23.11.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, ціск, рэпрэсіі 43-гадовага аўтара Youtube-канала "MozgON" Уладзіміра Цыгановіча толькі тры месяцы таму перавялі ў новую калонію пасля апошняга прысуду. За гэты час адміністрацыя ваўкавыскай калоніі № 11 ініцыявала ўзбуджэнне другой запар крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Цяпер палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады зняволення да 16 гадоў пазбаўлення волі. Судзіць Уладзіміра пачнуць ужо 30 лістапада ў Ваўкавыску.
Уладзімір — блогер, аўтар youtube-канала MozgON. У зняволенні палітвязень знаходзіцца ўжо больш за тры гады — яго затрымалі 9 чэрвеня 2020 года. Спачатку яго двойчы пакаралі "суткамі" паводле адміністрацыйных справаў, а потым перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.
Цыгановіча абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў) і ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). 14 снежня 2021 Уладзіміра асудзілі па "справе Ціханоўскага" да 15 гадоў калоніі.
Ад 14 да 18 гадоў калоніі. Вынесены прысуды па "справе Ціханоўскага"
Спачатку палітвязня накіравалі адбываць тэрмін у віцебскую калонію № 3, але праз паўгады Уладзіміру ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады.
Але на гэтым ціск на палітвязня не скончыўся. Вясной 2023-га года супраць Уладзіміра ўзбудзілі крымінальную справу за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы" (ч. 2 арт. 411 КК).
Справу пачалі разглядаць 7 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. На другім пасяджэнні, 10 красавіка, суддзя Таццяна Касцюк агучыла прысуд палітвязню — адзін год калоніі ў дадатак да 15 гадоў зняволення.
Цяпер стала вядома, што ў судзе Ваўкавыскага раёну 30 лістапада пачнуць разглядаць чарговую справу супраць палітвязня паводле арт. 411 КК. Справу будзе весці суддзя Мікалай Сяргейка.
Падтрымайце Уладзіміра паштоўкамі, лістамі і тэлеграмамі:
ПК №11, 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118
Уладзімір Уладзіміравіч Цыгановіч
Беларусы на "крытай": як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях