24.11.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Магілёўскі абласны суд. Магілёўскі абласны суд 22 лістапада разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Бараноўскага, абвінавачанага ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-2 КК) і ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце (ч. 2 арт. 361-2 КК).

Справу ў закрытым судовым пасяджэнні разглядала суддзя Ірына Цяплова.

Падрабязнай інфармацыі пра сутнасць справы і асобу Бараноўкага пакуль няма.

Па матэрыялах абвінавачання, 38-гадовы Аляксандр Бараноўскі нібыта прадастаўляў грашовыя сродкі для забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама для фінансаванне дзейнасці па выкарыстанні грамадзян Рэспублікі Беларусь для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні і ваенных дзеяннях.

У студзені 2022 года, знаходзячыся па месцы жыхарства ў Магілёве і маючы адкрыты на сваё імя разліковы рахунак у банку, з выкарыстаннем мабільнага тэлефона і наладжанай на ім электроннай плацежнай сістэмай пералічыў грошы ў безнаяўнай форме для забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці групы грамадзян, прызнанай экстрэмісцкім фармаваннем.

Ён жа ў красавіку 2022 года аналагічным спосабам для фінансавання дзейнасці групы грамадзян, якія ўдзельнічаюць у адным з узброеных фармаванняў на тэрыторыі Украіны пералічыў грошы на іх банкаўскі рахунак.

Суд прызначыў Бараноўскаму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін пяць гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Крыніца: Пяць год калоніі прысудзілі жыхару Магілёва за фінансаванне дзейнасці беларускіх дабраахвотнікаў