20.11.2023 Тэгі: палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітвязня Аляксандра Францкевіча змясцілі ў ПКТ. Ён чакае перавод у іншую калонію

Аляксандр Францкевіч. Радыё Свабода
Аляксандр Францкевіч. Фота: Радыё Свабода

Аляксандр — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы "Рэвалюцыйнага дзеяння", асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі ў сярэдзіне сакавіка ў івацэвіцкую калонію № 5. Нядаўна стала вядома, што гэту калонію закрываюць — замест яе плануюць адкрыць лячэбна-працоўны прафілакторый. Таму цяпер палітвязень чакае перавод у іншую ўстанову.

Па інфармацыі праваабаронцаў, з верасня Аляксандра змясцілі ў ПКТ на паўгода. Акрамя гэтага, агулам палітвязня ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары 160 сутак.

Падтрымайце палітвязня лістамі і тэлеграмамі: ПК № 5, 225293, Івацэвічы, Дзяржынскага, 1, Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч

Палітзняволены Павел Вінаградаў паўгода прасядзеў у ШІЗА

Павел Вінаградаў
Павел Вінаградаў. Фота: Радыё Свабода

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Святлана ў Facebook.

"Апошнія амаль 6 месяцаў з 7 правёў у ШІЗА з дробнымі перапынкамі. Цяпер атрымаў 2 месяцы ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Свядомасць ясная, малады, прыгожы, разумны – гэта мне павукі ў ШІЗА нашапталі. Гэта строгі рэжым, тут не пякуць бульбу, тут пякуць людзей".

Паўла затрымалі 22 снежня 2021 года ў прыватным доме ў Беразіно. Палітвязня абвінавацілі па арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп на Лукашэнку) і арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і асудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Падтрымайце Паўла: ПК № 11. 231900, Ваўкавыск, Ракасоўскага, 118, Павел Юр'евіч Вінаградаў

ГУБАЗіК працягвае пераслед родных "каліноўцаў"

backa-paula-kukhty.jpg
Бацька "каліноўца" Паўла Кухты

Сілавікі прымусілі бацьку прадстаўніка Палка Каліноўскага Паўла Кухты запісаць зварот да сына з просьбай вярнуцца ў Беларусь і "адсядзець столькі, колькі трэба". Адпаведнае відэа зхявілася ў праўладным тг-канале 20 лістапада. 

Крыніца: Пераслед сваякоў "каліноўцаў", ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 20 лістапада