30.11.2023 Тэгі: культура, рэпрэсіі Праваабарончы цэнтр "Вясна" запрашае 7-ага снежня на прагляд фільма "Беларусь 23. 34" і дыскусію з яго рэжысёркай Таняй Свірэпай ў Вільні ў "Беларускім доме". Фільм перамог на фестывалі "Бульбамуві" 2023 года.
"Падыходзяць, кажуць: "Ты чаму ў масцы?" Я кажу: "Каронавірус" — яны: "Ну ўсё, ты наш!"... скруцілі і павялі ў бус".
Гэта толькі адна з гісторый беларуса, які сутыкнуўся з рэпрэсіямі. 30 смелых людзей распавялі ў фільме, як перажылі затрыманні і катаванні ў жніўні-снежні 2020, як яны сябе адчуваюць, і што на іх погляд памянялася ў беларускім грамадстве. У фільме паказаны шлях затрыманага на акцыі пратэсту ў Беларусі: марш і затрыманне, паездка ў аўтазаку, рэгістрацыя ў аддзяленні міліцыі, суд, турма, вызваленне і асэнсаванне перажытага.
"Не верылася, што беларускае грамадства можа так, і што ёсць столькі людзей і столькі актыўнасці — гэта было вельмі нечакана прыемна".
"Тое, што зрабілі летам нашы людзі, годна дзікага захаплення. Мне захацелася проста вітацца са значна большай колькасцю людзей і бачыць у іх сапраўды вельмі годных і добрых людзей і асоб", — кажуць пра пратэст удзельнікі фільма.
Як ствараўся фільм "Беларусь 23. 34", "Вясне" распавяла рэжысёрка Таццяна Свірэпа:
"Я падумала, што лепш за ўсё адлюстроўвае людзей, якія перажылі катаванні, гэта проста іх досвед, проста іх эмоцыі на чорным фоне. Я абапіралася на фільм Яна Артуса-Бертрана "Чалавек", дакладней я хацела зрабіць проста "гаваркія галовы" са змешваннем з хронікай падзей. Ці на Кшыштафа Кісьлёўскага, ягоны фільм так і называецца — "Гаваркія галовы". Такі метад апавядання не новы, хоць ён і не вельмі папулярны. Толькі ў мяне была ідэя не толькі, каб людзі казалі, а каб яны распавядалі адну гісторыю. І гэтыя галасы зліліся ў адзін хор, каб паказаць, што затрыманых людзей Беларусі шмат, яны розныя, і ў іх адна траўма. І галоўная тэма гэтага кіно — траўма і катаванне. І таму я старалася выбраць людзей вельмі розных: там ёсць і 19-гадовы хлопец, і 69-гадовая пенсіянерка, гэтыя людзі розных прафесіяў, ёсць там дзяўчына з інваліднасцю, там ёсць хлопец бісексуал — мне было важна паказаць з усіх бакоў, каб казалі прадстаўнікі розных сацыяльных груп".
- Таня Свірэпа распавядае пра свой фільм падчас цырымоніі ўзнагароджання "Бульбамуві" ў кінатэатры Iluzion. Фота: Reform.by.
Таня Свірэпа згодна з тым, што фільм варта паглядзець, каб не забываць, што адбылося.
"Гісторыя, каб не паўтараць памылак у будучыні або памятаць, што яны ёсць. Бо калі ты памятаеш, ты стараешся іх не здзяйсняць.
Гэты фільм карысна паказваць замежнікам, таму што часта ніхто не ведае, што адбылося ў Беларусі, і гэта вельмі цікава: калі я паказвала ў Амстэрдаме і Франкфурце-на-Одэры, то людзі сапраўды задаюць пытанні ад самых асноваў, нават не ведаюць, хто такая Ціханоўская. І я распавядала міні-гісторыю пра гэта. Мне здаецца, гэты фільм у Вільні важна паглядзець не толькі беларусам, але і літоўцам".
Фільм — на рускай і беларускай мовах з англійскімі субтытрамі. Хранаметраж — 65 хвілін. Пасля прагляду будзе дыскусія з рэжысёркай Таняй Свірэпай.
Папярэджанне: у фільме ёсць кадры гвалту.
Адрас: Вільня, Vilniaus gatve, 20 (Беларускі дом).Час: 7 снежня ў 18:30 — адчыненыя дзверы, 19:00 — пачатак паказу.
Крыніца: "Беларусь 23. 34". Запрашаем на прагляд фільма і дыскусію з рэжысёркай