11.11.2023 Тэгі: суды, грамадства, рэпрэсіі, зборныя матэрыялы Нягледзячы на катастрафічны недахоп медыкаў у краіне, улады працягваюць праводзіць "зачысткі" як у дзяржаўных медыцынскіх установах, так і ў прыватных клініках. Сотні лекараў з 2020 года зазналі жорсткія рэпрэсіі: іх звальнялі за "няправільную" пазіцыю, арыштоўвалі за ўдзел у акцыях пратэсту і "распаўсюд экстрэмізму", судзілі паводле крымінальных спраў, а цяпер вялікая колькасць з іх вымушана пакінуць Беларусь праз пераслед. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за тры гады беспрэцэдэнтных рэпрэсій па крымінальных палітычных справах былі асуджаныя мінімум 35 лекараў, 15 з якіх прама цяпер знаходзяцца ў зняволенні. "Вясна" распавядае пра пераслед медыкаў, а лекар-гастраэнтэролаг Аляксандр Трафімаў дзеліцца сваёй гісторыяй затрымання і ад'ездам з краіны, а таксама каментуе цяперашнюю сітуацыю з рэпрэсіямі і палітыкай Міністэрства аховы здароўя.
Як і за што ўлады пераследуюць медыкаў?
Па дадзеных "Вясны", з пачатку прадвыбарчай кампаніі 2020 года па крымінальных палітычных справах асудзілі не менш за 35 лекараў, 15 з якіх цяпер знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Акрамя гэтага, дзясяткі лекараў прайшлі праз затрыманні, суды па адміністрацыйных справах і "суткі" ў нечалавечых умовах у ізалятарах па ўсёй Беларусі. Многіх медыкаў затрымліваюць наўпрост на працоўных месцах, пасля чаго судзяць за "дробнае хуліганства", "непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі", "несанкцыянаванае пікетаванне" або за "экстрэмісцкія" рэпосты навінаў незалежных СМІ.
Міністэрства аховы здароўя актыўна пазбаўляе ліцэнзій медцэнтры. Вядома, што прыпынялася праца не менш за дзевяць з іх, але з часам большасць клінік аднавілі сваю працу.
Многіх лекараў звальняюць праз "няправільныя" палітычныя перакананні, а некаторым проста не падаўжаюць кантракты. На 11 лістапада ў цэлым па краіне не хапае 4 825 лекараў-спецыялістаў, таму яны вымушаныя браць на сябе дадатковую нагрузку. Сотні кваліфікаваных спецыялістаў былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі, у тым ліку праз цяжкія ўмовы працы або палітычны пераслед.
Улады рознымі спосабамі спрабуюць прымусіць маўчаць лекараў і запалохваюць іх. Так, напрыклад, праз месяц пасля шпіталізацыі палітвязня Віктара Бабарыкі ў красавіку 2023-га з калоніі ў наваполацкую гарадскую бальніцу са слядамі збіцця, былі затрыманыя мінімум пяць лекараў. У выніку па рашэнні суда чацвярых адправілі на "суткі", а адну жанчыну аштрафавалі на 3 700 рублёў. Прычынай масавых рэпрэсій у гэтай бальніцы стала перадача інфармацыі пра стан Бабарыкі.
"Пасля допыту я апынуўся ў ІЧУ ў кайданках". Гісторыя лекара-гастраэнтэролага
- Аляксандр Трафімаў
Аляксандр Трафімаў — лекар-гастраэнтэролаг, былы намеснік загадчыка Станцыі хуткай дапамогі ў Баранавічах, вядзе свой блог у Instagram.
У чэрвені 2021 года да Аляксандра на працу прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, праверылі яго тэлефон на прадмет наяўнасці "экстрэмісцкіх матэрыялаў", але ў выніку нічога не знайшлі. Тады яны паказалі пастанову на ператрус і спыталі, калі ў яго будзе вольны час. Аляксандр адказаў, што можна праехаць проста з працы, бо хаваць яму няма чаго, але супрацоўнікі прапанавалі адкласці ператрус да наступнага дня.
"Пасля допыту я апынуўся ў ІЧУ ў кайданках"
На наступны дзень ператрус праходзіў у прысутнасці жонкі і дзяцей Аляксандра. Супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе спакойна, не раскідвалі рэчы, а толькі адкрывалі шафы і шуфлядкі. Падчас ператрусу ў доме нічога "забароненага" не знайшлі, тэхніку не забіралі.
