25.11.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, ціск, катаванні, рэпрэсіі, гендарныя правы Сёння, у Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні жанчын, традыцыйна пачынаецца 16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендэрнага гвалту, якія скончацца 10 снежня – ў Міжнародны дзень правоў чалавека.

Гвалт у адносінах да жанчын і дзяўчынак застаецца адным з самых распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека ў свеце. Паводле ацэнак, ва ўсім свеце амаль кожная трэцяя жанчына хоць бы раз у жыцці падвяргаліся фізічнаму і / ці сэксуальнаму гвалту з боку інтымнага партнёра, сэксуальнаму гвалту з боку старонняга чалавека або і таму, і іншаму. Кожныя 10 хвілін у свеце адбываецца забойства жанчыны.

Што такое кампанія 16 дзён актыўных дзеянняў?

Таму ААН штогод прапаноўвае кампанію 16 актыўных дзеянняў. Гэтая кампанія на чале з Генеральным сакратаром і структурай "ААН — жанчыны" з 2008 года накіравана на прадухіленне і выкараненне гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак ва ўсім свеце. Яна заклікае да глабальных дзеянняў па павышэнню дасведчанасці, садзейнічанню абароны правоў і стварэнню магчымасцяў для абмеркавання праблем і рашэнняў.

У меэах кампаніі ў 2024 годзе арганізатары заклікаюць да мабілізацыі ўсяго грамадства, каб стаць актывістамі ў справе прадухілення гвалту ў адносінах да жанчын, праявіць салідарнасць з барацьбітамі за правы жанчын і падтрымаць фемінісцкія рухі па ўсім свеце. ААН упэўненыя: разам грамадства зможа супрацьстаяць адкату ад правоў жанчын і заклікаць да міру, свабоднага ад гвалту.

Напрыклад, можна далучыцца да глабальнага руху пад лозунгам #NoExcuse, які заклікае да тэрміновых інвестыцый у меры па прадухіленні гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак.

Як вызначаецца гвалт у дачыненні да жанчын?

Дэкларацыя аб выкараненні гвалту ў адносінах да жанчын, прынятая ў 1993 годзе, вызначае тэрмін “гвалт у дачыненні да жанчын” так:

“любы акт гвалту, здзейснены на падставе палавой прыкметы, які прычыняе ці можа прычыніць фізічную, палавой або псіхалагічны шкоду або пакуты жанчынам, а таксама пагрозы здзяйснення такіх актаў, прымус або адвольнае пазбаўленне волі ў грамадскім або асабістым жыцці”.

Гвалт выяўляецца ў фізічнай, сэксуальнай і псіхалагічнай формах, уключаючы:

  • гвалт з боку партнёра (збіццё, псіхалагічны гвалт, згвалтаванне ў шлюбе, забойства);
  • сэксуальны гвалт і дамаганні (згвалтавання, гвалтоўныя палавыя акты, непажаданыя сэксуальныя авансы, сэксуальны гвалт над дзецьмі, прымусовыя шлюбы, вулічныя дамаганні, пераслед, кіберпераслед);
  • гандаль людзьмі (рабства, сэксуальная эксплуатацыя);
  • аперацыі на жаночых палавых органах, якія калечаць;
  • дзіцячыя шлюбы.

Факты і лічбы: спыненне гвалту ў адносінах да жанчын

Кожныя 10 хвілін забіваюць жанчыну.

Нягледзячы на тое, што гендэрны гвалт не мае межаў, некаторыя жанчыны і дзяўчынкі асабліва ўразлівыя. Напрыклад, маладыя дзяўчаты і пажылыя жанчыны, лесбіянкі, бісэксуалы, транссэксуалы або інтэрсэксуалы, мігранткі і бежанкі, жанчыны, якія прадстаўляюць карэнныя народы і этнічныя меншасці, жанчыны і дзяўчынкі, якія жывуць з ВІЧ або інваліднасцю, а таксама асобы ва ўмовах гуманітарных крызісаў.

Якая сітуацыя ў Беларусі?

Рэпрэсіі, гвалт, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне з людзьмі ў Беларусі толькі ўзмацняецца, а сітуацыя з правамі чалавека – пагаршаецца. Гэта тычыцца і жанчын.

Былі ліквідаваныя амаль усе недзяржаўныя грамадскія арганізацыі, якія займаліся абаронай правоў жанчын, у тым ліку “Радзіслава” і адзіны прытулак для ахвяраў хатняга гвалту, “Гендэрныя перспектывы” і Цэнтр “Яе правы” ды інш. Такім чынам, ахвяры гвалту засталіся ў Беларусі без абароны і падтрымкі. Праект для жанчын "Girl Power Bel" прызнаныя "экстрэмісцкім фармаваннем".

Сёння за кратамі знаходзіцца 163 палітзняволеныя жанчыны, а за чатыры гады праваабаронцы зафіксавалі больш за 1450 вынесеных палітычна матываваных прысудаў па крымінальных справах у адносінах да жанчын. Рэальная ж лічба рэпрэсаваных жанчынаў пасля выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе – невядомая.

"Мне пастаянна сніцца затрыманне"

Гісторыя былой палітзняволенай Наталлі Кукішавай.

