22.11.2024 Тэгі: суды, палітвязні, войска, рэпрэсіі 20 лістапада стала вядома пра затрыманне былога беларускага вайскоўца і экс-дабраахвотніка Палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка. Праз тое, што Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы, ён апынуўся ва В'етнаме, дзе яго затрымалі 13 лістапада і на наступны дзень выдалі Беларусі па запыце спецслужбаў. Акрамя гэтага, 18 лістапада чарговым указам Лукашэнкі былі пазбаўленыя воінскіх і спецыяльных званняў яшчэ 21 чалавек.
Па стане на 22 лістапада 2024 года агулам з 2020 года пад крымінальны пераслед трапілі не менш за 42 вайскоўца, 26 з якіх былі пазбаўленыя волі. "Вясна" распавядае як і за што ў Беларусі пераследуюць вайскоўцаў.
За што ў Беларусі судзяць вайскоўцаў?
Цяпер у месцах зняволення знаходзяцца не менш за 20 вайскоўцаў: 18 з іх асуджаныя да пазбаўлення волі, яшчэ двое пад вартай да прысуду. Частка справаў разглядалася ў закрытым рэжыме, таму сутнасць абвінавачванняў супраць некаторых палітзняволеных вайскоўцаў невядомая. Некаторых з іх асудзілі за каментары ў інтэрнэце, данаты, за перадачу сакрэтных дакументаў ці дапамогу ўкраінскім вайскоўцам пасля пачатку паўнаштабнага ўварвання Расіі. Выпускніка кадэцкай вучэльні Міхаіла Бабошку, напрыклад, у кастрычніку 2023 года асудзілі паводле ч. 3 арт. 130 КК за перадачу дадзеных "Чорнай кнізе Беларусі" да сямі гадоў калоніі.
Вядома, што некаторых вайскоўцаў пасля затрымання збівалі і катавалі. Апроч гэтага, у зняволенні на іх аказваюць розным чынам ціск.
Каго асудзілі да найбольшых тэрмінаў?
Фігуранты "справы Гайдукевіча" — 14 і 21 год калоніі
У Мінскім гарадскім судзе 21 чэрвеня абвесцілі прысуд па гучнай крымінальнай справе, у тым ліку за спробу падпалу дома Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года. Па справе праходзілі 18 абвінавачаных, з якіх 15 чалавек знаходзіліся пад вартай, а экс-рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева і двух былых сілавікоў судзілі завочна. У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Сярод фігурантаў былі: Уладзіслаў Вайцяховіч, які скончыў Вайсковую акадэмію, а таксама вайсковы пенсіянер Сяргей Сакалоў.
Уладзіслава судзілі разам з жонкай Анастасіяй, бацькам Віталём і маці Вольгай. Яму прызначылі 21 год пазбаўлення волі, а Сяргею — 14 гадоў.
Былы ваенны тапограф Дзмітрый Гулін — 14 гадоў калоніі
У снежні 2023 года Брэсцкае дзяржсмі апублікавала відэаролік пра затрыманне палітвязня. Сілавікі назвалі Дзмітрыя “агентам украінскіх спецслужбаў”. Былы вайсковец нібыта паведамляў украінскім вайскоўцам аб размяшчэнні расійскіх частак на тэрыторыі Беларусі. У фільме, знятым праўладным тэлеканалам, сцвярджаецца, што Зміцер нібыта ў 2020 зняў ролік-зварот да вайскоўцаў і сілавікоў, а яшчэ праз год звязаўся з арганізацыяй "Буслы ляцяць". Таксама, па версіі тэлеканала, Гулін маніторыў чаты "Брэст-97", "Гомель-97", "Калінкавічы", "Лунінец" і сам актыўна пакідаў там каментарыі. Яго асудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі паводле шасці крымінальных артыкулаў. Цяпер адбывае тэрмін у віцебскай калоніі № 3.
Светлагорскі "рэйкавы партызан" — 21 год калоніі
Алег Малчанаў — жыхар Светлагорску, былы вайсковец, займаўся перавозкамі. Затрыманы 4 сакавіка 2022 года за падпал 28 лютага 2022 года на станцыі Жэрдзь — Астанкавічы рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), у выніку чаго святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку былі прыведзеныя ў непрацоўны стан. Перагон знаходзіцца на лініі Жлобін-Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны).
Дзянісу Дзікуну, Алегу Малчанаву і Дзмітрыю Равічу — выставілі абвінавачанні паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "акт тэрарызму" і "здраду дзяржаве". У снежні 2022 года Алега асудзілі да 21 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Цяпер адбывае пакаранне ў наваполацкай папраўчай калоніі № 1.
