26.10.2023 Тэгі: умовы ўтрымання, гісторыі вязняў Праз следчы ізалятар КДБ — вядомы як "Амерыканка" з 2020 года прайшлі дзясяткі зняволеных па гучных палітычных справах. Там утрымліваліся фігуранты і фігуранткі такіх гучных справаў як "справы Белгазпрамбанку", "справы падпала лецішча Гайдукевіча", "справы Рабочага Руху", "справы змоўшчыкаў", справаў за "зраду дзяржаве" і іншыя. Цяпер там утрымліваюцца фігуранты "справы за дыверсію ў Мачулішчах". Былы палітвязень распавёў пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ 2021 года.

СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма
СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма

"Заўсёды былі перапоўненыя камеры"

Паводле былога палітвязня ў СІЗА КДБ агулам 18 камер, у якіх утрымліваюцца вязні.

"Звычайна туда садзяць людзей, якія праходзяць па гучных палітычных справах, топ-мэнэджэраў, чыноўнікаў. З размоваў са сваім следчым я зразумеў, што яны [супрацоўнікі КДБ] сябе лічаць самымі прасунутымі ва ўмовах утрымання ў параўнанні з іншымі СІЗА. Гэта абумоўлена, у тым ліку багатым тэхнічным абсталяваннем. Наогул КДБ лічыцца "элітай" — пад іх ведамствам знаходзяцца самыя складаныя справы, і яны таксама прасунутыя ў следчых дзеяннях".

Былы палітвязень узгадвае, што яму было не страшна патрапіць у СІЗА КДБ, а хутчэй цікава. Ён гэта звязвае з тым, што яго затрыманне праходзіла спакойна:

"Дзверы ніхто не ламаў, проста пазванілі ў дзверы — мы адчынілі. Я не адчуваў ніякіх пагрозаў. Таму мне гэта ўсё было больш цікава — я ўспрымаў гэта як новы вопыт. Мяне раней неаднаразова затрымлівалі і я пабываў у розных ізалятарах. Таму цікава было паглядзець месца знутры, дзе шмат, хто ўжо пабываў да мяне".

За час знаходжання ў СІЗА КДБ былы палітвязень змяніў некалькі камер.

"У першай камеры было тры месцы, але там я быў чацвёртым. У СІЗА КДБ часта навічкі павінны былі класціся на падлогу з лежаком — збітым драўляным паддонам — пакуль не вызваліцца месца. Гэта быў ужо нібыта рытуал. У СІЗА КДБ заўсёды былі перапоўненыя камеры. Былі і пяць чалавек у трохмясцовай камеры".

"Калі да нашага шпацыру пачнецца дождж, то нас усё роўна пагоняць туды"

СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма
СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма

Былы палітвязень кажа, што ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ сапраўды нашмат лепш, чым, напрыклад, у СІЗА-1.

"Ежа там сапраўды добрая. Гэта савецкая звычка засталася — ежа па ГОСТу. Без перадач там можна выжыць, але хоць усё і прыедацца. Пры гэтым, там недахоп малочкі, свежых садавіны і гарадніны, таму вельмі патрэбна вітамінная перадача. Але з рыбай праблемаў там няма! Штовечар нам давалі рыбу — салёную сялёдку з варанымі буракамі ці бульбай.

Але ў адрозненні ад "Валадаркі" ў СІЗА КДБ можна перадаваць прыгатаваную ежу, а таксама ваду. Вялікім попытам і папулярнасцю карысталіся тварожныя сырнікі, бо вельмі не хапала кальцыю. Сваім сваякам я пісаў, каб перадавалі якія-небудзь дранічкі, а яны рабілі мне гэткія дранічкі з мясам — калдуны. Праблем з ежай у мяне там не было".

Пры закрытай фортцы ў камеры на сценцы збіраўся кандэнсат, які правакаваў на з'яўленне цвілі і грыбка, узадвае былы палітвязень. Пры адкрытай фортцы ў камеры было халодна да таго, што зімой трэба апранаць верхнюю вопратку. 

СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма
СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма

"Гэта адбывалася ў халодную пару года. Заўсёды была дылема: або моцна мерзнуць з адкрытай форткай, або зачыніць фортку і зарабляць сабе туберкулёз. Батарэі пры гэтым не выратоўвалі. У цёплую пару году там невыносна горача і душна. Нават у +25 у камеры была душна. Я ўжо не кажу пра тэмпературу ў +30. Нават даўгачаканая ноч не прыносіла прахалоды, бо вокны знаходзіліся высока над зямлёю, а тоўстыя сцены доўга астывалі. Мая пасцельная бялізна ў такія дні заўсёды была мокрай ад поту.

