22.11.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, заявы, рэпрэсіі, дыфамацыя Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

22 лістапада 2023г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў  чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.),  адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А.Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў:

Андрэй Міндубаеў асуджаны за паклёп на А. Лукашэнку і абразу А. Лукашэнкі паводле арт. 367 і 368 КК да двух гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Алег Волкаў і Вадзім Барысаў асуджаныя за знявагу дзяржаўных сімвалаў паводле арт. 370 КК да аднаго году пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі кожны;

Алег Сіліч змешчаны пад варту за паклёп на А. Лукашэнку і абразу А. Лукашэнка і службовай асобы паводле арт. 367, 368, 369 КК;

Герман Лебядзеў змешчаны пад варту за абразу А.Лукашэнкі паводле арт. 368 КК;

Яўген Гоманаў асуджаны паводле арт. 369 за абразу прадстаўніка да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны ў папраўчую ўстанову;

Канстанцін Саламіюк змешчаны пад варту за абразу службовай асобы паводле арт. 369 КК;

Аляксандр Брэзін асуджаны за абразу А. Лукашэнкі паводле арт. 368 КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Валерый Яроцкі судом накіраваны на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў бальніцу са звычайным наглядам за паклёп на супрацоўніка пракуратуры і А. Лукашэнку;

Сцяпан Задойка асуджаны за абразу А. Лукашэнкі і службовых асоб, здзек з дзяржаўных сімвалаў, пагрозу ў дачыненні да службовай асобы ў каментарах паводле ч. 2 арт. 368, 369, 370, 366 КК да пяці гадоў и 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Анатолі Зелепуга асуджаны паводле арт. 369 за абразу прадстаўніка да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны ў папраўчую ўстанову;

Ірына Сапрыгіна змешчана пад варту за абразу А. Лукашэнкі паводле арт. 368 КК;

Вольга Казлоўская асуджана за абразу А.Лукашэнкі паводле арт. 368 КК да 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна вызваліць палітвязняў Андрэя Міндубаева, Алега Волкава, Вадзіма Барысава, Алега Сіліча, Германа Лебядзева, Яўгена Гоманава, Канстанціна Саламіюка, Аляксандра Брэзіна, Валерыя Яроцкага, Сцяпана Задойку, Анатоля Зелепугу, Вольгу Казлоўскую, Ірыну Сапрыгіну і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх;
  • прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 361, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Прававая iнiцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Lawtrend.

Крыніца: Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні 13 новых палітвязняў