Вайсковы пенсіянер з Баранавічаў — 12 гадоў калоніі
Дзмітрый Нешта працаваў у Баранавічах на 558-м авіярамонтным заводзе. Быў затрыманы ў кастрычніку 2021 года. Уключаны ў “спіс тэрарыстаў” па версіі КДБ.
Па матэрыялах следства, Нешта 26 верасня 2020 года, знаходзячыся ў гаражы ў Баранавічах, незаконна вырабіў тры "кактэйлі Молатава", дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, захоўваў іх у вышэй згаданым гаражы, а неўзабаве перанёс да аўтамабільнай стаянкі, размешчанай каля адной з вайсковых частак, дзе ўжыў іх пры здзяйсненні акту тэрарызму. Ён жа, знаходзячыся паблізу аўтамабільнай стаянкі, у мэтах аказання ўздзеяння на вайскоўцаў унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь адной з вайсковых частак, кінуў тры "кактэйлі Молатава" з запаленымі кнотамі ў аўтамабілі, якія належалі вайскоўцам, пасля чаго, пераканаўшыся, што яны ўспыхнулі, сышоў з месца здарэння.
У ліпені 2022 года яму прызначылі 12 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з пазбаўленнем вайсковага звання “падпалкоўнік”. Тэрмін адбывае ў віцебскай калоніі№ 3.
Фігурант справы "Буслы ляцяць" — 14 гадоў калоніі
Аляксей Іванісаў — былы вайсковец, сувязіст. Яго затрымалі 29 верасня 2021 года. Яго асудзілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў, у тым ліку за "ўдзел у арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці" і "акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча".
Згодна з версіяй абвінавачвання, удзельнікі групы пашкодзілі аўтамабіль, які належыць суддзі Барысаўскага раёна; кінулі камень у акно кватэры, дзе пражывае супрацоўнік пракуратуры горада Мінска з малалетнім дзіцем; аналагічныя злачынныя дзеянні здзейсненыя ў дачыненні да грамадскай актывісткі, якая падтрымлівае дзеючую ўладу; пашкодзілі і знішчылі сістэму відэаназірання, усталяваную ў Фрунзенскім раёне сталіцы; ; адзін з абвінавачаных пашкодзіў чатыры шыны аўтамабіля, які належыць грамадскаму актывісту-карэспандэнту рэспубліканскага СМІ.
28 верасня суддзя Анастасія Папко прызначыла яму 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у 500 базавых. Для адбыцця пакарання Аляксея этапавалі ў магілёўскую ПК № 15.
Экс-вайсковец Павел Кучынскі — 19 гадоў калоніі
У Мінскім абласным судзе 15 снежня 2023 года былому вайскоўцу Паўлу Кучынскаму прызначылі 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Працэс вёў суддзя Аляксандр Рыбакоў. Паўла прызналі вінаватым паводле сямі крымінальных артыкулаў — сярод іх "здрада дзяржаве", "акт тэрарызму", "удзел у тэрарыстычнай арганізацыі".
Паўла Кучынскага затрымалі прыкладна напачатку верасня 2022 года. Тады арганізацыя BYPOL пісала, што Кучынскі быў затрыманы ў сувязі з верагодным дачыненнем да справы "інкасатараў":
"Спецслужбы пад катаваннямі прымусілі яго ўдзельнічаць у правакацыі, у рамках якой апошні выйшаў на сувязь з прадстаўнікамі BYPOL і прапанаваў здзейсніць акцыі прамога дзеяння. Усе перамовы і перапіска фіксавалася".
Як дзяржава пераследуе экс-сілавікоў і вайскоўцаў, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі
Суд мужам і жонкай з Баранавіч за "здраду дзяржаве"
У Брэсцкім абласным судзе 24 кастрычніка распачаўся суд над мужам і жонкай з Баранавіч — Уладзіславам і Таццянай Кашчэевымі. Іх абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Працэс у закрытым рэжыме вядзе суддзя Дзмітрый Карасінскі. Дакладна невядома, што ставіцца ў віну Кашчэевым. Уладзіславу і Таццяне пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Верагодна, іх утрымліваюць пад вартай, бо апошняя іх актыўнасць у сацсетках была ў 2023 годзе.
Як паведамілі "Вясне" ў арганізацыі BELPOL, Таццяна раней працавала на "558 авіацыйным рамонтным заводзе" тэхнікам па працы. Уладзіслаў — вайсковец. Па звестках за 2019 год, ён працаваў на "61-й знішчальнай авіябазе ў Баранавічах" (в/ч 54804).
У Уладзіслава і Таццяны двое дзяцей, малодшы сын яшчэ непаўнагадовы.
Крыніца: У Беларусі мінімум 20 вайскоўцаў утрымліваюцца ў зняволенні