25.10.2023 Тэгі: палітвязні, ціск, аналітыка, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1479 чалавек. На мінулым тыдні праваабаронцам стала вядома, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю сем палітвязняў, у тым ліку Вадзім Калінін, Антон Маслыка, Уладзімір Ганусевіч, Аляксандр Гуліда, Аксана Аляксеева.

Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся пра прысуды па палітычна матываваных справах тром палітвязняволеным: 

Палітвязня Паўла Рэзановіча збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым  

Вольга Маёрава, Віктар Снегур і Павел Рэзановіч на судзе

Павел на судзе заявіў, што супраць яго ўжываліся фізічныя і псіхалагічныя катаванні для таго, каб ён падпісаў загадзя падрыхтаваныя паказанні. Былы вязень брэсцкага СІЗА-7 пацвердзіў праваабаронцам, што калі па калідоры вадзілі маці Паўла Любоў, яна крычала так, што было чутно на ўвесь ізалятар. Павел кожны раз вельмі эмацыйна рэагаваў на гэта, за што яго некалькі разоў кідалі ў ШІЗА.

Стала вядома, што 30 кастрычніка ў Шклове адбудзецца суд па замене Паўлу рэжыму ўтрымання на турэмны. Рашэнне будзе прымаць суддзя Аляксандр Тараканаў.

За перыяд з 10 траўня да палітзняволенага Міколы Статкевіча прымяняліся меры спагнання дзевяць разоў

Мікалай Статкевіч. Фота: Уладзь Грыдзін

Пра гэта паведаміла яго жонка Марына Адамовіч:

  • у выглядзе вымовы — 1 раз (29.06.2023);
  • у выглядзе пазбаўлення права на атрыманне чарговай пасылкі або перадачы — 1 раз (08.08.2023);
  • у выглядзе пазбаўлення чарговага кароткатэрміновага спаткання — 1 раз (07.08.2023);
  • у выглядзе пазбаўлення чарговага працяглага спаткання — 1 раз (28.09.2023);
  • у выглядзе змяшчэння ў штрафны ізалятар — 5 разоў (01.06.2023, 20.07.2023, 14.08.2023, 05.09.2023, 06.10.2023).

Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады і 4 месяцы. Яму прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Увесь час яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА.

"Два месяцы ў ШІЗА". Ад палітвязня Уладзіміра Гундара дайшоў ліст на волю 

Уладзімір Гундар

Як паведамляе "Берасцейская Вясна", ад палітвязня дайшоў першы ліст за 2,5 месяцы. У ім Уладзімір паведаміў, што пераведзены на турэмны рэжым тэрмінам на 3 гады. Акрамя гэтага, ён піша, што за тры месяцы ў бабруйскай калоніі ён два з іх правёў у ШІЗА. Гундар цяпер абмежаваны ў "атаварцы" — ён можа купляць рэчы і прадукты толькі на 37 рублёў у месяц. Таксама яму дазволена толькі 1 доўгатэрміновае спатканне ў год.

Нагадаем, Гродзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязню без зменаў — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго праз хуткі этап.

Палітзняволеную Насту Лойку этапавалі ў гомельскую жаночую калонію

Наста Лойка. Фота з архіва сяброўкі Насты

У Мінскім гарадскім судзе 20 чэрвеня палітзняволенай прызначылі 7 гадоў калоніі за падрыхтоўку даклада "Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі" (2017-жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і пазіцыя самой Насты невядомыя.

Вярхоўны суд 3 кастрычніка разглядзеў апеляцыйную скаргу праваабаронцы. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Пятра Лістраценкі пакінула прысуд без зменаў, а скаргу — без задавальнення.

Стала вядома, што Насту ўжо перавялі ў папраўчую ўстанову.

Апеляцыйную скаргу палітвязня Арцёма Лябедзькі разгледзяць 31 кастрычніка 

Арцём Лябедзька ў судзе. Фота: Белта

У Мінскім гарадскім судзе 24 жніўня Анатоля Лябедзькі прызначылі 3,5 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" паводле арт. 361-2 КК за данаты ў тры фонды салідарнасці ў 2020 годзе. Арцём на судзе віну не прызнаў і заявіў, што яму і зусім не ясная сутнасць прад'яўленых абвінавачванняў і не разумее, за што ён на лаве падсудных.

За кратамі Арцём утрымліваецца з 28 сакавіка гэтага года.

Вярхоўны суд 31 кастрычніка разгледзіць апеляцыйную скаргу Арцёма. Раншэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча.

"Схуднеў, але адчувае сябе нармальна". Навіны ад палітыка Андрэя Дзмітрыева 

Андрэй Дзмітрыеў у судзе

Дзмітрыеў — сузаснавальнік і сустаршыня аб'яднання "Говори правду", асуджаны да 2 гадоў калоніі.

Былы калега палітыка распавёў "Свабодзе" пра палітвязня:

"Працуе на вытворчасці па здабычы каляровых металаў з кабеляў — ачышчаюць старыя драты ад ізаляцыі. Праца нялёгкая, але ён чалавек працавіты, карпатлівы, засвоіў і гэтую. Плян выконвае.

Схуднеў, але адчувае сябе нармальна, на здароўе ня скардзіцца. Падцягваецца на турніку, адціскаецца, займаецца гімнастыкай. У вольны час шмат чытае, вучыцца.

Яшчэ ведаем, што Андрэй займаецца самаўдасканаленнем: вучыцца пісаць левай рукой. Навошта яму гэта, невядома, але вось ён такі. Таксама па самавучыцелях вучыцца шахматам і вывучае гішпанскую мову. Карацей, максымальна карысна выкарыстоўвае час, які даводзіцца пражываць за кратамі. Яму выходзіць на волю ў кастрычніку налета."

Палітзняволенага Міхаіла Лапунова арыштавалі шосты раз запар

Міхаіла 23 кастрычніка асудзілі ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля. Яго зноў абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Гэтым разам яго справу рязглядала суддзя Волкава Таццяна. Вынік суда пакуль невядомы, піша @ViasnaHomel. Але на волю ён не выйшаў.

Нагадаем Міхаіл быў затрыманы 8 жніўня і з таго часу бесперапынна знаходзіцца за кратамі.

Сын Лапунова — Мікіта Залатароў — адзін з наймалодшых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года. Агульны тэрмін пакарання для яго склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.

У Старых Дарогах пачаўся чарговы суд над пенсіянерам Васілём Дземідовічам

Васіль Дземідовіч

Яго абвінавачваюць паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Справу разглядае суддзя Наталля Зык.

Гэта ўжо сёмы суд над пенсіянерам. Агулам яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх двух судоў пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць ужо амаль год і чатыры месяцы.

У сувязі з тым, што палітзняволенага ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў», яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Апроч гэтага, у Васіля няма сваякоў, якія маглі б яго падтрымаць. Адзначым, што за апошні год пенсіянер перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах — таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.

(Не) апошняе слова Васіля Іванавіча на адным з судоў

"Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра крымінальны пераслед пенсіянера з Нясвіжа.

Крыніца: Агляд навінаў палітвязняў з 18 па 25 кастрычніка