23.11.2023 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманне святароў працягваецца
22 лістапада стала вядома пра затрыманне ксяндза Вячаслава Пялінака. Святару 48 гадоў, у святарстве 21 год. Ён з'яўляецца святаром Віцебскай дыяцэзіі, але цяпер служыць у парафіі Узвышэння Св. Крыжа ў Брэсце, піша «Хрысціянская візія».
Паводле інфармацыі вернікаў парафіі, дзе служыць ксёндз Вячаслаў Пялінак, ён быў затрыманы пасля ранішняга набажэнства, ягоныя тэлефон і ноўтбук былі адабраныя сілавікамі.
Прычыны затрымання святара невядомыя, паведамляе "Наша Ніва".
Ксёндз Вячаслаў Пялінак быў першым асабістым сакратаром апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці.
На Іллю Міронава завялі яшчэ адну крымінальную справу
Пра гэта на сваёй Facebook-старонцы распавяла маці Іллі Валянціна Міронава.
"Добры вечар, сябры. Мяне пачалі наведваць яшчэ актыўней, а ўчора выклікалі ў РАУС. Там зноў давялося сутыкнуцца з супрацоўнікам, якому, мне здаецца, пазайздросціць любы шавец... А цяпер пра сур'ёзнае. Заўтра мяне выклікаюць у СК у якасці сведкі. На Іллю завялі новую крымінальную справу. Не бяруся публікаваць артыкулы, паколькі дакладнай інфармацыяй не валодаю" – напісала жанчына.
Нагадаем, пасля года крымінальнага пераследу ў СІЗА і суду па так званай «справе Зельцара», вынікам якога стаў прысуд у выглядзе года пазбаўлення волі, Ілля Міронаў пастанавіў зʼехаць за мяжу.
Чарговы хапун у Гомелі
Сілавікі затрымалі мінімум 6 чалавек за інтэрнэт-каментары і падпіскі ў сацсетках на "экстрэмісцкія" старонкі.
"Пакаяльнае" відэа з імі з'явілася ў праўладным тг-канале.
Крыніца: Чарговы хапун у Гомелі, рэпрэсіі супраць святароў: хроніка пераследу 23 лістапада