06.12.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Маскоўскага раёна Брэста да аднаго года калоніі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі) асудзілі 30-гадовага Ігара Неміровіча. Справу за фота з "абразлівым надпісам" у Instagram разглядалі наўпрост у берасцейскім СІЗА. Пры гэтым, у пастанове суда адзначана, што працэс "праходзіў у адкрытым рэжыме". Вядома, што берасцеец вярнуўся ў Беларусь праз зварот у камісію па вяртанні, але гэта не выратавала яго ад пераследу. Прысуд вынесла Марыя Аліферук.
Першы раз Ігара Неміровіча затрымалі напачатку траўня 2022 года і адразу змясцілі пад хатні арышт, але ён збег і з'ехаў. Восенню гэтага года ён звярнуўся ў камісію па разгляду зваротаў беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, і вярнуўся дадому, але гэты факт не прызналі "безумоўнай падставай для вываду аб яго раскаянні". 27 верасня 2023 года яго зноўку затрымалі і змясцілі пад варту.
Згодна версіі абвінавачвання, 10 жніўня 2020 года Ігар Неміровіч размясціў у Instagram фота з тэкстам у у "непрыстойнай форме, прыніжаючае гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі, якое змяшчала негатыўную ацэнку і з'яўлялася абразлівым у адносінах да яго".
На працэсе Ігар віну прызнаў цалкам і распавёў, што з траўня па жнівень 2020 года ён не жыў у Беларусі. Пра падзеі, якія адбываліся на радзіме, берасцеец даведваўся са сродкаў масавай інфармацыі. "Паддаўшыся негатыўным эмоцыям ад асвятляных падзей", ён размясціў у сацыяльнай сетцы Instagram фотавыяву "абразлівага характару" ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Раней, пры допыце яго ў якасці абвінавачанага, ён адмаўляў сваё дачыненне да гэтага, "паколькі баяўся магчымага наступу крымінальнай адказнасці". Але, паводле Неміровіча, па сканчэнні пэўнага часу, ён усё пераасэнсаваў.
З матэрыялаў справы стала вядома, што выяву з Лукашэнкам міліцыянты знайшлі ў Instagram на старонцы Неміровіча 28 сакавіка 2022 года, бо тая сторыз ад 10 жніўня 2020 года была замацавана ў "актуальных". Менш чым за месяц была праведзена экспертыза, якая паказала, што ў скрыншоце гісторыі маецца "негатыўна ацэнка Лукашэнкі".
У выніку суддзя Марыя Аліферук прызначыла Ігару Неміровічу адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Падтрымайце вязня: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Ігар Міхайлавіч Неміровіч
Крыніца: Берасцеец звярнуўся ў камісію па вяртанні — яго асудзілі наўпрост у СІЗА