12.11.2023 Тэгі: грамадства, свабода мірных сходаў, рэпрэсіі Тры гады таму, 12 лістапада 2020 года, загінуў жыхар Плошчы Перамен Раман Бандарэнка. Увечары 11 лістапада ён выйшаў у свой двор спыніць незнаёмых людзей, якія зразалі з агароджы бел-чырвона-белыя стужкі. Рамана моцна збілі, пасля чаго ён з цяжкімі траўмамі і ацёкам мозгу патрапіў у лякарню. На наступны дзень не прыходзячы ў прытомнасць мужчына загінуў.
Сведкі тагачасных падзеяў, удзельнікі Марша і акцыі памяці па загінулым Рамане ўзгадваюць пра жорсткія затрыманні на акцыі 15 лістапада 2020 года, распавядаюць, як з’явілася Плошча Перамен і як цяпер жыве дваравая супольнасць.
Жахлівая гісторыя храбрай дзяўчыны
Л. жыве ў трох хвілінах хады ад Плошчы Перамен. Яна, які многія мінчукі, 15 лістапада 2020 года прыйшла ў двор, дзе жыў Раман Бандарэнка, каб ушанаваць яго памяць.
Праз пэўны час кола сілавікоў у шаломах і са шчытамі пачало сціскацца вакол мемарыялу і ўдзельнікаў акцыі. Дзяўчына зразумела, што хутка пачнуць затрымліваць. Л. вырашыла, што будзе больш карыснай, калі пойдзе да дому і будзе трымаць адчыненымі пад’ездныя дзверы, каб пратэстоўцы падчас хапуна маглі там схавацца. Урэшце так і адбылося. Сілавікі пачалі разганяць мінчукоў, якія ўрассыпную пабеглі ў бліжэйшыя двары.
"Правалівайце з нашага двара"
Стоячы на балконе, дзяўчына пільнавала, каб суседзі не зачынілі дзверы ў патрэбны момант. Раптам з вуліцы пачалі даносіцца крыкі, якія праціналі ўвесь двор. З-за вугла на сцежку выбег мужчына ў акулярах сталага веку, за якім несліся маладыя хлопцы ў спартовым адзенні, красоўках, бронікамізэльках і зброяй у руках. Л. вырашыла адцягнуць увагу сілавікоў, каб мужчына змог збегчы. Яна скінула з балкону пусты пластыкавы гаршчок для кветак, а сілавікам крыкнула, каб сыходзілі з яе двара. Гаршчок аднесла ветрам у бок, і ён не патрапіў па людзях. Паміж сілавікамі і дзяўчынай завязалася спрэчка. Адзін хлопец у бронекамезэльцы крыкнуў: "Девочка, ты не за тех воюешь!". Другі прапанаваў "е*ануць са стрэльбы" па дзяўчыне на гаўбцы. Урэшце сілавікі скарысталіся адчыненымі дзвярыма ў пад’езд, падняліся на паверх і пачалі ламіцца ў кватэру. Па словах Л., яна разгубілася ад страху і не ведала, што ў такой сітуацыі рабіць. Напісала ў рэдакцыю аднаго з незалежных медыя. Там ёй параілі хіба што весці стрым у сацсетках, які, магчыма, троху стрымаў бы сілавікоў.
Зачыстка
Так працягвалася каля дваццаці хвілінаў. Урэшце Л. праз дзверы пачула, як камандзір па рацыі загадаў сілавікам "зачышчаць пад'езд". Грукаты ў дзверы Л. сціхлі. Але неўзабаве сілавікі пачалі выламваць дзверы ў кватэры ўжо ў дамах Плошчы Перамен.
Пётр Маркелаў, актывіст "Моладзевага блоку"
У той дзень Пётр быў у Мінску. Акцыя памяці 15 лістапада была адной з апошніх буйных акцый пратэсту, на якую людзі прыйшлі з усяго гораду, узгадвае хлопец. У пэўны час амапаўцаў значна паболела, прыехала падпамацаванне. Сілавікі сталі ў шэраг, а пратэстоўцы чакалі іх далейшых дзеянняў.
"Мы стаялі на плошчы разам з сябрамі. Як толькі пабачылі, што сілавікі набліжаюцца, вырашылі сыходзіць. Нас было пяць чалавек. Але мы занадта рана расслабіліся і перасталі пільнаваць. Не схаваліся ў двары, а пайшлі шырокай вуліцай уздоўж праезнай часткі. Даволі хутка ззаду да нас пад’ехаў аўтазак, адкуль выбеглі сілавікі. Нас пецярых змясцілі ў двухмесную камеру аўтазака і адвезлі на Акрэсціна".
