30.10.2023 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28-30 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Брэсце за выкарыстанне дрона без дазволу пакаралі штрафам фатографа

vasil-paszaljuk.jpg
Васіль Пашалюк

Фатограф з Брэста Васіль Пашалюк, больш вядомы ў карыстальнікаў інтэрнэтам пад мянушкай "Васька Пілот", днямі быў аштрафаваны паводле Адміністрацыйнага кодэкса на 10 базавых велічыняў, што складае 370 рублёў. Падставай стала тое, што Васіль змясціў на сваім YouTube-канале некалькі ролікаў з Брэста, зробленых ім паводле замовы для адной з дзяржаўных арганізацый, піша "БАЖ".

Калі прыхільнікі творчасці "Ваські Пілота" даведаліся, што яго аштрафавалі, з’явіліся прапановы дапамагчы з аплатай выдаткаў. Аднак Васіль зрабіў гэта самастойна, адзначыўшы, што крыўдны не сам штраф, а што пакаранне адбылося за бясплатныя здымкі для дзяржаўнай арганізацыі.

"Васька Пілот" — вядома асоба ў інтэрнэт-прасторы не толькі сярод карыстальнікаў з Брэстчыны, але і далёка за яе межамі. Здымкі з дапамогай квадракоптара ён робіць з 2018 года.

Супрацоўнікам "Нафтана", затрыманым падчас "хапуну" 17 кастрычніка, прызначылі арышты

Стала вядома, што справы некалькіх затрыманых разбірала 18 кастрычніка сумнавядомая суддзя Наваполацкага гарадскога суда Зінаіда Балаболава. Напярэдадні некалькі чалавек трапілі пад міліцэйскі "хапун" проста на прахадной.

Як паведаміла "Віцебская вясна", двум "нафтанаўцам" Балаболава прызначыла па 13 сутак арышту за наяўнасць на старонках ў "Аднакласніках" адной або некалькіх "экстрэмісцкіх" спасылак. Яшчэ аднаго калегу арыштавалі на 15 сутак за рэпосты з трох «экстрэмісцкіх крыніц». Усе трое асуджаны паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, міліцыянты заўважылі прыкметы правапарушэння месяц таму, 15 верасня.

Яшчэ аднаго работніка "Нафтана" суд прызнаў вінаватым у "несанкцыянаваным пікетаванні" паводле арт. 24.23 КаАП. Непасрэдна ў дзень затрымання на ягонай старонцы "Укантакце" знайшлі фотаздымкі з бел-чырвона-белымі сцягамі і надпісам "Белорусский протест: цепи без солидарности". Свае віны ён не прызнаў.

Ліквідавана выдавецтва "Кнігазбор" — яно працавала 28 гадоў

Пра выключэнне выдавецтва з Адзінага дзяржаўнага рэгістру 30 кастрычніка паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook ягоны дырэктар Генадзь Вінярскі:

"Усё, і юрыдычна выдавецтва "Кнігазбор" няма. Эпоха Кнігазбору (17.03.1995 — 26.10.2023)".

З'явілася інфармацыя аб затрыманні настаўнікаў у Ваўкавыску

Тэлеграм-каналу "Суды, задержания. Гродно и область" 30 кастрычніка паступіла інфармацыя аб затрыманні выкладчыкаў у гімназіі №1 г.Ваўкавыска. Вядома аб двух такіх выпадках.

ГУБАЗіК затрымаў дырэктара партала ABW.ВY

dyrektar-partala-abw.by.jpg
Дырэктар партала ABW.ВY

Праўладныя тэлеграм-каналы 28 кастрычніка напісалі, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, "выкладваў нацысцкую ўкраінскую сімволіку, абражаў службовых асоб саюзнай дзяржавы, вёў падрыўную работу ў калектыве і прысягаў Ціханоўскай".

Першакурсніка расійскай ВНУ з Беларусі арыштавалі за БЧБ-сцяг на вокладцы студэнцкага білета

daniil-v._perszakursnik-rasiiskai-vnu-z-
Данііл В., першакурснік расійскай ВНУ з Беларусі

На студэнта данёс супрацоўнік універсітэта, які адказвае за мабілізацыйную падрыхтоўку, піша "Осторожно, новости". 

15 верасня 18-гадовы ўраджэнец Мінска Данііл В. у аўдыторыі зялёнаградскага МІЭТ падчас занятку нібыта заявіў, што грамадзяне і ўрад РФ з'яўляюцца тэрарыстамі, у адрозненне ад украінцаў, і сказаў «Слава Украіне». Пра выказванні маладога чалавека даведаўся супрацоўнік ВНУ Фарыд Абдулін, які звярнуўся з заявай у паліцыю.

24 кастрычніка Данііла затрымалі на прахадной інстытута. У студэнта пры сабе быў пропуск у вокладцы БЧБ-сцяга. Паліцыянты заявілі, што сцяг з'яўляецца сімволікай «Палка Каліноўскага», які нібыта звязаны з забароненым у РФ «Легіёнам Свабода Расіі».

Суд арыштаваў маладога чалавека за вокладку на 5 сутак (там патлумачылі, што ён паказваў пропуск падчас паездак на электрычцы, чым прапагандаваў «экстрэмізм»), па другой справе – за фразу «Слава Украіне» – аштрафаваў на 35 тысяч рублёў.

Затрыманы і аштрафаваны за "экстрэмізм" малады ксёндз з Навалукомля

mikalai-lipski.jpg
Мікалай Ліпскі

Ксёндз Мікалай Ліпскі служыць у касцёле Святой Марыі Магдалены ў Навалукомлі Чашніцкага раёна.

28 кастрычніка стала вядома, што яго ўтрымлівалі два дні да суда, які аштрафаваў святара на 1850 рублёў паводле двух артыкулах: ч.1 арт. 24.23 і ч. 2 арт. 19.11 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Таксама ў яго канфіскавалі тэлефон.

Ксяндза судзіла суддзя Смірнова А. С, паведаміла "Хрысціянская візія". 

Крыніца: Ліквідацыя выдавецтва, арышт ксянза: хроніка пераследу 28-30 кастрычніка