16.11.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, рэпрэсіі, дыфамацыя Сцяпан Задойка 24 кастрычніка 2023 году ў судзе Кастрычніцкага раёну Гродна вынесены прысуд Сцяпану Задойка. Яго асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Сцяпана асудзілі адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў), ч. 2 арт. 366 (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы, якая выкновае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак). Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, мужчына напісаў больш за 1200 каментароў. Паказаныя сілавікамі каментары былі напісаныя пераважна на беларускай мове і ў асноўным накіраваныя на падтрымку Украіны. Усе паказаныя ў праўладным відэа каментары — з ютуба. 

На падставе ч. 1 арт. 367 КК яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на паўтара года. На падставе ч. 2 арт. 367 КК Рэспублікі Беларусь — 2,5 гады пазбаўлення волі. На падставе ч. 1 арт. 368 КК — год пазбаўлення волі. На падставе ч. 2 арт. 368 КК — два гады пазбаўлення волі.  На падставе арт. 370 — год пазбаўлення волі. На падставе арт. 369 КК — год пазбаўлення волі і штраф у памеры 100 базавых велічынь (3700 рублёў).  На падставе ч. 2 арт. 366 КК — чатыры гады пазбаўлення волі. У адпаведнасці з ч. 1,2,6 арт. 72 КК Рэспублікі Беларусь па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў, канчаткова Сцяпана Задойку асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама ён мусіць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (3700 рублёў.)

Справу разгледзела суддзя Маргарыта Ланцэвіч.

Раней паведамлялася, што на «пакаяльным відэа» на Задойку накідваюцца пяцёра байцоў САХР, пасля чаго мужчына выглядаў збітым: у яго было падбітае вока і падрапаная да крыві галава. У відэа таксама паказалі каментары, якія Сцяпан нібыта пакідаў на ютубе, — пераважна яны напісаныя на беларускай мове і накіраваныя на падтрымку Украіны.

Сцяпан цалкам прызнаў віну паводле ўсіх артыкулаў, акрамя ч. 2 арт. 366 Крымінальнага кодэксу (паводле яго прызнаў віну часткова). Ён распавёў, што размяшчаў каментары на ютуб пад ролікамі на палітычную тэму "праз эмоцыі". Ён быў нязгодны, што яго каментары былі пагрозай прымянення гвалту ў дачыненні да Лукашэнкі, бо насамрэч ён не здзяйсняў і не збіраўся здзяйсняць дзеянні, накіраваныя на прымяненне гвалту ў дачыненні да яго.

Да затрымання Сцяпан працаваў рабочым на адным з прыватных прадпрыемстваў Гродна. Таксама мужчына рэгулярна хадзіў у залу і падтрымліваў сябе ў добрай фізічнай форме, калі меркаваць па фота ў сацсетках.

Крыніца: Гродзенскага рабочага асудзілі да 5,5 гадоў калоніі нібыта за 1200 каментароў