23.11.2023 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, прымусовая праца Былы палітвязень Віктар Акцістаў быў асуджаны на 2,5 гады калоніі паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПа 10 жніўня 2020 года. Сваё пакаранне ён адбываў у магілёўскай папраўчай калоніі № 15, а вызваліўся 31 снежня 2022 года — перад Новым годам. Віктар распавёў "Вясне" пра тое, як працаваў на вытворчасці дранкі ў калоніі, якую неўзабаве закрылі праз санкцыі; як разбіраў велізарнае кола БЕЛАЗа, пра бессэнсоўныя парушэнні, а таксама пра тое, як гэта, мець статус палітвязня ў калоніі.
Два новыя гады
Асудзілі Віктара таксама перад Новым годам — 30 снежня 2020 года. Пасля чаго хлопца вярнулі ў яго камеру на Валадарцы:
"Вярнуўся я ў прыгнечаным настроі. Я быў гатовы да таго, што можа быць два варыянты: альбо мне дадуць пазбаўленне, альбо не, але ўсё роўна ў глыбіні душы я спадзяваўся, што ўсё ж пашкадуюць, усё ж такі скасцяць... Але не. Рэальнасць аказалася суровай. Усе мае сукамернікі чакалі, што я не прыеду — яны таксама спадзяваліся, што мяне адпусцяць. На Новы год былі цяжкія думкі, атмасферы навагодняй не было ніякай, ні настрою, ні ўпрыгожванняў — наогул нічога. Магчыма, гэта быў горшы Новы год у маім жыцці".
Пасля гэтага Віктар трапіў у магілёўскую папраўчую калонію № 15. Адкуль вызваліўся таксама перад Новым годам — 31 снежня 2022 года.
"Так, другі такі падарунак мне зрабілі. У гэты раз, вядома, яшчэ за дзень да вызвалення ўсвядоміў, што мяне чакае: тое, чаго я быў пазбаўлены ўсе гэтыя гады, столькі магчымасцяў, столькі правоў, якія ў мяне ў прынцыпе павінны быць ад прыроды, але якіх мяне пазбавілі. Столькі хацелася зрабіць, пачаць ужо займацца нейкай дзейнасцю. На жаль, калі я вярнуўся, давялося яшчэ сядзець пару тыдняў у чаканні візы ў Літву проста дома, нічога не робячы — гэта было катаваннем, вядома. Новы год я бавіў, разбіраючы тыя рэчы, якія сваякі (мая сям'я: мама, сястра) куплялі для мяне ў якасці перадачак, але не змаглі па нейкіх прычынах перадаць. Разбіраў іх, укладваў, збіраў іх для ад'езду. Думаў пра тое, як станавіцца на ўлік, у які перыяд гэта зрабіць. Увогуле, быў у такіх дробных клопатах. Не цярпелася ўжо пераехаць. Таму што воля да дзеяння была моцнай. Я ўжо налайдачыўся, так скажам".
Цяпер Віктар працуе ў літоўскай кампаніі, што займаецца дарожнымі працамі: кладка асфальту, замена люкаў, плітка. Хлопец прайшоў працэдуру атрымання статусу бежанца ў Літоўскай Рэспубліцы.
Далей — пра тое, як Віктар утрымліваўся ў калоніі.
Парушэнні — "Мы не разумелі, што мы павінны рабіць"
"Самым цяжкім было няведанне таго, за што нас караюць, — кажа былы палітвязень. — Я маю на ўвазе не ў прынцыпе тэрмін у калоніі, а нашы парушэнні і рапарты на пакаранні: няголенасць, няправільна зашпіленая форма ды іншыя прыдзіркі. Ясная справа, што гэта прыдзіркі. Фармальная прычына ёсць — але хацелася даведацца ўвесь час рэальную. Што ў гэты раз мы не так зрабілі? Таму што часам нас не чапалі, а часам выпісвалі парушэнні без перабою. Было незразумела, і гэта вельмі забівала. Ты не ведаеш, за што цябе караюць. Былі яшчэ выпадкі, калі нашых сяброў (таварышаў палітычных) садзілі ў ШІЗА, і нам ніхто не казаў, за што. Часам мы даведваліся фармальную прычыну і колькасць дзён, на колькі іх пасадзілі, але ўсё адно і так мы разумелі, што за гэтым нешта стаіць: хтосьці на іх данёс альбо каму-небудзь з супрацоўнікаў нешта канкрэтна не спадабалася, але нам гэтага, зноў жа, не казалі. Мы не хацелі рабіць таго, што прывядзе да парушэнняў, але мы не разумелі, што мы павінны рабіць".
