04.12.2023 Тэгі: грамадства, пераслед, рэпрэсіі Наступ беларускіх сілавікоў на сябраў “Каардынацыйнай рады” па сваім масштабе нагадвае падзеі 2021 года. Пачынаючы з 28 лістапада ў краіне прайшло больш за сто ператрусаў па месцы жыхарства і рэгістрацыі яе ўдзельнікаў, была ўзбуджаная крымінальная справа.
Раніцай 28 лістапада праваабаронцы “Вясны” сталі фіксаваць інфармацыю пра масавыя ператрусы ў Мінску і іншых гарадах. Пра пераслед людзей, звязаных з Каардынацыйнай радай, паведамлялі і праўладныя тэлеграм-каналы — яны назвалі гэта "папярэднім этапам падрыхтоўкі да выбараў у "Каардынацыйную раду".
У чым абвінавачваюць асноўны на сёння прадстаўнічы орган беларускага грамадства?
Пастановы на ператрус у сябраў КС былі выдадзеныя паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
здрада дзяржаве (арт. 356 КК); • змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 КК); • заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК); • стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім (арт. 361-1); • фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-2 КК); • садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК).
Што вядома пра масштаб рэпрэсій?
Напачатку Следчы камітэт Беларусі заявіў, што ў якасці падазраваных па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду" прыцягнутыя звыш ста асоб. Гэтая лічба цягам тыдня мянялася некалькі разоў. Так, адзін з праўладных каналаў, па “справе Каардынацыйнай рады” паведаміў, што праведзена каля 200 ператрусаў па ўсёй краіне.
Але намеснік міністра ўнутраных спраў-начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч у нядзелю ў эфіры АНТ паведаміў, што па справе Каардынацыйнай рады было праведзена больш за 130 ператрусаў.
“За апошні тыдзень мы правялі больш за 130 ператрусаў і 145 накладанняў арышту на маёмасць у чальцоў так званай Каардынацыйнай рады, створанай Ціханоўскай”, — распавёў Казакевіч.
Пастановы на ператрусы былі падпісаныя пракуратурай за тыдзень да падзей
Пастановы на ператрусы па "справе Каардынацыйнай рады" падпісаў намеснік генпракурора Сяргей Хмарук.
Адзначым, што зрабіў ён гэта 20 лістапада — за 8 дзён да пачатку ператрусаў.
Хмарук — ураджэнец Украіны, які з 1994 года працуе ў сістэме органаў пракуратуры. У 2021 годзе ён быў прызначаны на пасаду намесніка генпракурора. Некалькі год працаваў у органах пракуратуры ў Оршы.
Інфармацыі праваабаронцам пакуль бракуе
Сёння праваабаронцам вядомыя толькі некалькі прозвішчаў тых, у каго прайшлі ператрусы па гэтай справе. Гэта:
- Павел Латушка;
- Сяргей Чалы;
- Юрась Губарэвіч;
- Артур Фінькевіч;
- Міхаіл Таўбе;
- Ганна Красуліна;
- Раман Кісляк;
- Роза Турарбекава;
- Павел Церашковіч.
Паведамляйце праваабаронцам пра затрыманні і ператрусы па "справе Каардынацыйнай Рады" — мы збіраем і захоўваем факты пераследу, што асабліва важна ў цяперашніх умовах. Па жаданні, ваша інфармацыя можа застацца непублічнай і не будзе апублікаваная ў адкрытых крыніцах.
Не маўчыце пра рэпрэсіі — дапамажыце паказаць свету маштаб катастрофы з правамі чалавека ў Беларусі! (@viasnainfo, @viasna_bot, @ViasnaSOS)
Крыніца: "Справа Каардынацыйнай рады" — новы напад на грамадзянскую супольнасць Беларусі