На той момант лекар ужо прыняў рашэнне сыходзіць са Станцыі хуткай дапамогі, таму што быў упэўнены, што кантракт восенню яму ўжо не падоўжаць праз яго пераканні. Пры гэтым, як адзначае Аляксандр, сваіх супрацоўнікаў ён ні да чаго не заклікаў, ні ў чым не пераконваў, бо гэта асабістая адказнасць кожнага чалавека.
"Я сышоў з пасады 20 жніўня 2021 года і думаў, што мяне пакінуць у спакоі. Пайшоў працаваць у паліклініку, перавучыўся на гастраэнтэролага. І летам 2022 года, знаходзячыся ў адпачынку, быў дома раніцай з дзецьмі адзін, жонка была на працы. Прыйшлі два супрацоўнікі, паказалі "корачкі", сказалі, што яны з крымінальнага вышуку, запрасілі праехаць да сябе ў аддзел на размову. На што я сказаў, што не магу пакінуць дзяцей, бо жонка на працы.
Яны патэлефанавалі свайму начальніку, усё яму распавялі і прапанавалі прыехаць, калі прыйдзе жонка. Я не думаў, што будзе затрыманне, таму ехаў без рэчаў, у кашулі, у штанах і туфлях. Я планаваў пасля міліцыі паехаць на працу і падоўжыць кантракт. Але допыт зацягнуўся — ён доўжыўся пяць гадзін. Пасля допыту я апынуўся ў ІЧУ ў кайданках".
Медык трое сутак правёў у баранавіцкім ІЧУ ў якасці падазраванага
Перад допытам Аляксандр з жонкай склалі план дзеянняў на выпадак, калі ён не выйдзе на волю. У выніку лекара трое сутак утрымлівалі ў ІЧУ г. Баранавічы ў якасці падазраванага — абвінавачванне так і не прад'явілі.
На другія суткі да Аляксандра прыходзіў супрацоўнік міліцыі і паказваў яму фотаздымкі 2006-га года, знойдзеныя ва "ВКонтакте". На іх — Аляксандр у Крыме з бел-чырвона-белым сцягам. З-за даўнасці фота яму нічога не змаглі прад'явіць, а проста правялі з ім допыт.
Больш у медыка нічога не знайшлі, таму па заканчэнні трох сутак ён выйшаў на волю.
"Я не ведаю іх матыў, чаму яны мяне наогул затрымалі. Таму што каментары я першапачаткова нідзе не пісаў", — тлумачыць медык.
Пасля выхаду з ІЧУ Аляксандр яшчэ некалькі дзён знаходзіўся дома. У іх з жонкай была дамоўленасць, што ў выпадку затрымання гэта надаецца агалосцы. Праз рэзананс у навінах усе на працоўным месцы ведалі пра ягоны арышт. Па словах лекара, ён думаў, што яго звольняць або выклічуць на гутарку, але, да яго здзіўлення, ніякай рэакцыі не было ні з боку кіраўніцтва, ні ад калегаў.
"Мяне гэта больш за ўсё насцярожвала, таму што ішлі тыдзень, другі, месяц, два — і цішыня. Калі б выклікалі і пагаварылі, то, прынамсі, было б нейкае ўяўленне: альбо мне не падаўжаюць кантракт, альбо пра нешта папярэджваюць".
Але праз некалькі тыдняў Аляксандру ўсё ж такі працягнулі кантракт у паліклініцы.
Дапамога палітвязням і ўкраінскім сем'ям
Аляксандр разам з сям'ёй прынялі рашэнне з'ехаць з Беларусі, у тым ліку праз рызыку пераследу:
"Мы дапамагалі з 2021-га года шматдзетным сем'ям, у якіх былі палітвязні мужы з вялікімі тэрмінамі пазбаўлення волі. Бо тады нельга было ўжо выказвацца і глабальна я разумеў, што паўплываць ніяк не магу, таму было прынятае такое рашэнне".
Дапамога спачатку аказвалася васьмі сем'ям, а да 2022 года засталося чатыры — хтосьці з'ехаў з Беларусі, а хтосьці знайшоў працу і мог сам сябе забяспечваць. Акрамя гэтага, у 2022 годзе, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, Аляксандр пачаў дапамагаць украінскім сем'ям, якія з'язджалі з акупаваных тэрыторый у Еўропу транзітам праз Беларусь.