Першае парушэнне было адразу ж пасля прыезду палітвязня ў калонію.
"Як толькі я трапіў у каранцін, спачатку нас завялі на склад, далі рэчы, неабходныя прадметы гігіены мінімальныя. Мы вярнуліся ў каранцін, я нават не паспеў завязаць матузкі на выдадзеных чаравіках, як загадчык гаспадаркі каранціну сказаў зайсці да начальніка атраду каранціна Каткевіча. Я быў апрануты не па форме — але я не паспеў яшчэ нічога надзець, аднак ён склаў на мяне рапарт: "Табе за гэта будзе сем сутак ШІЗА". Так у першы ж дзень калоніі я паехаў у ШІЗА, адседзеў там сем сутак.
У апошні дзень у ШІЗА мяне зноў прывялі да начальніка — і склалі рапарт за пыл на паліцы. Пакаранне — пазбаўленне перадачы".
А вось якія парушэнні яшчэ былі ў Віктара:
"Адзін з супрацоўнікаў калоніі падчас праверак (гэта было зімой) сказаў мне расшпіліць целагрэйку — я быў па форме. Тады ён вырашыў праверыць няголенасць — знайшоў нейкі пушок пад вушамі на бакенбардах пад скронямі і вырашыў выпісаць за гэта парушэнне.Следам за гэтым было такое парушэнне: начальнік прамзоны наўмысна заўважыў летам расшпілены гузік, хоць там усе ішлі расшпіленыя. Наступны раз парушэнне было амаль праз год — гэта значыць я амаль зняў "злоснага парушальніка", якога мне павесілі праз некалькі парушэнняў, але на пятым атрадзе, куды мяне перавялі пазней, іншы начальнік атраду, Яўген Воранаў, выявіў у мяне пад целагрэйкай уцепленую х/б куртку — а ўцепленыя рэчы забароненыя.
Потым яшчэ мяне пазбавілі перадачы, але я не памятаю, за што гэта было".
Віктар атрымаў статус "злоснага парушальніка".
"Злосны парушальнік" і палітычныя зняволеныя
"Ва ўсіх палітычных усё роўна будуць парушэнні, — перакананы Віктар. — Падчас майго адбыцця былі чуткі аб амністыі. Яна сапраўды была, але палітычных ніяк не зачапіла. Я так разумею, улады перастрахаваліся, вырашылі ўсіх палітычных, усім, у каго не было яшчэ "злосніка", яго павесіць, а для гэтага патрэбныя былі парушэнні. Накшталт як ёсць указанне — гэта маё меркаванне — выпісваць ім парушэнні пастаянна. Як мінімум адно ў год, каб падтрымліваць статус "злосніка", каб да яго не ўжываліся амністыі, каб было дзве базавых велічыні на атаварку ў краму замест пяці.
Яшчэ ў нас пабудавалі невялікі спартзалу ў клубе, але калі мы (палітычныя) спрабавалі туды запісацца, нам сказалі, што нельга.
А яшчэ пяць разоў на месяц былі званкі сваякам, але толькі палітычныя павінны былі тэлефанаваць у прысутнасці аператыўніка. Праз гэта было шмат праблем, бывала так, што аператыўніка не было, і нам даводзілася ў другі дзень тэлефанаваць".
Ва ўсіх палітычных былі жоўтыя біркі. У астатніх жа — белыя. У калоніі Віктара паставілі на прафулік як "схільнага да экстрэмізму ды іншай дэструктыўнай дзейнасці".
На што гэта паўплывала?
"Гэтыя прафулікі даюць ведаць супрацоўнікам, што нам трэба павышаная ўвага", — адказвае Віктар.
Ці ўплывае тое, што праваабаронцы прызналі чалавека палітвязнем, на яго будні ў калоніі?
"На яго будні ў калоніі ўплывае, перш за ўсё тое, ці лічыць улада яго палітычным ці не. Чалавек можа не быць у спісе палітвязняў, але пры гэтым да яго будуць ужытыя абмежаванні, уласцівыя палітычным, альбо наадварот. Так што тут важней, як супрацоўнікі міліцыі і суды інтэрпрэтуюць сітуацыю яго так званага злачынства", — кажа Віктар.