У маёй першай камеры стаяў унітаз — гэта была раскоша. У двух наступных яго не было. Наогул толькі ў 1/3 камер ёсць унітазы, у астатніх — вёдры. Гэта робяць для таго, каб у вязняў з розных камер не было сувязяў паміж сабой. Вядро, якое стаіць замест унітаза, выносіцца два разы на дзень".

Агулам шэсць дворыкаў для шпацыру. Зняволеных СІЗА КДБ выводзяць на шпацыр у тры змены. Шпацыр у першую і другую цягнуцца паўтара гадзіны, а ў трэцюю — каля гадзіны. На раннішнім абыходзе супрацоўнік запытвае просьбы і пытанні ў вязняў.

"Раніцай запытваюць, ці пойдзем мы на шпацыр. Потым адмовіцца было ўжо немагчыма, калі ўжо з раніцы заявілі, што камера пойдзе на шпацыр. Таму дождж для нас быў праблемай. Калі да нашага шпацыру пачнецца дождж, то нас усё роўна пагоняць туды, бо раніцай мы ж прасілі. У дворыку для шпацыру ёсць навесік, але пад яго ўсё роўна ўсе не змяшчаюцца. Разы два я там вымакаў цалкам. А ў камеры ж нельга сушыць рэчы..."

"Перад тым, як супрацоўнікі КДБ затрымаюць чалавека, яны вельмі доўгі час збіраюць пра яго інфармацыю" 

СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма
СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма

Былы палітвязень адзначае, што ціск падчас зняволення ў СІЗА КДБ прысутнічае ўвесь час. 

"Націснуць на чалавека там можна рознымі спосабамі. Гэта выяўляецца ў дробязях: апошнімі выводзіць на шпацыр ці ў лазню, не выдаваць бялізну, змяшчаць у камеру з дрэннымі ўмовамі без унітазу і з цвіллю, даць дрэнную характарыстыку для суда, выводзіць з камеры і не даваць спаць, выводзіць на ноч у прыбіральню ў калідоры. Таксама спосабы ціску шукаюць супрацоўнікі КДБ, напрыклад, выклікаюць на допыты сваякоў і блізкіх людзей, трымаючы ў СІЗА трое сутак і паведамляючы пра гэта вязню ці "выпадкова" перасякаючы іх у калідорах КДБ. Са мной таксама такое было. І гэта самае балючае. Перад тым, як супрацоўнікі КДБ затрымаюць чалавека, яны вельмі доўгі час збіраюць пра яго інфармацыю: капаюцца ў яго жыцці, ведаюць усе важныя даты для чалавека, вывучаюць, хто з кім у якіх стасунках. Звычайна шантажуюць тым, што пасадзяць родных ці людзей, якіх ты лічыш блізкімі. Напярэдадні затрымання я вельмі моцна пасварыўся са сваёй сяброўкай — ніколі такога не было. Я збіраўся ісці да яе мірыцца, але мяне затрымалі. Праз некалькі дзён у яе, а таксама маіх бацькоў былі Дні народзінаў. Кдбшнікі ведаюць усе гэтыя даты або калі ты мусіш ляцець у вандроўку — у гэтым выпадку могуць затрымаць за дзень ці калі ты набыў квіткі ўжо. Шмат людзей распавядалі там, што іх затрымлівалі напярэдадні важных мерапрыемстваў, напрыклад, перад гадавінаў вяселля, адпачынка з сям'ёй ці ў Дзень народзінаў чалавека. Гэта ўсё робіцца, каб было маральней цяжэй. Людзі перажываюць у такіх выпадках, могуць пачаць прасіць у іх штосьці, а кдбшнікі гэтым маніпулююць. Таксама яны могуць доўга "марозіць" лісты напачатку. Гэта жахліва, калі ты не ведаеш, што адбываецца на волі з тваімі блізкімі. Вельмі важна, наколькі хутка прыйдзе першы ліст. Бывала, што людзі месяцамі не ведалі, што адбывалася".

"Калі я лёг, то пачуў гук перадзёрнутага затвора пісталета". Палітвязень Ягор Дуднікаў распавёў пра катаванні кдбшнікамі

Палітвязень распавёў, як яго затрымлівалі, збівалі, дапытвалі ў СІЗА КДБ і ў чым канкрэтна яго абвінавачваюць.

Крыніца: "Націснуць на чалавека там можна рознымі спосабамі", — былы вязень "Амерыканкі"