"Пеця, трымайся!" Сустрэча з Кацярынай Андрэевай у ізалятары
Пётр распавядае, што ў калідоры ізалятара сустрэў журналістку Кацярыну Андрэеву, якую сілавікі затрымалі наўпрост падчас анлайн-стрыму ў кватэры аднаго з жыхароў Плошчы Перамен.
"Тады ў ізалятары затрыманыя стаялі ў два шэрагі тварамі да сцяны. Калі мы ўбачыліся з Кацяй у калідоры, яна па-прыяцельску пагрукала мяне па плячы і сказала: “Пеця, трымайся!”. Яна як звычайна была вельмі смелая і актыўная".
"Магчыма, я б сядзеў да гэтага часу"
Адбываць суткі Пятра павезлі ў Баранавічы. Ён кажа, што яму пашчасціла, бо ў ІЧУ на Акрэсціна ён раней адбываў арышт, яго там ужо ведалі як актывіста і маглі б арыштаваць на значна большы тэрмін ці завесці крымінальную справу.
"У Баранавічах ніхто не ведаў мінскіх актывістаў. А калі я прыехаў на Акрэсціна, мне з парога сказалі: "О, Маркелаў прыехаў".
Пятра арыштавалі на 15 сутак. Разам з ім у камеры былі пераважна ўдзельнікі акцыі памяці, якіх затрымалі пазней падчас зачысткі плошчы.
Максім Кавалёў, сябра "Задзіночання беларускіх студэнтаў", за тое, што прыйшоў ушанаваць памяць забітага Рамана, сутыкнуўся з гвалтам сілавікоў і бесчалавечным стаўленнем.
"Ён толькі што памёр"
"Я даведаўся пра смерць Рамана ад знаёмай. 12 лістапада я ведаў з навінаў, што напярэдадні на Плошчы Перамен кагосьці моцна збілі і адвезлі ў лякарню. У той лякарні працавала сяброўка маёй знаёмай. На нашае пытанне, што цяпер з тым чалавека, яна напісала: "Ён толькі што памёр".
Максім кажа, што для яго гэта быў вельмі сумны дзень, бо тады ж затрымалі і ягоных сяброў і знаёмых па справе студэнтаў. На той момант Максім ужо некалькі месяцаў не хадзіў ні на якія акцыі. Але тыя падзеі вельмі ўзрушылі хлопца.
"Я тады спытаў сябе, калі яшчэ выходзіць, як не цяпер", – узгадвае тыя падзеі Максім.
Плошча Перамен, мемарыял, зачыстка
Максім – каталік. На выпадак затрымання ён узяў разам з рэчамі першай неабходнасці і беларускі малітоўнік. Падчас затрымання сілавікі знайшлі ў Максіма гэтую кнігу.
"Змагар я*аны! Пі*арас", – пракаментавалі сілавікі знаходку.
Аўтазак, РУУС, ІЧУ на Акрэсціна
Затрыманых спачатку садзілі на лавы ў аўтазаку. Потым зайшоў сілавік, загадаў усім устаць, а затым стаць на калені. Максім кажа, што месца зусім не было і прыходзілася станавіцца наўпрост на іншых затрыманых.
"Сілавік адразу сказаў нам, хто рыпнецца на супрацоўніка, таго вынесуць уперад нагамі".
У ізалятары Максіма збівалі.
"Нас паставілі ў шэраг. Ногі шарока расстаўленыя, рукі трымаць на сцяне і галаву ўніз. За тое, што я нібы недастаткова нізка трымаў галаву, сілавік выпісаў мне ўдар з нагі".
Распавядае фатограф Яўген Атцецкі, жыхар Плошчы Перамен, які ўвесь час ад пачатку салідарызацыі двара і станаўлення мясцовай супольнасці рабіў фотадакументацыю тагачасных падзеяў, а пасля выпусціў аднайменную фотакнігу.
"Двары, уцёкі, беганіна"
"15 лістапада для мяне амаль адразу пачалося з выбухаў і страляніны. Раніцай я паехаў да сяброў на станцыю метро Спартыўная. Адтуль ранкам пачынаўся Марш, пасля якога людзі пайшлі на акцыю памяці на ПП. Не паспеўшы як след пачацца, на Маршы адразу пачаўся жорсткі хапун. Двары, уцёкі, беганіна. Я дайшоў да вуліцы Чэгладзэ і стаў на ўзгорку каля крамы “Азарэнне".
Там Яўгена затрымалі. Ён вырашыў не ўцякаць ад сілавікоў, бо для яго гэта было пытанне годнасці.
