01.11.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Жлобінскага раёна 19 кастрычніка вынесены чарговы прысуд па “народным”, 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса. Судзілі Максіма Калінічэнку, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх.
Справу разглядала суддзя Святлана Рубахава.
Максіма затрымалі 16 жніўня 2023 года на трое сутак, затым быў вызвалены да суда пад паручальніцтва. Да затрымання працаваў на пуцявой машыннай станцыі №117 "Жлобін-Паўночны".
Па матэрыялах абвінавачання, Калінічэнка, “дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена ў групе з іншымі асобамі прыкладна да 01 гадзіны 30 хвілін 10 жніўня 2020 года, стаялі на праезнай частцы вуліцы, перашкаджаючы руху грамадскага і іншага транспарту, пляскалі ў далоні, гучна крычалі, свісталі, выкрыквалі розныя лозунгі, дэманстратыўна-грэбліва, адкрыта адмаўляліся ад выканання вышэйзгаданых законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады”.
Суд палічыў, што Калінічэнка здзейсніў злачынства, якое прадстаўляе павышаную грамадскую небяспеку, аднак раней не судзімы, мае пастаяннае месца працы, станоўча характарызуюцца, мае ўстойлівую матывацыю на сацыяльную рэабілітацыю.
Святлана Рубахава прысудзіла Максіму абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў.
Жыхара Жлобіна пазбавілі волі за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе