22.11.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Экс-палітзняволеную Ірыну Паляніну арыштавалі на 7 сутак за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”
Па інфармацыі “Медыязоны”, 17 лістапада ў судзе Пастаўскага раёна над былой палітзняволенай з Паставаў Ірынай Палянінай адбыўся суд паводле арт. 19.11 КаАП. Яе арыштавалі на 7 сутак за рэпосты з “Белсату”, “Хартыі-97”, “Nexta” і “Рэальнай Беларусі”.
Нагадаем, Ірыну 8 лістапада выклікалі па позве ў мясцовы РАУС, пасля чаго на волю яна так і не выйшла. 13 лістапада ў судзе Пастаўскага раёна суддзя Наталля Жукава разглядзела справу былой палітзняволенай аб падаўжэнні прэвентыўнага нагляду. Вынікам стала працягненне яго на два гады.
Затрыманая выкладчыца Інстытута бізнэса БДУ Святлана Яскевіч
У “пакаяльным" відэа яна распавядае, што “размяшчала ў сацсетках пратэсную сімволіку, абмяркоўвала ў дваравых чатах магчымасць удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах”.
Праўладныя каналы паведамілі, што Святлану затрымалі пасля скаргаў у бот.
Святлана Яскевіч — магістарка педадагічных навук, працуе ў Інстытуце бізнеса з 2006 году.
У Брэсце затрымалі мужчыну за інтэрнэт-каментары
У “пакаяльным відэа” затрыманы прадстаўляецца Сяргеем Вальевічам.Ён кажа, што быў падпісаны на “экстрэмісцкія” рэсурсы, а таксама пакінуў у Telegram больш за 1000 каментароў. У апісанні пад відэа паведамляецца, што мужчыну змясцілі ў ІЧУ.
Крыніца: Затрыманні, "суткі" былой палітзняволенай: хроніка палітычнага пераследу 22 лістапада