"Ты павінен хоць раз сутыкнуцца са страхам твар у твар. Вядома, зараз у бяспецы мне лёгка казаць такія гучныя словы. Спачатку я прыняў гэтае рашэнне, а пасля мне стала яшчэ ў два разы страшней. У апошні момант я драпануў, але не паспеў. Мяне схапілі, скруцілі і кінулі ў аўтазак, дзе людзей складалі проста адзін на аднаго нібы цэглу".
"Усе выбухі, якія там адбываліся, мы чулі праз вакно"
Мужчыну адвезлі ў Цэнтральны РУУС, адкуль ён чуў усё, што адбывалася на Плошчы Перамен.
"Я там прасядзеў да пятай гадзіны ранку. Няспынна прывозілі затрыманых. Усе выбухі, якія адбываліся на ПП, мы чулі праз вакно. Калі ўжо раніцай да нас дайшла чарга афармляцца, напэўна, ужо не было месцаў у ізалятарах, бо нас дзесяцерых вырашылі адпусціць да суда".
Яўген распавядае, што ў РУУСе супрацоўнікі ставіліся за затрыманых вельмі лагодна і звязвае гэта са змяншэннем пратэснай актыўнасці.
"У аддзяленні падчас затрымання мы маглі хадзіць па калідоры, размаўляць, нас вадзілі ў туалет. Мяркую, было так лагодна, бо асноўная напруга ў грамадстве на той момант ужо скончылася".
З мужчынам сядзела шмат суседзяў з Плошчы Пераменаў. Сярод затрыманых быў і бацька гераіні фотакнігі Яўгена.
Яўген ішоў на судовае пасяджэнне з торбай рэчаў, рыхтуючыся да арышту. Але ўсё абыйшлося штрафам.
"Нягледзячы на затрыманне і штраф я лічу, што зрабіў усё правільна. Але на сёння я б, вядома, не хацеў зноў быць затрыманым. На гэта сыходзіць занадта шмат рэсурсаў. Тады я хацеў сабе штосьці даказаць. Але далёка не кожны досвед патрэбны чалавеку".
"Мы дамовіліся, што не выходзім. Але Рома напісаў у чаце "Я выходжу"
"Калі я аналізую тыя падзеі, то раздзяляю тыя дзеянні, якія мы павінны былі рабіць як суполка і нашыя дзеянні як асобаў. Тое, што зрабіў Раман – гэта быў яго выбар як асобы. Ты не можаш загадаць людзям не выходзіць на вуліцу. Мы тады бачылі і абмяркоўвалі з суседзямі, што ў двары стаяць бусікі, што гэта "падстава" і калі мы выйдзем, то гэта скончыцца для нас праблемай. Мы дамовіліся, што не выходзім. Але Рома напісаў у чаце "Я выходжу". Для яго гэта было прынцыповае пытанне".
Як кажа Яўген, ніхто тады з суседзяў не мог падумаць, што дойдзе да забойства. Меркавалі хіба толькі штраф ці арышт.
Пасля забойства Рамана на Плошчы Перамен узнік стыхійны мемарыял. Людзі прыносілі шмат кветак, для якіх ледзь паспявалі даносіць цэбары. Было шмат здымкаў Рамана і самаробных плакатаў. Адразу з’явіліся намёты з гарбатай і ежай. Гэта быў адзін з наймацнейшых прыкладаў салідарызацыі беларусаў. Яўген распавядае, што падзеі пасля 12 лістапада супольнасць ПП ужо не кантралявала.
"Там дзейнічала шмат розных нізавых ініцыятываў. Усё адбывалася вельмі стыхійна".
"Гэта была эйфарыя". Пра супольнасць Плошчы Перамен
Мужчына распавядае ,як нарадзілася супольнасць і як жыве цяпер.
"Мы вельмі лёгка аб’ядноўваліся, вельмі хутка збіраліся, гатовыя былі траціць шмат энергіі на агульную справу, імгненна прыймалі рашэнні. Гэта была эйфарыя. А пасля пачаўся адкат. У нас скончылася энергія і мы адчулі паразу. Удзельнікі супольнасці зазналі на сабе шмат негатыўных наступстваў, частка з’ехала. Супольнасць трапіла ў крызіс і гэта цалкам натуральна. Зараз мы праходзім этап асэнсавання тых падзеяў і выхаду з крызісу. Гэта вельмі цяжка і балюча, але калі мы гэта зробім, то станем мацнейшымі".
Цяпер супольнасць займаецца захаваннем памяці пра Рамана Бандарэнку і падзеі 2020 года. А фотакніга "Плошча Перамен" – адзін з вынікаў гэтай дзейнасці.