19.11.2023 Тэгі: палітвязні, пераслед, затрыманні, улады У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18-19 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволенага Рыгора Кастусёва змясцілі ў ПКТ
Экс-лідар Партыі БНФ, асуджаны на 10 гадоў зняволення палітвязень Рыгор Кастусёў змешчаны ў памяшканне камернага тыпу, паведаміў у фэйсбуку Дзмітрый Антончык.
"Пацвердзілася інфармацыя. Рыгор Кастусёў змешчаны ў ПКТ(((( Хутчэй за ўсё 11 лістапада", – напісаў ён.
Рыгору Кастусёву зараз 66 гадоў. Яго затрымалі 12 красавіка 2021 года па "справе аб захопе ўлады" разам з Аляксандрам Фядутам і Юрасём Зянковічам.
Ксяндза Генрыха Акалатовіча магчыма затрымалі па крымінальнай справе
Пра затрыманне пробашча касцёла св. Юзафа ў Валожыне Генрыха Акалатовіча стала вядома 17 лістапада.
Крыніцы "Хрысціянскай візіі" сцвярджаюць, што затрыманне адбывалася ў межах крымінальнай справы па ч.1 арт. 356 КК РБ «Здрада дзяржаве». Санкцыя па дадзеным артыкуле прадугледжвае ад сямі да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.
Занепакоенасць выклікае стан здароўя ксяндза Генрыха Акалатовіча — святару пад 70 гадоў, ён перанёс інфаркт і нядаўна яму была зроблена аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем, ён мае патрэбу ў медыцынскім назіранні і пастаянным прыёме лекаў.
Затрыманы жыхар Серабранкі — яму пагражае крымінальная справа
Губазікаўцы сцвярджаюць, што яго імя - Павел Калеснік, а затрымалі нібыта за дробны крадзеж, але ў тэлефоне адшукалі фота з беларускім нацыянальным сцягам і адно фота з удзелу ў пратэстах, піша "Наша Ніва".
Мазырскага праваабаронцу Уладзіміра Цялепуна адпусцілі з ІЧУ
Вызваленне стала такім жа нечаканым, як і затрыманне. Пра гэта паведаміла праваабаронцам крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
Ад моманту затрымання прайшло акурат трое содняў і Уладзіміра Целяпуна выпусцілі без суду. Пра гэта паведамляе "Гомельская вясна”.
Такім чынам можна зрабіць выснову, што мазырскія ўлады зрабілі ўсё, каб мужчына не змог патрапіць на прыём да старшыні Канстытуцыйнага Cуду, на які быў дамоўлены.
Нагадаем, Уладзіміра Целяпуна затрымалі 15 лістапада. На наступны дзень стала вядома, што праваабаронца знаходзіцца ў ІЧУ.
Крыніца: Рыгор Кастусёў у ПКТ, вядомы ксёнз – затрыманы: хроніка пераследу 18-19 лістапада