Прымусовая праца ў калоніі
У калоніі Віктар займаўся трыма рознымі відамі дзейнасці:
"Спачатку была вытворчасць дранкі — у сетках-мяшочках прадаюць такія трэскі ў якасці паліва. Кажуць, што іх на запраўках нібыта прадавалі. Казалі таксама, што, калі мы гэтым займаліся, іх у Еўропу прадавалі і зараблялі на гэтым вялікія грошы, але потым пасля пачатку вайны ва Украіне з санкцыямі мы пачалі іншым займацца. Шчыпаў не засталося наагул".
Як выглядала гэта вытворчасць?
"Было некалькі этапаў: спачатку дрэва завозілі на касеты, у касетах (іх зараджалі туды) пілавалі бензапілой на такія вялікія бярвёны, потым адвозілі грузчыкі ў вазку ў цэх, там падымалі ў жалезных бачках (не ўсе яны былі абсталяваныя ручкамі зручнымі, у некаторых бляшаных баках былі проста выразаныя дзіркі), цягнулі наверх на другі паверх, там высыпалі на стол (там былі сталы з прымацаванымі лёзамі, якія тырчаць уверх, і малаткі). Кольшчыкі ставілі бервяно на лязо, стукалі малатком па бярвенчыку — яно расколвалася, пакуль не заставаліся невялікія трэскі. Гэтыя дзеравякі зборшчыкі збіралі ў мяшкі. Я гэта і рабіў", — успамінае Віктар.
Потым майстар прамзоны ўсіх палітычных, у якіх не было медыцынскіх супрацьпаказанняў, перавёў на працу грузчыкамі.
Калі вытворчасці дранкі скончылася, Віктара ды іншых перавялі "на алюміній":
"У вазку прывозілі кучу правадоў, кабеляў рознай таўшчыні, там быў не толькі алюміній, былі і медныя. Падымалі ў цэх мы іх самі, там ужо не было паэтапна, як на шыпах, — кожны выконваў усю працу, ад прывозкі да разбірання сам. Мы іх цягнулі на другі паверх, там прывязвалі за канец да рэйкі са загваздкамі і чысцілі нажамі. Нажы такія, выразаныя з кавалка металу, без ручкі. Чысцілі ад гумы правады і кабелі, алюміній завязвалі ў купку, медзь асобна, у канцы дня здавалі".
Потым, ужо бліжэй да канца тэрміну зняволення Віктара, яго і некалькіх іншых палітычных адправілі разбіраць кола БЕЛАЗа. Яно — два метры ў дыяметры.
"Гэта быў праект, навязаны начальнікам прамзоны Купцовым — гэта былы палкоўнік, ён хадзіў увесь час у грамадзянскай форме, пад ім быў майстар Ганзюк. Там наогул было два майстры-браты: старэйшы на трэсках, і малодшы на метале (гэта значыць алюміній). І вось ён даручыў братам заняцца гэтым праектам: разабраць кола з мінімальнымі, так бы мовіць, выдаткамі, (без інструментаў пажадана), каб потым гуму прадаць. Мы павінны былі дастаць з яго металічны корд. І мы з гэтым разбіраліся, можа, месяц-два, мучыліся, распрацоўвалі тэхналогію выкрыцця. Працавалі на вуліцы. Пад канец яго перацягнулі ўсё ж такі ў цэх, пасля пачатку халадоў. У выніку разабралі".
На такіх вытворчасцях заробак у Віктара быў максімум тры беларускія рублі на месяц.
Шлях на свабоду
"Я вызваляўся з медыцынскай часткі. Мне не нашкодзілі, проста з аператыўных меркаванняў мне не далі развітацца з іншымі палітычнымі ў атрадзе. Апошні тыдзень я правёў там.
Калі падпісалі ўсе неабходныя паперы, мне далі тры рублі на дарогу, выдалі грошы, якія ў мяне былі на рахунку і якія я зарабіў — там 20-40 рублёў за два гады. І я выйшаў за зону. Я сказаў па звычцы рэжымніку, які мяне суправаджаў: "Да пабачэння", а ён адказаў: "Бывай".
А на волі мяне сустрэлі сваякі".
Крыніца: Экс-палітвязень Віктар Акцістаў: "Самым цяжкім было няведанне таго, за што нас караюць"