11.11.2023 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, правы зняволеных У ноч з 24 на 25 красавіка 2023 года палітзняволенага экс-банкіра і былога кандыдата на пасаду прэзідэнта БеларусіВіктара Бабарыку даставілі ў гарадскі шпіталь з наваполацкай калоніі № 1, дзе ён адбывае 14-гадовы тэрмін. Там яго пратрымалі некалькі дзён і, меркавана, вярнулі ў калонію. Пазней стала вядома, што палітвязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), але калі дакладна гэта адбылося — невядома. Да таго ж паведамлялася, што доўгі час зімой Бабарыка ўтрымліваўся ў штрафным ізалятары. Чалавек, які атрымаў звесткі ад відавочцы падзей, якія разгортваліся ў шпіталі напрыканцы красавіка з Віктарам Бабарыкам, распавёў праваабаронцам "Вясны" падрабязнасці інцыдэнту.
Паводле Мікалая (імя зменена ў мэтах бяспекі) Віктар Бабарыка быў дастаўлены ў хірургічнае аддзяленне наваполацкай гарадской бальніцы моцна збіты. Гэта быў другі выклік хуткай дапамогі ў калонію да Віктара. Падчас першага візіту супрацоўнікаў хуткай дапамогі ў шпіталізацыі было адмоўлена. Паведамляецца, што адмова была напісаная начальнікам калоніі. Падчас другога візіту лекару брыгады хуткай дапамогі ўдалося пераканаць супрацоўнікаў калоніі ў неабходнасці шпіталізацыі Віктара Бабарыкі ў стацыянар.
"У абодвух выпадках брыгады атрымалі інструкцыі ад кіраўніцтва наваполацкай бальніцы аб тым, што з пацыентам у кантакт не ўступаць, гутаркі не весці, не падаваць ніякіх знакаў. Са свайго боку супрацоўнікі хуткай дапамогі правялі неабходныя абследавання (агляд, змены артэрыяльнага ціску, запіс электракардыяграмы) і даставілі мужчыну ў стацыянар. У прыёмным пакоі Віктар быў агледжаны дзяжурным лекарам, былі праведзены неабходныя даабследаванні (агульны аналіз крыві, мачы, рэнтген галавы і органаў грудной клеткі)".
Папярэдні дыягназ быў – вадкасць у лёгкіх, але ён не падцвердзіўся. Мікалай сцвярджае, што Віктар Бабарыка атрымаў траўмы ў выніку збіцця. Адпаведныя траўмы былі на галаве – іх немагчыма атрымаць пры падзенні, напрыклад.
"На ўсе абследаванні Віктара суправаджалі канваіры. Лекарам і сярэдняму медперсаналу бальніцы былі дадзены рэкамендацыі аб тым, што з пацыентам нельга размаўляць, перамігвацца і г.д. Пры гэтым, на абследавання (напрыклад, ультрагукавое даследаванне) Віктара пад канвоем вадзілі праз некалькі аддзяленняў. На працягу некалькіх дзён, якія Віктар Бабарыка правёў у хірургічным аддзяленні, ён знаходзіўся ў палаце для зняволеных з закратаванымі вокнамі і пад пастаянным кантролем канваіраў, якія сачылі за ўсімі дзеяннямі медперсаналу, спыняючы любую магчымасць перадачы якой-небудзь інфармацыі".
Паводле Мікалая, наведванні Віктара былі пад забаронай, родным і блізкім не паведамлялі пра яго месцазнаходжанне і стан здароўя.
"Праз тры-чатыры дні людзі ў пагонах павезлі Віктара ў невядомым кірунку на аўтамабілі, які не лічыцца на балансе наваполацкай гарадской бальніцы".
Як адзначае Мікалай, з такімі траўмамі, якія былі ў Віктара Бабарыкі, пацыентаў шпіталізуюць мінімум на 7-10 дзён. Пазней у СМІ з'явілася інфармацыя, што Віктара Бабарыку вярнулі ў калонію і змясцілі ў ПКТ.
Нагадаем, Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з сынам Эдуардам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. 6 ліпеня 2021 году палітзняволенага экс-банкіра асудзілі да 14 гадоў калоніі. Праз два гады да васьмі гадоў калоніі асудзілі сына Віктара. 9 лістапада ён сустрэў 60-годдзе ў зняволенні – гэта яго чацвёрты Дзень народзінаў за кратамі.
Калі вам таксама вядомыя нейкія абставіны інцыдэнту, які здарыўся з Віктарам Бабарыкам напрыканцы красавіка 2023 года ў калоніі— калі ласка, напішыце праваабаронцам на @Viasnainfo. Ананімнасць гарантуецца.