"Канешне, гэтая інфармацыя таксама прасачылася. Таму што ў двары стаялі машыны з украінскімі нумарамі. Увосень з'явілася інфармацыя, што пачалі прыходзіць да валанцёраў, якія дапамагаюць такім сем'ям.
Потым у лістападзе быў зноў нейкі "хапун" медыкаў, потым позвы пачалі прыходзіць. І мы палічылі, што не бяспечна заставацца ў краіне, вырашылі з'ехаць 8 снежня мінулага года".
"Медыкі ўжо звыклі працаваць пад ціскам"
Па словах лекара, палітычная сітуацыя ў Беларусі адбіваецца на лекарах вельмі індывідуальна: хтосьці працягвае проста працаваць, "прымаючы" цяперашнюю ўладу, а хтосьці рыхтуецца да пераезду.
"Нікому не падабаецца ўся гэтая сістэма, не толькі палітычная, але і палітыка Міністэрства аховы здароўя. Проста людзі пра гэта не гавораць. Больш смелыя і адчайныя з'язджаюць, спрабуюць свае сілы на Захадзе. Хтосьці з 2021-га, хтосьці з 2022-га пачаў рыхтавацца паціху: вучыць мовы, рыхтаваць дакументы.
Медыкі ўжо прывыклі працаваць пад ціскам, таму што з боку Мінздрава і асобных кіраўнікоў на месцах часта чутная крытыка і негатыўныя водгукі аб якасці працы. Калектыў не адчуваў падтрымкі і вельмі часта чуў крытыку ў свой адрас, нягледзячы на тое, што вельмі шмат працуюць. Большасць лекараў працуюць больш, чым на адну стаўку".
"У нас працуюць пугой і з гэтага нічога добрага, на жаль, не атрымліваецца"
- Аляксандр Трафімаў
З кожным месяцам у краіне працягвае павялічвацца недахоп медыкаў. Падчас паездкі ў Мінскі раён 27 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў недахоп кадраў у сістэме аховы здароўя, але пры гэтым прапанаваў адбіраць дыпломы ў лекараў, калі яны не працуюць па спецыяльнасці.
Паводле назіранняў Аляксандра Трафімава, апошнім часам усё больш спецыялістаў пакідаюць Беларусь і з'язджаюць працаваць за мяжу. На гэта ідуць не толькі маладыя спецыялісты, але і людзі з вялікім медыцынскім стажам.
"З'язджаюць сем'ямі, з'язджаюць з дзецьмі. Большасць з іх не вернуцца, на жаль, калі мы гаворым пра медыкаў. Таму беларуская медыцына страчвае вельмі шмат. Той дэфіцыт лекараў, які ўтварыўся з-за дзеючай палітыкі Мінздрава, не хутка папоўніцца. Скажам так, у нас працуюць пугой у Беларусі і з гэтага нічога добрага, на жаль, не выходзіць".
Аляксандр адзначае, што Беларусь пакідаюць вопытныя дактары, якія маглі б дзяліцца сваім вопытам з маладымі медыкамі. Таму Мінздраву спатрэбіцца шмат гадоў, каб паспрабаваць папоўніць недахоп спецыялістаў.
"Маладыя па-іншаму цяпер ставяцца. Яны бачаць, што можна працаваць у іншых умовах, што можна ўсё памяняць. Нават калі ёсць адпрацоўка, яны знаходзяць магчымасці і з'язджаюць. Гэта можна бачыць па колькасці апастыляў, якія робяць маладыя лекары".
"Да гэтага дэфіцыту кадраў датычная палітыка нашай краіны"
Цяпер у Беларусі недахоп медыцынскіх кадраў заўважны не толькі ў маленькіх гарадах, але і ў вялікіх — людзям становіцца складаней знайсці вузкапрофільных спецыялістаў.
Пры гэтым медыкі глядзяць на досвед калег, якія з'ехалі і паспяхова здаюць экзамены ў еўрапейскіх краінах, пацвярджаюць дыпломы, вучаць мовы, вывучаюць мясцовую сістэму аховы здароўя, і тады самі вырашаюцца на пераезд.
"Усё больш калег збіраюцца пакінуць краіну. І яны гэта зробяць незалежна ад таго, што прыдумае ўлада, якую б не прыдумалі адпрацоўку ў 5-10 гадоў. Наадварот яны гэтым адштурхваюць лекараў. Таму што медыкі разумеюць, што іх настолькі хочуць утрымаць у Беларусі, каб наогул немагчыма з'ехаць".
