04.12.2023 Тэгі: выбары-2024 Экспертная місія па маніторынгу выбараў*2024 ажыццяўляецца Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і Праваабарончым цэнтрам «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Высновы:
Выбары*2024 у Беларусі пачынаюцца ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій; ва ўмовах фактычнай адсутнасці свабоды выказвання меркавання, мірных сходаў і асацыяцый; у атмасферы татальнага страху і ў зачышчаным палітычным полі. Пасля поствыбарчага крызісу 2020 года і канстытуцыйных зменаў 2022 года адбыліся істотныя змены ў прававым рэгуляванні выбараў. Гэтыя змены накіраваныя на зніжэнне ролі парламента, звужэнне кола ўдзельнікаў электаральных працэсаў, абмежаванне выбарчых правоў грамадзян і павышэнне кантролю ўладаў над выбарчым працэсам.
Змены ў прававым рэгуляванні выбараў у Беларусі робяць іх на практыцы несвабоднымі і несправядлівымі. На ўзроўні правапрымянення і адміністрацыйнай практыкі, працягваюцца рэпрэсіі супраць любых праяваў таго, што ўспрымаецца ўладамі як палітычныя актыўнасці, ліквідаваныя незалежныя СМІ і практычна ўсе арганізацыі грамадзянскай супольнасці, асабліва праваабарончыя. Сродкі прававой абароны, што існуюць, па-ранейшаму неэфектыўныя; адсутнічаюць гарантыі незалежнасці судоў, прадказальнасць ў правапрымяняльнай практыцы. Усё гэта ўжо дазваляе канстатаваць немагчымасць для грамадзян рэалізаваць свае выбарчыя правы.
*Для мэтаў дакументаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тэрмін "выбары*" у дачыненні да выбарчай кампаніі-2024 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, паколькі любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключаючы свабоду слова, свабоду мірных сходаў і асацыяцый, права ўдзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабоду ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Сітуацыя напярэдадні выбараў*2024. Першая справаздача кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Файлы
- spravazdacha_0412_by.pdf (0.40 Mb)