03.11.2023 Тэгі: грамадства, праваабаронцы Днямі "Цэнтр новых ідэй" прэзентаваў даследаванне пра лічбавую трансфармацыю беларускага дэмакратычнага супраціву. Дзякуючы яму, сталі вядомыя вынікі анкетавання беларусаў на платформе "Народнае апытанне" аб пазнавальнасці і ацэнцы карыснасці беларускіх грамадзянскіх ініцыятыў, а таксама ўцягнутасці ў іх дзейнасць рэспандэнтаў. У тэксце даследавання Праваабарончы цэнтр "Вясна" не згадваўся, але ў некаторых рэйтынгах заняў лідзіруючыя месцы, таму некалькі важных высноў робім мы самі.
Даследнікі правялі апытанне пры дапамозе платформы "Народнае апытанне" ў чэрвені 2023 года. У ім удзельнічалі 1200 карыстальнікаў, больш за 95% з іх, паводле дадзеных сацыёлагаў, знаходзіліся ў Беларусі.
З прапанаваных рэспандэнтам грамадзянскіх ініцыятыў Праваабарончы цэнтр "Вясна" размясціўся на трэцім месцы па вядомасці пасля "Палка Каліноўскага" і "Кіберпартызан" — нас ведаюць 88,8% апытаных.
Па ацэнкі карыснасці дзейнасці "Вясна" размясцілася на другім месцы пасля "Палка Каліноўскага" – пра гэта заявілі 81,5% апытаных.
Для нас вельмі важная пазітыўная ацэнка, і асабліва той факт, што ацэнкі вядомасці і карыснасці не дэманструюць сур'ёзнага разрыву. Асабліва каштоўны той факт, што нашу дзейнасць лічаць практычна аднолькава карыснай як беларусы ў Беларусі, так і за яе межамі – адпаведна 86% і 91% з ліку тых, хто ведае пра "Вясну". Па гэтым паказчыку "Вясна" – першая сярод даследаваных ініцыятыў.
Наша дзейнасць была б не такой эфектыўнай, калі б нас не падтрымлівалі беларусы: як адзначылі рэспандэнты, 5 % з апытаных у краіне і 23 % апытаных па-за Беларуссю прымалі ўдзел у нашай дзейнасці і аказвалі нам дапамогу. Гэта дапамога неацэнная, яна дае нам новыя сілы і шматкроць узмацняе нас у барацьбе з дыктатурай.
Гэта надае нам сілы рухацца далей, нягледзячы на тое, што агулам "Вясна" падзяляе лёс нязгодных беларусаў: дваццаць гадоў таму нас пазбавілі рэгістрацыі, нашых сяброў і калегаў-праваабаронцаў пераследвалі і пераследуюць улады толькі за тое, што мы абаранялі і абараняем правы чалавека. Пяцёра вясноўцаў пазбаўленыя волі, арганізацыю і яе інфармацыйныя рэсурсы прызналі "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннем, нас вымусілі пакінуць Беларусь, але мы застаемся беларускай праваабарончай арганізацыяй і мы змагаемся за правы і свабоды беларусаў.