17.11.2023 Тэгі: палітвязні, ціск, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.
На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1451 чалавек. На мінулым тыдні праваабаронцам стала вядома, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю сем палітвязняў: Арцём Андрасюк, Андрэй Герасімовіч, Сяргей Непагода, Аляксей Вялешка, Ілля Толкач, Леанід Уласюк, Станіслаў Дзмітрук.
Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся пра прысуды па палітычна матываваных справах двум палітвязняволеным:
- Жанна Волкава — тры гады калоніі;
- Аляксандр Фікаў — тры гады калоніі.
"Вучыцца на зваршчыка, у вольны час шмат займаецца спортам", — навіны журналіста Дзмітрыя Семчанкі
Дзмiтрый — журналіст і тэлевядоўца, які раней займаў пасаду ў частцы "прэзідэнцкага пула" тэлеканала АНТ. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы). Суддзя Яўген Пісарэвіч 23 сакавіка асудзіў Семчанку да 3 гадоў калоніі. Адбываць тэрмін Дзмітрыя перавялі ў івацэвіцкую калонію № 22.
Крыніца, якая мае кантакты з былымі вязнямі калоніі, падзялілася са "Свабодай" апошнімі звесткамі пра журналіста:
"Ён трымаецца нармальна, мае роўныя адносіны з іншымі вязнямі. Вучыцца на зваршчыка, у вольны час шмат займаецца спортам — яго часта бачаць на спартовай пляцоўцы. Да яго даходзяць лісты ад сваякоў, ёсьць і тэлефонныя званкі. На волю яму выходзіць у сярэдзіне 2025 году".
"Ён збольшага ў парадку, на здароўе не скардзіцца". Навіны журналіста Яўгена Меркіса
Гомельскі краязнаўца і журналіст быў затрыманы 13 верасня 2022 года. Палітвязня абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). 30 траўня Яўгену прысудзілі 4 гады калоніі.
Праваабаронца Леанід Судаленка атрымаў навіны ад журналіста, піша "Гомельская Вясна":
"Ён збольшага ў парадку, жыццё для тых месцаў стандартнае, на здароўе не скардзіцца. Перапісваецца з бацькам (маці памерла, сам Яўген удавец), абмяркоўваюць харчовую перадачу, званкоў пакуль не дазволілі. У вольны час чытае, глядзіць тэлевізар. Нядаўна ў калонію прыязджаў з выступам лектар-гісторык (які не ўдакладняе)".
Палітвязня Ігара Аліневіча 20 сутак утрымлівалі ў ШІЗА
Пра гэта паведамляе тг-канал "Право на восстание".
Ігар— актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жадзіна. Пасля гэтага яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. На знак пратэсту ён трымаў галадоўку.
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу змясцілі ў ПКТ
Вікторыю двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі.
За першыя паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгады ў ПКТ. Па інфармацыі праваабаронцаў, адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю логцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Акрамя гэтага, жанчына некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
22 чэрвеня жанчыну зноў этапавалі ў жаночую калонію № 24. Вядома, што доўгі час яе ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары, а цяпер змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Тэрмін і прычыны спагнання пакуль невядомыя.
Мужа палітзняволенай Віталіі Бандарэнка затрымалі адразу пасля спаткання з жонкай — супраць яго распачалі крымінальную справу
Як паведамляе "Dissidentby", Анатоль Старасвецкі быў затрыманы ў верасні адразу пасля спаткання з Віталіяй. Яго арыштавалі на выхадзе з жаночай калоніі і змясцілі ў ІЧУ. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА, яму інкрымінуюць арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
У сваіх лістах хлопец вельмі хвалюецца за дзяўчыну. Вядома, што ў Анатоля няма блізкіх сваякоў, якія яго могуць падтрымаць.
Віталія — адзіная дзяўчына з асуджаных з-за ўдзелу брэсцкіх "масавых беспарадках". Яна была затрымана 1 сакавіка 2021 года пасля вяртання з-за мяжы і пазней асуджаная да 4 гадоў калоніі. За кратамі яна выйшла замуж за Анатоля.
Праваабаронца Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам прэміі імя Аляхновіча
У Міжнародны Дзень пісьменніка ў зняволенні Беларускі ПЭН і "Радыё Свабода" абвясцілі пераможцаў і лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшыя творы, напісаныя аўтарамі, якія былі зняволеныя.
Як адзначаюць арганізатары прэміі, сёлета намінантам або іх сваякам прапанавалі дзеля бяспекі захаваць ананімнасць і гарантавалі канфідэнцыяльнасць. З гэтае прычыны імёны некаторых пераможцаў і лаўрэатаў схаваныя пад псеўданімамі, не абвяшчаюць і назвы іх твораў. Прозвішчы апублічаць толькі тады, калі гэта стане бяспечным для аўтараў твораў.
Сярод іншых, пераможцам сёлетняй літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зняволены, сталў і праваабаронца Алесь Бяляцкі з "Успамінамі пра музей Максіма Багдановіча".
Палітзняволеную Алену Лазарчык у чарговы раз змясцілі ў ШІЗА
Палітзняволеную затрымалі 30 снежня 2021 года. Яе абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У Магілёве 19 верасня 2022 года актывістцы "Еўрапейскай Беларусі" прысудзілі 8 гадоў калоніі. 22 ліпеня КДБ унёс Алену ў "спіс тэрарыстаў".
Вядома, што Алена мае праблемы з зубамі, яна схуднела. Раней паведамлялася, што жанчыну змяшчалі ў калоніі ў ШІЗА.