06.11.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Суд Барнавіцкага раёна і горада Баранавічы 31 кастрычніка ў выязным пасяджэнні разгледзеў крымінальныя справы мясцовых жыхароў Алега Волкава і Вадзіма Барысава. Іх абвінавацілі ў здзеку над дзяржаўнымі сімваламі паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса. Падрабязнасці суду паведамляе “Берасцейская вясна”.
Судовы працэс, які праходзіў непасрэдна ў Баранавіцкім СІЗА №6, вяла суддзя Вікторыя Пакунова.
Пра дэталі судоў над мужчынамі стала вядома з відэасюжэта, паказанага на дзяржаўным тэлеканале.
Дыктар распавёў, што адзін з мужчын вечарам 8 верасня 2023 года ў вёсцы Новая Мыш сарваў з будынку мясцовай крамы сцяг, пашкодзіўшы яго мацаванне. Сцяг паклаў у заплечнік і панёс дадому. Раніцай за мужчынам ужо прыйшла міліцыя. Суддзя прызначыла яму адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Там жа распавялі і дэталі другой справы: ноччу 22 ліпеня 2023 мужчына сарваў сцяг, пашкодзіўшы мацаванне. Сам сцяг забраў дадому, а “потым і зусім з'ехаў з ім у Маскву на заробкі". На судзе растлумачыў, што “сцяг узяў з сабой як сувенір на памяць". Суддзя і тут была суровая: таксама прызначыла адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.