Таму цяпер імкліва растуць чэргі да спецыялістаў і на аперацыі.
"Нагрузка пры дэфіцыце лекараў пераразмяркоўваецца на тых, хто застаўся"
Пры такім вялікім недахопе спецыялістаў, лекарам, якія засталіся ў краіне, даводзіцца працаваць звыш нормы. У верасні група незалежных сацыёлагаў пры падтрымцы Незалежнага прафсаюзу медыкаў "Панацэя" і ByMedSol апублікавала звесткі аб становішчы спраў у медыцынскай сферы ў Беларусі. Паводле звестак даследавання, медыкі рэгулярна сутыкаюцца з працай больш за 24 гадзіны запар і недастатковымі перапынкамі паміж зменамі. Пры гэтым значная частка перапрацовак медыцынскіх работнікаў не аплачваецца: у сярэднім — дзве гадзіны працоўнага часу ў тыдзень не ўлічваецца ў табелі (сыходу і прыходу на працу).
Нагрузка пры дэфіцыце спецыялістаў пераразмяркоўваецца на тых, хто застаўся, кажа Аляксандр.
"Логіка ў гэтым ёсць, таму што за ўчасткам павінен быць замацаваны лекар. З іншага боку, лекары разумеюць, што гэта дадатковая нагрузка, з улікам усёй гэтай папяровай працы і працай, якую не павінен рабіць медык.
На гэта сыходзіць вельмі шмат часу і сіл. Бывае, няма дастаткова часу, каб надаць яго пацыенту, паглыбіцца ва ўсё. Матэрыяльна гэта, канешне, ніяк не кампенсуецца".
Пры гэтым Аляксандр звяртае ўвагу, што, чым больш нагрузкі і адказнасці на медыка, тым вышэй імавернасць памылкі. Акрамя гэтага, праз вялікую нагрузку ў лекараў назапашваецца стомленасць, здараецца выгаранне. Гэта адбіваецца ў тым ліку і на сем'ях медыкаў, і на пацыентах.
Практыка з перапрацоўкамі ў Беларусі адрозніваецца ад практыкі ў еўрапейскіх краінах. Так, медык прыводзіць прыклад у Польшчы, дзе за дадатковую нагрузку лекарам даплачваюць грошы — нават за адну дадатковую гадзіну працы. Тады як у Беларусі за гэта могуць проста падзякаваць.
Праверка тэлефонаў лекараў, маніторынг іх сацыяльных сетак
"Цяпер у структурах аховы здароўя, няхай гэта будзе паліклініка або лякарня, ёсць спецыяльныя людзі, якія сочаць за атмасферай, настроем і паводзінамі медыкаў. І калі ёсць больш актыўныя медыкі, то з імі праводзяць прафілактычныя гутаркі. Такіх кейсаў я ўжо некалькі ведаю і не толькі па Баранавічах. Таму ў такіх умовах працаваць цяжка".
Тое, што цяпер адбываецца ў медустановах Беларусі, Аляксандр ведае ад сваіх калегаў. З ягоных словаў, тэлефоны супрацоўнікаў калі і правяраюць, то хутчэй у тых, хто "на алоўку" у адміністрацыі. Пры гэтым супрацоўнікамі міліцыі вядзецца маніторынг сацыяльных сетак лекараў. Гутаркі праводзяцца з тымі медыкамі, якія могуць сваім меркаваннем на кагосьці паўплываць.
"Выбары сталі яшчэ адным трыгерам"
Сітуацыя з пераследам лекараў пачала абвастрацца з 2020 года падчас пандэміі, калі Міністэрства аховы здароўя апынулася не гатовае да барацьбы з COVID-19. Тады пацярпелі не толькі тысячы чалавек, але і самі лекары.
"Тады медыкі дазволілі сабе раскрытыкаваць дзеянні Мінздрава. Таму што было цяжка, мы самі шукалі сабе сродкі індывідуальнай абароны, таксама людзі дапамагалі, за што мы ім вельмі ўдзячныя.
А выбары сталі яшчэ адным трыгерам. І гэты гвалт, які ўсе ўбачылі. А медыкі не проста бачылі гвалт, а многія аказвалі дапамогу тым, хто трапіў пад дубінкі, кулі. То бок медыкі бачылі рэальную карціну. Таму былі Маршы медыкаў у белых халатах, ланцугі салідарнасці".
