16.11.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-16 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Лекара і "Чалавека года Віцебшчыны" агулам арыштавалі на 30 сутак

Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Уладзімір Царыкаў 2 лістапада за распаўсюд «экстрэмісцкіх» публікацый у сацыяльнай сетцы паўторна арыштаваў на 15 сутак "Чалавек года Віцебшчыны — 2014", загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі абласной бальніцы Аляксандра Ганчарова.

Першы раз Аляксандру прызначылі 15 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у сярэдзіне кастрычніка.

Пры паўторнай праверцы работнікамі міліцыі гаджэтаў Ганчарова імі быў складзены яшчэ адны пратакол. На падставе яго суддзя Царыкаў пастанавіў пакараць доктара арыштам яшчэ на 15 сутак, піша "Віцебская Вясна".

Аляксандр Валер'евіч мае стаж працы больш за 25 гадоў, быў уганараваны званнем "Чалавек года Віцебшчыны", а ў 2020-ым годзе атрымаў падзяку ад Лукашэнкі за ўнёсак у барацьбе з COVID-19.

ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, які нібыта пакінуў больш за 200 "абразлівых" каментароў

У праўладных тэлеграм-каналах 15 лістапада сцвярджала, што затрыманы абражаў сілавікоў і прадстаўнікоў улады.

Палітзняволеную Алену Лазарчык у чарговы раз змясцілі ў ШІЗА 

Пра гэта стала вядома праваабаронцам 15 лістапада.

Нагадаем, актывістку "Еўрапейскай Беларусі" асудзілі да васьмі гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Вядома, што Алена ў калоніі мае праблемы з зубамі, яна схуднела. Раней паведамлялася, што жанчыну змяшчалі ў ШІЗА.

Падтрымаць палітзняволеную: ПК №4. 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Алене Мікалаеўне Лазарчык

Сілавікі затрымалі жыхара Мінска за "экстрэмісцкую" татуіроўку 

На "пакаяльным" відэа, якое праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі 15 лістапада, яго прымусілі паабяцаць "пасля адбыцця пакарання" вывесці яе.

Крыніца: Затрыманні і ціск на палітвязняў: хроніка рэпрэсій 15-16 лістапада Дапоўнена