17.11.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 чалавек — цяпер у ім 3520 прозвішчаў

17 лістапада МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі айцішніка Дзмітрыя Маставога, які нібыта наладзіў відэатрансляцыю з аэрапорта ў «Мачулішчах», журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч, сына палітыка Анатоля Лябедзькі — Арцёма Лябедзьку.

Да допіса далучаны апошні «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сына палітзняволенай Таццяны Канеўскай адправілі на суткі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

8 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля суддзя Алеся Восіпава пакарала Аляксандра Канеўскага адміністрацыйным арыштам на 15 сутак па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

У пастанове суда ў віну Аляксандру ставілася тое, што «ў мэсенджэры Telegram шляхам адпраўкі асабістага паведамлення ажыццявіў распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі ў выглядзе артыкула з супольнасцяў …, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матырялаў».

Аляксандр — сын вядомай палітзняволенай грамадскай актывісткі з Гомеля Таццяны Канеўскай, якая ўжо трэці год знаходзіцца за кратамі.

Гомельскага грамадскага актывіста Васілія Палякова асудзілі паўторна — ён абвясціў галадоўку

Васіль Палякоў у судзе
Васіль Палякоў у судзе "па "справе прафсаюзаў". Фота: ПЦ "Вясна".

3ноў суд прызначыў яму 15 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Арышт Васіль адбывае ў ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі.

Вядома, што актывіст абвясціў галадоўку на знак пратэсту супраць беспадстаўнага палітычнага пераследу.

Нагадем, 3 лістапада суд прызначыў яму 15 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» — пасля адбыцця арышту на свабоду Васіля не выпусцілі.

Крыніца: "Суткі", папаўненне спісу "экстрэмістаў": хроніка пераследу 17 лістапада