На думку Аляксандра, медыкі, дзякуючы сваёй кампетэнцыі, штодзённай камунікацыі з людзьмі, болем, страхамі і смерцю, бачаць усё крыху глыбей і інакш. Таму лекары больш самадастатковыя і смелыя, каб дазволіць сабе выказвацца. У гэтым улады бачаць пагрозу, таму не хочуць мець у медустановах работнікаў з супрацьлеглымі поглядамі.
Дапамога калегам-лекарам, якія з'язджаюць з Беларусі
Цяпер Аляксандр працуе ў Польшчы і дапамагае калегам, якія пераязджаюць з Беларусі, з уладкаваннем у новай краіне:
"Мы тут дапамагаем з дакументамі, з падрыхтоўкай да іспытаў, каб было крыху прасцей, таму што дарога ўжо пракладзена. І, калі па ёй правільна ісці, можна дасягнуць поспеху, пацвердзіць дыплом і працаваць. Хочацца дапамагчы, каб лекары не засталіся тут адны".
Хто з лекараў цяпер утрымліваецца за кратамі?
Распавядаем гісторыі некаторых з іх.
Палітвязень Андрэй Любецкі — 2 гады, 6 месяцаў і 7 дзён у зняволенні
Андрэй — 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай лякарні №4 у Мінску сківічным хірургам. Быў валанцёрам каля ізалятара на Акрэсціна. Мае чатырох дзяцей. Любецкі быў затрыманы 4 траўня 2021 года. 18 красавіка 2022 года суддзя Святлана Чарапанава асудзіла лекара да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Цяпер ён адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі № 2.
Палітзняволеная Вольга Барушка — 1 год, 1 месяц і 21 дзень у зняволенні
Вольга — лекарка-анестэзіёлаг-рэаніматолаг Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Была затрымана напрыканцы жніўня 2022 года. За каментары ў інтэрнэце яе абвінавацілі паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 391 (абраза суддзі) Крымінальнага кодэкса. У снежні 2022 года яе асудзілі да 2 гадоў калоніі. Цяпер жанчына адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 4.
Палітвязень Яўген Бужынскі — 1 год, 5 месяцаў і 3 дні ў зняволенні
Яўген — доктар ультрагукавой дыягностыкі першай кваліфікацыйнай катэгорыі са Смаргоні. Быў затрыманы ў чэрвені 2022 года. У Гродзенскім абласным судзе 13 лютага яго асудзілі да шасці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 50 базавых велічыняў (1850 рублёў). Тэрмін Яўгена накіравалі адбываць у наваполацкую калонію № 1.
Палітвязень Уладзіслаў Марціновіч — 2 гады, 11 месяцаў і 23 дні ў зняволенні
Уладзіслаў— былы студэнт 4 курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту, якога затрымалі 19 лістапада 2020 года. Хлопца абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канала "Белыя халаты" паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Уладзіслаў на судзе віну не прызнаў. Цяпер хлопец адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 15 "Вейна".
Палітвязень Аляксей Аляксейчык — 1 год, 1 месяц і 8 дзён у зняволенні
Мужчына больш за 20 гадоў працаваў лекарам-трансплантолагам у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі. Ён зрабіў мноства аперацый па перасадцы касцявога мозгу і лічыцца адным з найлепшых спецыялістаў цэнтра. Яго абвінавацілі ў закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), ці іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусьпаводле ч. 3 арт. 361 КК. Суд прызнаў Аляксейчыка вінаватым і прызначыў яму пазбаўленне волі тэрмінам на два з паловай гады ва ўмовах агульнага рэжыму.
Палітвязень Артур Хлус — 1 год і 21 дзень у зняволенні
Артур — фельчар гродзенскай брыгады хуткай дапамогі, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту. Быў затрыманы напрыканцы кастрычніка 2022 года за рэгістрацыю ў плане "Перамога" і за ўдзел у пратэстах. У выніку яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).
Разгляд справы палітзняволенага пачаўся 27 лютага 2023 года, але па невядомай пакуль прычыне суд прыпынілі да траўня. 22 чэрвеня суд прызнаў Артура вінаватым і пакараў пазбаўленнем волі тэрмінам на пяць гадоў у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Палітвязень Аляксандр Цялега — 2 гады, 6 месяцаў і 9 дзён у зняволенні
Аляксандр — лекар-неўролаг з Барысава, які працаваў у расійскім Нарыльску, а на радзіму прыехаў у красавіку 2021-га ў адпачынак.
