05.12.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў 35-гадовага менеджэра-эканаміста Юрыя Дабрахотава да двух год калоніі за актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з непадпарадкаваннем супрацоўнікам міліцыі (ч. 1 арт. 342 КК), а таксама за выраб, набыццё і захоўванне наркатычных рэчываў (ч. 1 арт. 328 КК). “Наркатычны” артыкул першапачаткова ў справе не фігураваў, і з’явіўся толькі падчас судовага пасяджэння.
Справу, у якой шмат нестыковак, разглядала суддзя Юлія Крэпская.
Юрыя Дабрахотава затрымалі 20 красавіка 2023 года па падазрэнні ў “дробным хуліганстве”, але абвінавачанне прад'явілі за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 года. Пасля прератрусу, праведзенага па месцы жыхарства, у кватэры нібыта знайшлі слоік з невялікай колькасцю марыхуаны.
Пад час суда Дабрахотаў не прызнаў віны па двух складах злачынства.
Ён патлумачыў, што ў верасні 2020 года пасля працы убачыў шмат людзей, якія накіроўваліся ў бок праспекта Пераможцаў. Ні з кім з іх знаёмы не быў. Людзі перасоўваліся па ходніках. Пайшоў разам з імі, увайшоў у натоўп, бо яму было цікава, што там адбываецца. З сабой у яго якой-небудзь забароненай сімволікі не мелася.
А па абставінах прад'яўленага абвінавачвання ў захоўванні наркатычных рэчываў, ён паведаміў, што 4 месяцы ў яго ў гасцях у кватэры пражываў нехта А. Калі той з’ехаў, то часова пакінуў у яго ў кватэры некаторыя рэчы, сярод якіх пазней быў знойдзены слоік з “травой”.
Пра затрыманні Юрыя збівалі супрацоўнікі міліцыі.
“Каля 9 гадзін раніцы я адчуў грукат, адкрыў ўваходныя дзверы. Там знаходзіліся нейкія людзі ў масках. Не ведаў, ці былі гэта супрацоўнікі міліцыі, бо яны нічога не растлумачылі, і адразу паклалі тварам на падлогу. Не разумеў, што адбываецца”
Пасля гэтага яму нешта казалі, але ў сувязі з праблемамі са слыхам і шокам, сэнс слоў не разумеў. Таксама яго білі, пакуль не паведаміў паролі ад усіх тэлефонаў.
Суседзі-сведкі ў судзе паказалі, што бачылі супрацоўнікаў міліцыі, якія ламіліся ў кватэру. Гэтыя паказанні нібыта падцвярджалі ў судзе віну Юрыя. Маці абвінавачанага падцвердзіла, што ў кватэры нейкі час пражываў ягоны знаёмы, а сына характарызавала станоўча.
Довады абаронцы-адваката аб парушэнні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса пры правядзенні ператрусу, суд прызнаў неабгрунтаванымі.
Суд, які завяршыўся яшчэ 10 жніўня прызнаў Дабрахотава вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і пацягнулі парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў, прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год. Таксама яго прызналі вінаватым у незаконным, без мэты збыту, захоўванні наркатычных сродкаў і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады.
Па сукупнасці злачынстваў, канчаткова прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Грошы,арыштаваныя пад час ператрусу ў памеры 2 000 даляраў ЗША, 450 Еўра, 50 рублёў, пакінутыя пад арыштам, а аўтамабіль "VOLKSWAGEN MULTIVAN" вернуты гаспадару.
20 кастрычніка адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Юрыя Дабрахотава. Мінскі абласны суд пакінуў скаргу без задавальнення.