21.11.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя Да чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь асудзілі жыхара Мінска, прамоўтара Уладзіслава Мураўскага па шэрагу пратэсных артыкулаў. Справа разглядалася ў судзе Ленінскага раёна Мінск з 31 кастрычніка па 2 лістапада. Судовы працэс вяла суддзя Юлія Шчоткіна.
Мураўскага абвінавацілі ў абразах прадстаўнікоў ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК), пагрозам гвалту ў дачыненні да суддзі (арт. 389 КК) і публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).
Па матэрыялах абвінавачання Уладзіслаў Мураўскі, неаднаразова публічна абражаў прадстаўнікоў улады ў тэлеграм-каналах і чатах (“Каратели Беларуси”, “Чат-Партизан”, “Мая краіна Беларусь”), а таксама разгалошваў іх асабістыя дадзеныя.
Сярод пацярпелых – участковы інспектар міліцыі УУС адміністрацыі Заводскага раёна Мінска, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы, следчы раённага аддзела СК па Заводскім раёне, камандзір АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, начальнік аператыўна-пошукавага аддзела ГУУС, а таксама тройчы – Аляксандр Лукашэнка.
Абвінавачаны таксама выказваў пагрозы гвалтам ў дачыненні да суддзі Фрунзенскага раёна Мінска. Па гэтым эпізодзе, у ходзе судовага працэсу, першапачатковае абвінавачанне па ч. 1 арт. 366 КК (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі) было перакваліфікавана на пагрозы гвалту ў дачыненні да суддзі (арт. 389 КК).
Дапытаны ў судовым пасяджэнні абвінавачаны Мураўскі не прызнаў сябе вінаватым, спаслаўшыся, што нічога не памятае з нагоды дачы ім паказанняў і размешчаных у інтэрнэце каментароў у сувязі з наяўным у яго псіхічным захворваннем у форме змешанага расстройства асобы, пасля чаго адмовіўся даваць якія-небудзь тлумачэнні.
Ягоная маці ў судзе паведаміла, што ў сына маецца псіхічнае захворванне – змяшанае расстройства асобы. Аднак заключэнне эксперта абвяргае наяўнасць ўплыву псіхічнага захворвання на магчымасць запамінаць падзеі і інфармацыю.
Суд прызначыў Мураўскаму пакаранне ў выглядзе:
абмежавання волі на тэрмін тры гады са штрафам у даход дзяржавы ў памеры 100 базавых велічынь на падставе арт. 369 КК;
абмежавання волі на тэрмін два гады на падставе арт. 389 КК;
абмежавання волі на тэрмін 3 гады 6 месяцаў на падставе чю 1 арт. 368 КК.
Шляхам частковага складання асноўных пакаранняў канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін чатыры гады са штрафам у памеры 100 базавых велічынь на суму 3 700 рублёў.
Крыніца: Чатыры гады "хіміі" і 100 базавых велічынь штрафу: мінчуку вынесены прысуд за шматлікія абразы