "ЧКБ", а таксама за ўдзел у "Маршы за свабоду" ў жніўні 2020-га. Сваю віну Лазарэнка на судзе не прызнала. На волі ў яе засталіся сталы бацька і сын, які з 16 год пакутуе на хваробу Крона. Нядаўна палітзняволеная адзначыла 41-годдзе ў зняволенні. Цяпер Анастасія чакае разгляду апеляцыйнай скаргі.

Былога супрацоўніка міліцыі Андрэя Гаруна асудзілі да сямі гадоў зняволення па "справе ЧКБ". Яго затрымалі ў кастрычніку 2021 года паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) і ч. 1 арт. 179 КК (незаконныя збіранне або распаўсюд інфармацыі пра прыватнае жыццё). 25 жніўня 2022 года ў Магілёўскім абласным судзе ў закрытым рэжыме яму вынеслі прысуд. Цяпер сямігадовы тэрмін ён адбывае ў калоніі № 3.

Да пяці з паловай гадоў калоніі напрыканцы траўня 2023 года асудзілі палітзняволеную былую супрацоўніцу службы "Адно акно" Кастрычніцкага раёна Мінска Святлану Бычкоўскую. Яе судзілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў па так званай "справе Чорнай кнігі Беларусі". За "зліў дадзеных сілавікоў" Святлану абвінавацілі ў тым ліку ў "перавышэнні службовых паўнамоцтваў" і "распальванні іншай сацыяльнай варожасці". Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Вярхоўны суд 25 ліпеня пакінуў палітзняволенай прысуд без зменаў. Святлана адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калоніі.

Начальніка аддзела РУП "Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры" Сяргея Петрушэнку затрымалі ў чэрвені 2021 года за "зліў" у "ЧКБ" асабістых дадзеных супрацоўнікаў Смаргонскага РАУС. Паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы), арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй, рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021), арт. 203-1 ч. 1 і ч. 2 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), арт. 426 ч. 3 (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэкса 3 жніўня 2022 года яго асудзілі да шасці з паловай гадоў зняволення. Таксама яго пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на пяць гадоў. Цяпер Сяргей у "Воўчых норах".

Па "справе Чорнай кнігі Беларусі" асудзілі мінімум двух супрацоўнікаў пракуратуры. Гэта Алег Ермакоў і Канстанцін Прытуленка.

Алега Ермакова асудзілі да шасці гадоў калоніі 18 лістапада 2022 года у Мінскім гарадскім судзе за "незаконны збор ці распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці"(ч. 1 арт. 179 КК) і "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса). Суддзя Сяргей Хрыпач пакараў мужчыну пазбаўленнем волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму тэрмінам на шэсць гадоў. Тэрмін Алег адбывае ў "Віцьбе".

Былога памочніка пракурора Глускага раёну Канстанціна Прытуленку асудзілі за "зліў" да шасці гадоў калоніі. У відэа, якое публікаваў СК, Прытуленка казаў, што адпраўляў у чат-бот "Чорнай кнігі Беларусі" дадзеныя супрацоўніка пракуратуры Глускага раёна і лекара.

Маці і дочку Іну і Валерыю Глінскіх — супрацоўніц МТБанку — асудзілі за перадачу ў 2020 годзе дадзеных сілавікоў у тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі» па трох артыкулах: ч. 3 арт 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй). У Мінскім гарадскім судзе 20 студзеня ім агучылі прысуд — 7 і 6,5 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму адпаведна. Вярхоўны суд пакінуў ім прысуд без зменаў, а апеляцыйныя скаргі без задавальнення. Цяпер яны адбываюць тэрміны ў гомельскай калоніі.

Валерыя і Іна Глінскія на судзе
Валерыя і Іна Глінскія на судзе

Па "справе Чорнай кнігі Беларусі" таксама асудзілі аднаго з топ-мэнэджараў мабільнага аператара life:) Арцёма Воўну. Яго асудзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 179 (Незаконныя збіранне альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці), арт. 352 (Неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй) да васьмі гадоў калоніі. Гэты тэрмін яго накіравалі адбываць у калонію № 22,

40-гадовую спецыялістку Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры Ірэну Клявец асудзілі па "справе Чорнай кнігі Беларусі" да шасці гадоў зняволення. Ёй інкрымінавалі адразу чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), ч. 3 арт. 352 (неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй), ч. 3 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Ірэну затрымалі летам 2022 года. У жанчыны чацвёра непаўналетніх дзяцей. Цяпер яна ў калоніі.

Гэта далёка не ўвесь спіс асуджаных па "справе Чорнай кнігі Беларусі". Таксама па ёй асудзілі да вялікіх тэрмінаў саліста гурта  "Закон гуку" і начальніка аддзелу МТС Аляксея Кузьміна, інжынера ў "Магілёўскіх гарадскіх электрычных сетках" Уладзіслава Купрыянава, былога ўчастковага Алега Зубовіча, супрацоўніцу Мінгарвыканкама Таццяну Колас, былога міліцыянта, затрыманага на мяжы, Кірыла Гняздзілава, былога падпалкоўніка юстыцыі запасу Вячаслава Кандыбу, супрацоўніка "Белтэлекома" Дзмітрыя Каханоўскага і іншых.

Крыніца: Мінімум 32 асуджаныя, катаванні, закрытыя і завочныя суды: што цяпер вядома пра "справу ЧКБ"