20.11.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч вынесены прысуд індывідуальнай прадпрымальніцы Вользе Казлоўскай, абвінавачанай у абразе Аляксандра Лукашэнкі, спалучанай з абвінавачаннем у асабліва цяжкім злачынстве паводле ч. 2 арт 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Іна Паўлоўская.
Па матэрыялах абвінавачання, пасля прагляду фотавыявы, размешчанай у публічным доступе ў “Аднакласніках” з замацаваным тэкстам, дзе ў непрыстойнай форме быў зняважаны гонар і годнасць асобы Лукашэнкі і змешчана абвінавачванне яго ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства (забойства), Казлоўская размясціла фотавыяву на сваёй старонцы ў гэтай жа сацыяльнай сетцы, адкрытай для вольнага прагляду і капіявання неабмежаванаму колу чытачоў.
У судзе Вольга паведаміла, што накіравала ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім прынесла яму свае прабачэнні.
Суд, які адбыўся яшчэ 23 жніўня 2023 года, прызначыў жанчыне пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства, канфіскаваны у даход дзяржавы.
Крыніца: У Баранавічах асудзілі жанчыну, якая абразіла Лукашэнку і абвінаваціла яго ў забойстве