У дачыненні да затрыманых часта прымяняецца фізічная сіла, спецсродкі, псіхалагічны ціск, пагрозы фізічнага і сэксуальнага гвалту, а таксама пагрозы адабрання дзяцей ці прычыння шкоды блізкім. Умовы ўтрымання ў зняволенні значна пагаршаюць здароўе жанчын, пры гэтым медыцынская дапамога не забяспечваецца.

Яшчэ ў мінулым годзе Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся ва Упраўленне Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) і праінфармаваў яго аб вядомых звестках катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага годнасць абыходжання ў дачыненні да жанчын. На той момант агулам былі задакументаваныя 193 жанчыны. 37 жанчын паведамілі канкрэтныя абставіны фізічнага гвалту падчас затрымання і ўтрымання ў камерах.

Калі жанчыны ўзгадваюць пра затрыманне, яны паведамляюць пра збіццё міліцэйскім дручком па нагах, збіццё ў становішчы лежачы на зямлі. Адной з жанчын у час збіцця супрацоўнік АМАПу казаў: "Гэта табе за камяні, гэта табе за кактэйлі Молатава, я навучу цябе жыць, я навучу цябе грошы атрымліваць", звяртаўся да яе ў множным ліку "сучыныя дзеці"Дзевяць жанчын распавялі пра ўжыванне пагроз сексуальным гвалтам.

Катаванні позай, пагроза пазбаўлення бацькоўскіх правоў

Як жанчыны Беларусі сутыкаюцца з жорсткім абыходжаннем.

Праваабаронцам ПЦ "Вясна" пастаянна становяцца вядомымі звесткі пра новыя выпадкі рэпрэсій і бесчалавечных адносінаў адміністрацыі гомельскай і зарачанскай калоній да зняволеных. Яшчэ ў пачатку сакавіка 2023 году ў ПК-4 узмацніўся ціск на зняволеных: часта сталі праводзіцца ператрусы і допыты. Жанчыны даўно не атрымліваюць лісты, аднак паведамляецца, што іх у калоніі выклікаюць на допыты праз лісты, у тым ліку і старыя, дзе асобы, якія вядуць допыт, спрабуюць даведацца, кім для іх даводзяцца людзі, якія дасылаюць лісты. Палітзняволеныя ўвесь час сутыкаюцца з псіхалагічным ціскам з боку супрацоўнікаў калоніі.

"Б'юць па самым балючым — па родных, блізкіх, сяброўках у ПК"

Новая інфармацыя пра рэпрэсіі і ціск у гомельскай жаночай калоніі.

У жаночай калоніі № 4 існуе шмат пакаранняў, якія зневажаюць чалавечыя гонар і годнасць. Адно з такіх — памяшчэнне палітзняволеных у так званую "клетку", якая знаходзіцца на вуліцы паміж жылой і вытворчай зонамі. 

"Клетка" ў жаночай калоніі. Што гэта такое, якія нормы парушае?

"Вясна" распавядае, што гэта такое і якія нацыянальныя і міжнародныя нормы парушае такое абыходжанне са зняволенымі.

Увесь час знаходжання ў калоніі № 24 у Зарэччы жанчын рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар, у якім, па словах былых зняволеных, нечалавечыя ўмовы ўтрымання. Палітзняволеных пазбаўляюць спатканняў, перадач, а таксама знішчаюць лісты ад сваякоў.  "Вясна" распавядала, у якіх умовах утрымліваюць палізняволеных жанчын у калоніі для "рэцыдывістак", хто адказвае за ціск на іх, і як улады працягваюць пераследаваць ужо асуджаных жанчын. 

"Лісты знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам"

Як у жаночай калоніі ў Зарэччы здзекуюцца з палітзняволеных.

Супрацоўнікі зарачанскай калоніі збівалі палітзняволеную Вікторыю Кульшу, а праз некалькі галадовак у яе двойчы здараўся сардэчны прыступ. Пра збіванні ў гэтай калоніі на судзе заяўляла і палітзняволеная актывістка Паліна Шарэнды-Панасюк.Яна заявіла пра збіванні ў зарэчанскай калоніі — быў моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы.

Актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк на судзе заявіла пра збіванні і ціск у калоніі

"Вясна" распавядае, што адбывалася на першым судовым пасяджэнні па справе Шарэнды-Панасюк.

Калі вы хочаце напісаць  лісты падтрымкі ды паштоўкі салідарнасці зняволеным жанчынам і выказаць сваё захапленне іх сілай і трываласцю ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, можна скарыстацца спісам палітзняволеных жанчын

Таксама можна напісаць анлайн праз Майстэрню паштовак салідарнасці

ПЦ "Вясна" нагадвае пра важнасць дакументавання сваіх гісторый. Калі ласка, пішыце на:

Telegram: @ViasnaDOC | Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Калі вы жанчына і вы сутыкнуліся з фізічным гвалтам або іншымі парушэннямі з боку мужчын-супрацоўнікаў праваахоўных органаў пры затрыманні і пры наступным утрыманні ў месцах несвабоды, юрыдычная служба "Вясны" прапануе звярнуцца са скаргай у Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Па дапамогу з абскарджаннем звяртайцеся:

Telegram: @zvarot96

email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Крыніца: Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні жанчын: у Беларусі — 163 палітзняволеныя жанчыны