Ягоныя дзеянні кваліфікавалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У судзе Ленінскага раёна Гродна 21 студзеня 2022-га Аляксандра асудзілі да чатырох гадоў калоніі. Вядома, што адміністрацыя бабруйскай калоніі № 2, дзе палітвязень адбывае тэрмін, рэгулярна складае на яго рапарты па надуманых прычынах. Яго ўжо пазбавілі спатканняў, пасылак і перадач.
Палітвязень Аляксей Мандзік — 2 гады і 4 дні ў зняволенні
Аляксей — супрацоўнік пятай гарадской паліклінікі, загадчык аддзялення прафілактыкі, лекар-тэрапеўт. Яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу ў лістападзе 2021 года нібыта за ўдзел у "дэструктыўных тэлеграм-каналах", дзе пісаў "дэструктыўныя і абразлівыя каментары" ў адрас супрацоўнікаў АУС. На праўладным рэсурсе быў апублікаваны ягоны "пакаяльны ліст".
Гродзенскі абласны суд у чэрвені 2022 года прызнаў яго вінаватым паводле шасці крымінальных артыкулах і прызначыў яму сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбывае ў бабруйскай калоніі № 2.
Удзел у Маршах, каментары, разгалошванне медыцынскай таямніцы: за што яшчэ ў Беларусі судзяць медыкаў?
Таццяна Талочка — тры гады "хатняй хіміі"
Таццяна — анэстэзіёлаг-рэаніматолаг, працавала ў 2ДГКБ у Мінску. Яе затрымалі 12 траўня 2022 года наўпрост на працоўным месцы ў бальніцы.
У жніўні 2020 года палітзняволеная выратавала ад пераследу падлетка Цімура Міцкевіча, які пасля збіцця сілавікамі патрапіў у кому. Яна падпісала паперы, што дапытваць яго нельга, але галоўная лекарка не падпісала гэты дакумент. Цяпер 19-гадовы хлопец ваюе ва Украіне ў Палку "Кастуся Каліноўскага". Суддзя Вольга Няборская прызнала яе вінаватай у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса), і прызначыла Таццяне тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.
Арцём Сарокін — два гады калоніі з адтэрміноўкай на год
Арцём — урач-анестэзіёлаг у Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску.
19 лістапада 2020 года па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ён быў арыштаваны і змешчаны пад варту. Пазней яму, а таксама журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч, было выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 178 КК за выдаванне медыцынскай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы, у сувязі з публікацыяй медыцынскіх дакументаў, якія тычацца памерлага ад траўмаў Рамана Бандарэнкі.
Інфармацыя, якая змяшчаецца ў гэтых дакументах, абвяргае заявы афіцыйных асобаў аб тым, што Раман Бандарэнка быў п'яны ў момант збіцця, пасля якога ён быў дастаўлены ў аддзяленне міліцыі. Пры гэтым блізкія сваякі Бандарэнкі не лічаць сябе пацярпелымі з-за іх апублікавання і пацвярджаюць іх сапраўднасць.
Суд Маскоўскага раёна Мінска 2 сакавіка 2021 года вынес прысуды: Арцёму прызначылі два гады зняволення з адтэрміноўкай на год і штрафу на 50 базавых (1450 рублёў).
Былая палітзняволеная Наталля Нікіціна — адзін год і 10 месяцаў калоніі
Наталля— педыятарка, псіхіятр-нарколаг, псіхатэрапеўтка, экзістэнцыяльны філосаф і псіхолаг. 29 верасня 2021 года жанчыну затрымалі наўпрост на працы — у Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. За некалькі гадзінаў да затрымання ёй паведамілі пра звальненне.
Наталлю асудзілі па "справе Зельцэра" на адзін год і 10 месяцаў пазбаўлення волі, а таксама прызначылі штраф у 200 базавых велічыняў (6400 рублёў ці амаль 2500 даляраў). Яе прызналі вінаватай паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
Жанчына адбывала свой тэрмін у гомельскай калоніі № 4.
Крыніца: Мінімум 35 асуджаных, масавыя затрыманні і звальненні: як у Беларусі пераследуюць лекараў